Аўтарку лозунга "Стоп таракан" адразу асудзілі завочна, а потым вызвалілі па амністыі
У сакавіку Следчы камітэт пачаў спецвытворчасць супраць пенсіянеркі з Глыбокага Людмілы Барэйкі. 8 траўня суд Глыбоцкага раёна завочна прызначыў ёй два гады зняволення паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп). Як піша "Віцебская Вясна", 9 кастрычніка Віцебскі абласны суд "вызваліў" Людмілу па амністыі і зняў судзімасць.
Згодна з пастановай абласнога суда, што жанчыну амніставалі падставе абз. 5 арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 07.12.2022 № 220-3 "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства". Таксама ў яе знялі судзімасць.
24 траўня 2024 года жанчыну ўнеслі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
У сакавіку 2020 года Людміла Барэйка дала інтэрв'ю блогеру Сяргею Ціханоўскаму, які завітаў тады ў Глыбокае. У гутарцы з ім яна прыгадала казку Карнея Чукоўскага "Тараканішча" пра таракана, які ўсіх трымаў у страху. Але высветлілася, што яго можна проста расціснуць. Гэта відэа на канале "Краіна для жыцця" паглядзелі амаль 1,6 млн чалавек. "Стоп таракан!" стаў лозунгам палітычнай кампаніі Ціханоўскага.
У траўні 2020 года за гэта інтэрв'ю жанчына атрымала штраф у 270 рублёў — за парушэнне ч.1 арт. 23.34 КаАП. Паводле абвіначвання, яна ажыццявіла "пікетаванне шляхам публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў і асабістага стаўлення да дзеючай улады ў рэжыме анлайн". Пад пагрозай крымінальнага пераследу жанчына вымушана была пакінуць Беларусь.