У палітвязняў у Беларусі з'явіліся новыя "хросныя" з Англіі і Германіі
У межах кампаніі #WeStandBYou лорд Сайман Расэл (Палата лордаў, Незалежная партыя, Англія), Кевін Кюнерт (Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны) і лорд Леслі Грыфітс (Палата лордаў, Лейбарысцкая партыя, Англія) стануць "хроснымі" Алены і Сяргея Маўшук, Вольгі Брыцікавай і Міхаіла Лапунова.
Алена і Сяргей Маўшукі былі арыштаваныя ў сувязі з пратэстамі ў 2020 годзе і абвінавачаныя ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" (артыкул 293). Алену асудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі, а яе мужа Сяргея — да 6,5 гадоў. Алена паведаміла аб фізічным і псіхалагічным гвалце ў зняволенні; цяпер яна пакутуе ад дэпрэсіі. У мужа і жонкі ёсць трое непаўналетніх дзяцей, пры гэтым Алена была пазбаўленая бацькоўскіх правоў.
Лорд Сайман Расэл з Ліверпуля — сябра Палаты лордаў. Стаўшы "хросным" у другі раз, ён выказвае салідарнасць з Аленай і Сяргеем Маўшукамі і тлумачыць сваё рашэнне:
"Для мяне вялікі гонар быць хросным бацькам Сяргея і Алены Маўшукоў. Мае думкі з імі ды іх трыма дзецьмі. Я і мае калегі-палітыкі зробім усё магчымае, каб прыцягнуць увагу да іх цяжкага становішча і нагадаць свету, што мірная дэманстрацыя супраць таталітарнага рэжыму — гэта не злачынства, а фундаментальнае права чалавека".
Вольга Брыцікава была лідаркай незалежнага прафсаюза "Нафтан" і ўдзельнічала ў арганізацыі забастовак у 2020 годзе. У перыяд з 2020 па 2022 год Вольга правяла некалькі месяцаў у зняволенні, у тым ліку за тое, што выказвалася ў сацыяльных сетках супраць вайны ва Украіне. 11 жніўня 2023 года яна была паўторна арыштаваная і асуджаная агулам да 6 гадоў турэмнага зняволення за "нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы" (артыкул 361), "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-4) і "распальванне нянавісці" (артыкул 130).
Кевін Кюнерт — дэпутат нямецкага Бундэстага ад СДПГ, ён ужо трэці раз становіцца "хросным". Як "хросны" Вольгі Брыцікавай, ён выказвае сваю падтрымку наступнай заявай:
"Беларускі рэжым пастаянна парушае фундаментальныя правы чалавека ў адносінах да сваіх грамадзян. Менавіта гэтымі фундаментальнымі правамі чалавека карысталася Вольга Брыцікава, калі праводзіла кампанію за свабоду асацыяцый і паляпшэнне ўмоў працы для сваіх калегаў. На гэта беларускі рэжым адказаў рэпрэсіямі і турэмным зняволеннем. Адмаўляючы людзям у базавых свабодах, улада Лукашэнкі агаляе сваю аўтарытарнасць і адсутнасць падтрымкі ўласных грамадзян і якой-небудзь легітымнасці. Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць Вольгу Брыцікаву і ўсіх палітвязняў! СДПГ падтрымлівае незалежныя беларускія прафсаюзы і ўсіх беларусаў і беларусак, якія выступаюць за свабоду, правы чалавека і дэмакратыю. Несправядлівасць і прыгнёт не вечныя. Аднойчы Беларусь стане свабоднай. Да таго часу я і многія іншыя будзем уважліва сачыць за палітычнай сітуацыяй у краіне і за тым, як абыходзяцца з дэмакратычнай і прафсаюзнай апазіцыяй. Ні адзін палітычны зняволены не забыты".
Міхаіл Лапуноў — бацька палітвязня Мікіты Залатарова, затрыманага ў непаўналетнім узросце ў 2020 годзе. Міхаіл заступіўся за свайго сына і 8 жніўня 2023 года атрымаў адміністрацыйны тэрмін за сваю дзейнасць. Пасля гэты тэрмін некалькі разоў падаўжаўся. Затым Міхаіла асудзілі да турэмнага зняволення за "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім"(артыкул 361-1) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-4), тэрмін яго пакарання невядомы.
Лорд Леслі Грыфітс з Бэры-Порт — сябра Палаты лордаў ад Лейбарысцкай партыі і "хросны" Мікіты Залатарова з 2021 года. Цяпер ён таксама стаў "хросным" бацькі Мікіты, Міхаіла Лапунова, і пракаментаваў свой учынак:
"Я бацька, і ў мяне ёсць сыны. Я жыву ў краіне, якая дае ўсім нам свабоду асацыяцый і свабоду слова. Гэта тое, чаго я шчыра жадаю Міхаілу і Мікіту. Сапраўды жудасна ўсведамляць, што дзесьці дамагацца справядлівасці для свайго сына азначае здзяйсняць злачынства".