Пінскі кансультацыйна-дыягнастычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны можа быць зьліквідаваны ўжо ў найбліжэйшы час (Радыё Свабода)
У Пінску гэтую ўнікальную ўстанову называюць Цэнтрам Волкава — дзякуючы былому дэпутату Вярхоўнага Савету Анатолю Волкаву жыхары пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў краіны атрымалі мажлівасьць бясплатна праходзіць абсьледаваньне з дапамогаю сучаснага абсталяваньня, прывезенага сюды зь Японіі ды краінаў Эўропы. Кампутарны тамограф коштам 1 мільён даляраў яшчэ толькі мае быць дастаўлены сюды з Ватыкану.
З 1995 году цэнтар абсьледаваў больш за 150 тысяч дзяцей ва ўзросьце ад 3 да 18 гадоў, якія жывуць у Пінскім, Лунінецкім, Столінскім, Янаўскім, Драгічынскім, Ельскім, Лельчыцкім раёнах Берасьцейшчыны ды Гомельшчыны. Закрыцьцё цэнтру адбываецца пад выглядам перадачы яго ад Дзяржкамчарнобылю Міністэрству аховы здароўя. Гарадзкія ўлады матывуюць гэта тым, што абсталяваньне, пра якое мясцовыя мэдыкі могуць толькі марыць, загружана толькі напалову і паводле пазыцыі кіраўніка дзяржавы, ня трэба палохаць людзей Чарнобылем.
Сытуацыю тлумачыць стваральнік і былы кіраўнік цэнтру, а цяпер намесьнік дырэктара ў навуковай рабоце, Анатоль Волкаў: “Значыць, быў прэзыдэнт, і ён вынес такое сваё рашэньне ці меркаваньне, што тут павінен быць кансультацыйна-дыягнастычны цэнтар для дзяцей з ДЦП, у якіх пашкоджаны мозг і хрыбет. Што ж, калі мы пераарыентуемся, — гэта ня страшна. Гэта кіраўніцтва дзяржавы так хоча, і мы не павінны супраціўляцца, бо будзе кепска”.
Тыя, хто супраць ліквідацыі цэнтру, называюць і такія аргумэнты: 94% маленькіх жыхароў Лунінецкага ды Столінскага раёнаў маюць адхіленьні ў здароўі; хто будзе сачыць за імі далей ды выяўляць новых хворых, калі ня стане такой установы? Зноў жа, калі мясцоваму бюджэту давядзецца ўтрымліваць базу і штат 200 чалавек, то дзе ён возьме на гэта грошы? Гаворыць Анатоль Волкаў: “Прэзыдэнт кажа, што праблема гэтая як бы скончылася, і гэтак далей. Ну, гэта ягонае меркаваньне”.
Паводле словаў Анатоля Волкава, ён будзе супярэчыць ператварэньню магутнай установы ў шараговую паліклініку, а тым больш перадачы яе памяшканьняў вэнэралягічнаму дыспансэру пад лябараторыю.
Анатоль Волкаў спадзяецца, што кансультацыйна-дыягнастычны цэнтар усё ж пратрымаецца ў цяперашнім стане да новага году.