Журналістку бярозаўскай “Газеты для вас” Тамару Шчапёткіну прыцягнулі да адказнасьці за тое, што яна публічна агучыла інфармацыю, што старшыня ўчастковай камісіі прыцягвалася да судовай адказнасьці за парушэньні выбарчага заканадаўства
Падзея, якая пацягнула за сабой грамадзянскі зыск у адносінах да журналісткі бярозаўскай “Газеты для вас” Тамары Шчапёткінай, адбылася 23 лістапада 2003 году – падчас давыбараў у Белаазёрскі Савет дэпутатаў. На выбарчым участку Тамара Шчапёткіна ў прысутнасьці прадстаўнікоў АБСЕ, Нацыянальнага сходу, швецкага журналіста Тобіаса Люнгваля і іншых людзей сказала, што старшыня ўчастковай камісіі Ніна Пратасевіч “была судзімая судом” за парушэньні выбарчага заканадаўства, якія яна зьдзейсьніла падчас выбараў у мясцовыя Саветы ўвесну (3 сакавіка 2003 году), а зараз зноў узначальвае камісію. Журналістка пацікавілася ў Н.Пратасевіч, як так сталася, што кіраўнік участковай камісіі, якая парушае заканадаўства, зноў узначальвае камісію. Да таго ж Тамара Шчапёткіна паведаміла прысутным, што і старшыня раённай камісіі Мядзьведзь прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасьці за парушэньні выбарчага заканадаўства падчас мясцовых выбараў, а потым зноў была зацьверджаная старшынёй райннай камісіі.
Вось за гэтыя публічныя словы спадарыня Ніна Пратасевіч і падала зыск на журналістку. Гэта яна палічыла “распаўсюдам інфармацыі, якая абражае гонар і годнасьць” (арт. 153 ч. 1 Грамадзянскага кодэксу РБ).
16 красавіка суд Бярозаўскага раёну пад старшынствам судзьдзі Алены Нямковай разглядаў грамадзянскі зыск да Тамары Шчапёткінай. Дыскусія вялася адносна разуменьня панятку “судзімая судом”. Ісьціца сьцьвярджала, што гэта азначае, што журналістка абвінаваціла яе ў тым, што яна прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці, што не адпавядае рэчаіснасьці. Яна сьцьвярджала, што менавіта як прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці зразумелі вынесенае ёй пакараньне ўсе прысутныя на ўчастку. “Гэтая размова атрымала розгалас па ўсім горадзе, паколькі многія са знаёмых пытаюцца, ці праўда, што я прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці. Працуючы шмат гадоў дырэктарам школы, затым гімназіі, гэтыя чуткі аб судзімасьці ганьбяць гонар, годнасьць і кідаюць цень на дзелавую рэпутацыю”, -- давала ў судзе паказаньні Ніна Пратасевіч.
Тамара Шчапёткіна сказала, што яна “як сумленны чалавек вырашыла агучыць на выбарчым участку аб “судзімасьці судом” старшыні выбарчай камісіі”.
У рэшце рэшт судзьдзя Алена Нямкова прыняла бок істца і задаволіла (часткова) зыск Пратасевіч, адзначыўшы: “суд прыйшоў да высновы, што Шчапётктна, не валодаючы сьпецыяльнымі юрыдычнымі ведамі, сказіўшы сапраўднае становішча, распаўсюдзіла аб Пратасевіч зьвесткі аб яе судзімасьці, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці” і абавязала журналістку прынесьці публічнае выбачэньне Пратасевіч перад працоўным калектывам Белаазёрскай гімназіі і спагнаць у кошт кампенсацыі маральнай школы 300 000 тысяч рублёў і дзяржпадатак 190 000 рублёў.
Тамара Шчапёткіна з дадзеным рашэньнем не пагадзілася і накіравала касацыйную скаргу, у якой сказана: “у арт. 45 КК РБ дадзенае вызначэньне “судзімасьці” як прававога стану асобы пасьля асуджэньня яе за зьдзейсьненае злачынства... Выраз “судзімая судом” такой сэнсавай нагрузкі не нясе – ён гаворыць толькі пра тое, што асоба прыцягвалася да адказнасьці менавіта судом, а не іншым органам... Размова ішла пра тое, чаму Пратасевіч Н.Н. пасьля дапушчаных ёю парушэньняў і прыцягненьня судом да адказнасьці працягвае выконваць абваязкі старшыні выбарчай камісіі”.