“ВЯСНА” Ў НАВАПОЛАЦКУ (Радыё Рацыя)
17-18 красавіка ў Наваполацку адбыўся міжнародны сэмінар пад назвай “Пытаньні талерантнасьці ў беларускім грамадзтве й сьвеце”. Арганізатарамі яго выступілі беларускі праваабарончы цэнтар “Вясна” й швэдская праваабарончая арганізацыя “Свенска фрэд”. Гэтая арганізацыя за сваю больш як 120-гадовую гісторыю двойчы была ўзнагароджаная Нобелеўскай прэіміяй міру.
Тут прысутнічаюць у асноўным прадстаўнікі віцебскіх праваабарончых арганізацыяў і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў трэцяга сэктару. Галоўным пытаньнем ёсьць абмеркаваньне праблемы талерантнасьці ў Беларусі, якая, аказваецца, не такая ўжо бясспрэчная, пра што казалася шмат разоў. Тэмамі сэмінару зьяўляюцца: “Уводзіны ў агульную тэорыю талерантнасьці”, “Свабода сумленьня ў Швэцыі”, “Гісторыя гомасэксуалізму ў Швэцыі”, а таксама – “Дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў падчас выбарчых кампаніяў: збор і апарацоўка інфармацыі”. Па гэтым пытаньні выступяць Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Тацяна Равяка, Паліна Сьцепаненка – гэта ўсё рэпрэзэнтанты праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Увечары адбыўся пасьпяховы выступ сьпявачакі Касі Камоцкай перад удзельнікамі сэмінару.
Беларусы не такія талерантныя, як аб іх мяркуюць у сьвеце. Аб гэтым казалася ў часе міжнароднага сэмінару, ладжанага ў Наваполацку праваабарончым цэнтрам “Вясна” сумесна з швэцкай арганізацыяй Svenska Freds. Што такое талерантнасьць увогуле, як яе разглядаць у Беларусі, – на гэтыя пытаньні спрабавалі знайсьці адказы беларусы й швэды – юрысты, псыхолягі, праваабаронцы, студэнты.
Беларусы лічаць сябе талерантнымі, памяркоўнымі, цярпімымі й цярплівымі. Але ці так ёсьць на самой справе? І што такое талерантнасьць насамрэч? Удзельнікі міжнароднага сэмінару ў Наваполацку шукалі адказу на гэтае пытаньне цягам двох дзён. Паводле словаў наваполацкага юрыста Тацяны Кавальчук, тэма талерантнасьці даволі новая, ніхто раней не задумваўся, наколькі гэта важна ў сёньняшніх умовах.
Т. К.: - Гэты сэмінар вельмі важны менавіта таму, што тэма, якая на ім уздымаецца, яна, па-першае, новая, а па-другое, тая, зь якой сутыкаецца кожны ў сваім жыцьці. Калі чалавек ідзе ў краму, на кірмаш, калі ён размаўляе са сваім суседам. Гэта тое, што хвалюе кожнае, але людзі пакуль не ўсьведамляюць гэтае праблемы. Нягледзячы на тое, што мы ўсе лічымся талерантнымі, мы такімі не зьяўляемся. У любым выпадку, калі лічыць, што талерантнасьць – гэта агульная катэгорыя, і яна мае на ўвазе, што людзі ўступаюць у актыўны кантакт, то трэба наладжваць вялікую колькасьць сустрэчаў паміж людзьмі, якія зьяўляюцца носьбітамі розных культураў, якія ёсьць у сучаснай Беларусі. Па-другое - гэта інфармаваньне, бо адсутнасьць інфармацыі цягне за сабою пэўныя стэрэатыпы, а яшчэ калі гэтыя стэрэатыпы ўтрымліваюцца на ўзроўні СМІ, на ўзроўні афіцыйнае пазыцыі, то гэта цягне за сабою тое, што людзі думаюць: мы талерантныя. Яны абстрагуюцца ад іншых культураў, а таксама ад тых, хто на іх непадобныя.
Паводле словаў прэсавага сакратара “Вясны” Тацяны Равякі, беларусы ўспрымаюць талерантнасьць як цярпімасьць і цярплівасьць, але гэта, мякка кажучы, не адно й тое ж.
Т. Р.: - Як высьветлілася ў часе сустрэчаў, а ў Наваполацку гэта ўжо чацьвертая сустрэча, беларусы разумеюць пад талерантнасьцю цярпімасьць і цярплівасьць. І вось пад час сэмінару мы разьбіралі, што талерантнасьць – гэта не цярпімасьць і цярплівасьць, але здольнасьць захаваць свае перакананьні, прынцыпы й разам з тым успрымаць іншыя меркаваньні, лад жыцьця, сацыяльныя й палітычныя погляды. Вось гэта й ёсьць сапраўдная талерантнасьць. Чаму гэтая тэма зацікавіла наш праваабарончы цэнтар? У нас праводзяцца дасьледваньні: у чым нашыя беларусы талерантныя, у чым – не. Аказалася, што бальшыня нашых удзельнікаў ведаюць пра пэўныя небясьпекі. Да прыкладу, высьветлілася, што беларусы ня вельмі любяць чужых – чужых нацыянальнасьцяў. Мы хацелі дасьледваць гэтае пытаньне, бо неталерантныя адносіны могуць прывесьці да канфлікту. І мы высьвятлялі, дзе могуць быць гэтыя небясьпечныя крыніцы канфлікту – міжрэлігійнага, міжнацыянальнага. І пад час працы мы высьветлілі, што ёсьць гэтыя небясьпекі, што і пацьвярджае сёньняшняя рэчаіснасьць. На прыклад, неўспрыманьне гэтых чужых.
Як праклад, Тацяна Равяка прывяла ўзбуджэньне крымінальнае справы ў дачыненьні групы віцебскіх студэнтаў, якія жорстка зьбілі сваіх замежных калегаў.
Тэма талерантнасьці ў Беларусі не зачыненая. У наступныя выходныя яна будзе абмяркоўвацца ў Гомлі.
Генадзь Кесьнер