Мінюст дамагаецца ліквідацыі “Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў”
Чыноўнікі Міністэрства юстыцыі лічаць, што сябры гэтай арганізацыі неаднаразова і груба парушылі беларускае заканадаўства ды ўласны статут. Кіраўнікі аб’яднаньня называюць абвінавачаньні беспадстаўнымі й лічаць, што іх арганізацыю хочуць ліквідаваць з палітычных прычынаў, -- паведамляе Радыё Свабода.
Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон лічыць, што Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў два гады фактычна знаходзілася не па сваім юрыдычным адрасе, нясвоечасова зьмяніла назву пасады кіраўніка арганізацыі з прэзыдэнта на старшыню, а таксама вельмі доўга вырабляла новы варыянт уласнай пячаткі. На гэтай падставе ён прасіў судзьдзю Філіманіхіну ліквідаваць аб’яднаньне.
Старшыня аб’яднаньня маладых палітыкаў Аляксандар Цынкевіч даводзіў, што ніякіх парушэньняў законаў і статуту арганізацыя не дапускала. Паводле яго, да канца 2003 году арганізацыя знаходзілася ў адпаведнасьці з пазначаным у дакумэнтах юрыдычным адрасам. А пячатка і назва кіраўніка арганізацыі былі зьмененыя толькі сёлета таму, што большасьць сяброў каардынацыйнай рады летась зь ліпеня да сьнежня былі ў доўгатэрміновай камандзіроўцы ў Расеі.
Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў — адна з самых старых грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі. Яна паўстала ў 1992 годзе пад назвай Асацыяцыя палітычных дзеячоў Рэспублікі Беларусь з ініцыятывы шэрагу дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. У 2000 годзе, паводле рашэньня Вярхоўнага суду, Мінюст зарэгістраваў арганізацыю пад цяперашняй назвай.
Рашэньне ў справе Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў Вярхоўны суд прыме днямі.