viasna on patreon

Камітэт супраць катаванняў ААН: Беларусі неабходна пакласці канец практыцы катаванняў і жорсткага абыходжання

2024 2024-10-02T17:50:16+0300 2024-10-02T17:59:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/un_cat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камітэт супраць катаванняў апублікаваў штогадовы даклад, у якім паведаміў пра вынікі працы ў расследаванні ў дачыненні да Беларусі, якое было ініцыяванае Праваабарончым цэнтрам "Вясна".

Расследаванне было запушчана пасля таго, як 4 верасня 2020 года Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі камітэт прадставілі ў Камітэт дакумент "Зварот аб правядзенні расследавання па факце сістэматычнага ўжывання катаванняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". У ім распавядалася, што на тэрыторыі Беларусі сістэматычна ўжываюцца катаванні і апісваліся рэпрэсіі ў Беларусі пасля выбараў 2020 года. Зварот быў падпісаны 47 грамадзянамі Беларусі і ўтрымліваў дадатак са сведчаннямі 112 меркаваных ахвяр катаванняў. Праваабаронцы дадалі дакумент з падрабязным апісаннем абставінаў меркаваных выпадкаў катаванняў.

Камітэт супраць катаванняў (КСК) складаецца з 10 незалежных экспертаў, якія ажыццяўляюць маніторынг выканання дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі супраць катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажальных годнасць відаў абыходжання і пакарання.

Камітэт прыцягвае дзяржавы да адказнасці за парушэнне правоў чалавека і займаецца расследаваннямі паведамленняў аб катаваннях з мэтай спынення і папярэджання такіх злачынстваў.

У ліпені 2021 года КСК прызнаў, што гэтая інфармацыя дакладная і змяшчае абгрунтаваныя ўказанні на тое, што на тэрыторыі Беларусі сістэматычна ўжываюцца катаванні. Урад Беларусі адказаў, што сцвярджэнні не з'яўляюцца ні праўдзівымі, ні аб'ектыўнымі і выказаў шэраг заўваг. Ён не даў згоды на наведванне сваёй тэрыторыі.

Камітэт супраць катаванняў вывучыў даклады, рэзалюцыі і публічныя заявы ААН, заўвагі і рашэнні паводле паведамленняў ды іншыя аналітычныя дакументы праваабаронцаў, пасля чаго адзначыў, што вывучаныя дакументы сведчаць аб тым, што вінаватыя ва ўжыванні катаванняў сістэматычна застаюцца беспакаранымі. Яны пацвердзілі, што катаванні рэгулярна ўжываюцца ў якасці наўмыснай практыкі для запалохвання затрыманых ці атрымання паказанняў супраць сябе, а таксама для пакарання палітычных дысідэнтаў і мірных дэманстрантаў:

"Затрыманыя часта ўтрымліваюцца ў бесчалавечных умовах, якія характарызуюцца моцнай перапоўненасцю і адсутнасцю доступу да медычнай дапамогі, спатканняў са сваякамі і адвакатам. Дакладныя медычныя і візуальныя сведчанні, прадастаўленыя Камітэту, ілюструюць агульныя схемы катаванняў. Сексуальны гвалт, здзейснены прадстаўнікамі дзяржавы ў дачыненні да асоб, пазбаўленых волі, і пагрозы такога гвалту былі прызнаныя шырока распаўсюджанымі, звычайнай і наўмыснай практыкай", – адзначана ў дакладзе.

Таксама ў дакуменце сказана, што супрацоўнікі праваахоўных органаў і пракуратуры патураюць катаванням і спрыяюць падтрыманню атмасферы паўсюднай беспакаранасці. Яны не прымаюць захады паводле скаргаў, не праводзяць эфектыўных, аператыўных і бесстаронніх расследаванняў паводле шматлікіх заяваў аб катаваннях або жорсткім абыходжанні і не пераследуюць вінаватых.

Такім чынам, КСК выпрацаваў некалькі рэкамендацый для ўрада Беларусі:

a) пакласці канец практыцы катаванняў і жорсткага абыходжання, у тым ліку ва ўсіх месцах пазбаўлення волі, і забяспечыць, каб службовыя асобы на самым высокім узроўні публічна і недвухсэнсоўна асудзілі катаванні ва ўсіх іх формах і выразна далі зразумець, што вінаватыя і саўдзельнікі будуць прыцягвацца да адказнасці і несці пакаранне;

b) увесці крымінальную адказнасць за ўжыванне катаванняў, уключна з любой спробай здзяйснення катаванняў і любога дзеяння, якое прадстаўляе сабой саўдзел або ўдзел у катаваннях, у якасці асобнага і канкрэтнага злачынства, вызначэнне якога ахоплівае ўсе элементы, якія змяшчаюцца ў артыкуле 1 Канвенцыі, у заканадаўстве дзяржавы-ўдзельніцы і забяспечыць пакаранне актаў катаванняў суразмерна цяжару гэтага злачынства, як таго патрабуе пункт 2 артыкула 4 Канвенцыі;

c) аператыўна і старанна расследаваць усе сцвярджэнні аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, уключна з тымі, што мелі месца падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, з дапамогай эфектыўнага і цалкам незалежнага і бесстаронняга механізму, пераследваць вінаватых і прыгаворваць асуджаных да мер пакарання, суразмерным цяжару здзейсненага злачынства;

d) гарантаваць, што супрацоўнікі міліцыі і сіл бяспекі, узброеных сіл, турэмнай службы і разведвальных органаў, як мяркуецца, вінаватыя ў парушэннях Канвенцыі, адхіляліся ад выканання сваіх абавязкаў на час правядзення любога расследавання па гэтых сцвярджэннях, з тым каб яны не маглі ўмешвацца ў расследаванне, і каб пасля асуджэння ім не дазвалялася вяртацца на пасаду, на якой яны маглі б здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні або помсціць заяўнікам або іх сем'ям;

е) прадастаўленне ўсім ахвярам катаванняў і, у выпадку неабходнасці, іх сем'ям кампенсацыі, уключаючы кампенсацыю і сродкі для як мага больш поўнай рэабілітацыі;

f) забяспечыць эфектыўнасць і незалежнасць механізму для канфідэнцыйнай падачы скаргаў і даць яго супрацоўнікам доступ ва ўсе месцы ўтрымання пад вартай, каб дазволіць асобам, пазбаўленым волі, падаваць у канфідэнцыйным парадку скаргі на катаванні і жорсткае абыходжанне;

g) забяспечыць эфектыўную абарону ад рэпрэсій усім ахвярам і сведкам актаў катаванняў, а таксама іх прадстаўнікам і суб'ектам грамадзянскай супольнасці, і забяспечыць, каб тыя, хто паведамляе пра выпадкі катаванняў, не прыцягваліся да адказнасці ў парадку помсты і супраць іх не ўжываліся любыя рэпрэсіі;

h) забяспечыць, каб асобы, пазбаўленыя волі, на практыцы мелі доступ да прававых гарантый з моманту пазбаўлення волі, уключна з правам неадкладна звярнуцца да адваката і, пры неабходнасці, атрымаць юрыдычную дапамогу, права ў канфідэнцыйным парадку звярнуцца да незалежнага лекара або лекара па свайму выбару і прайсці медычнае абследаванне бясплатна, а таксама права звязацца з чальцом сям'і або іншай адпаведнай асобай паводле ўласнага выбару неадкладна пасля пазбаўлення;

i) гарантаваць, што ўсе перыяды пазбаўлення волі дакладна рэгіструюцца адразу ж пасля затрымання ў часопісе ў месцы ўтрымання пад вартай і ў цэнтральным часопісе і каб адвакаты і чальцы сем'яў затрыманых мелі поўны доступ да інфармацыі пра затрыманых, якая змяшчаецца ў гэтых часопісах;

j) забяспечыць, каб прызнальныя паказанні, атрыманыя пад катаваннем, не прымаліся да разгляду ў ходзе судовых разглядаў, акрамя як супраць асобы, якая абвінавачваецца ва ўжыванні катаванняў, у якасці доказу таго, што заява была зроблена пад катаваннямі, і забяспечыць, каб у выпадку сцвярджэння, што заява была атрымана пад катаваннямі, гэтае сцвярджэнне неадкладна расследавалася, а цяжар даказвання ляжаў не на ахвяры, а на дзяржаве;

k) узмацніць мандаты грамадскіх назіральных камісій, каб забяспечыць іх незалежнасць і доступ без папярэджання ва ўсе месцы пазбаўлення волі, а таксама апублікаваць інфармацыю аб выніках іх працы;

l) даць арганізацыям грамадзянскай супольнасці доступ да месцаў утрымання пад вартай;

m) забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання пад вартай у адпаведнасці з мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (правілы Нэльсана Мандэлы) ды іншымі адпаведнымі міжнароднымі і нацыянальнымі стандартамі;

n) арганізаваць абавязковыя навучальныя праграмы па палажэннях Канвенцыі і абсалютнай забароне катаванняў, інструктаж па непрымусовым метадам допыту і Кіраўніцтву па эфектыўным расследаванні і дакументаванні катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання (Стамбульскі пратакол) у новай рэдакцыі для супрацоўнікаў праваахоўных органаў, службаў бяспекі і турмаў, работнікаў судовых органаў, медычнага персаналу ды іншых асоб, якія маюць дачыненне да ўтрымання пад вартай, допытаў або абыходжання са зняволенымі.

Варта адзначыць, што ўрад Беларусі выказаў сваю рашучую нязгоду з высновамі камітэта. Ён заявіў, што з ім ніхто не супрацоўнічаў пры падрыхтоўцы дакладу. Урад адхіліў усе абвінавачванні, паўтарыў сваю ранейшую пазіцыю і паставіў пад сумнеў надзейнасць крыніц інфармацыі.

Расследаванне пракаментаваў юрыст "Вясны" Павел Сапелка:

sapelka-mini_2.jpg"Вынікі расследавання дэманструюць важную ролю Камітэта супраць катаванняў у скарачэнні беспакаранасці, падкрэсліваюць неабходнасць міжнароднага маніторынгу і супрацоўніцтва для забеспячэння захавання правоў чалавека, асабліва ва ўмовах, калі ўнутраныя прававыя механізмы аказваюцца неэфектыўнымі. Адмова Беларусі ад прадастаўлення доступу і супрацоўніцтва паказвае тыповыя паводзіны таталітарных рэжымаў, якія ігнаруюць міжнародныя абавязацельствы, але не гатовыя несці за гэта адказнасць.

Важная выснова складаецца ў тым, што нават у адсутнасць супрацоўніцтва дзяржавы-ўдзельніцы з КСК міжнароднае права дазваляе працягваць працу над расследаваннем парушэнняў. Высновы КСК у сукупнасці з вынікамі працы іншых механізмаў ААН настойліва падштурхоўваюць міжнародную супольнасць да стварэння больш эфектыўных інструментаў для дасягнення мэтаў барацьбы з беспакаранасцю ў дачыненні да рэжыму А. Лукашэнкі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства