viasna on patreon

"І нават калі ў мяне ўсё добра, мне ўсё адно дрэнна". Расповед Міры, чый сын — палітзняволены

2024 2024-10-01T17:21:53+0300 2024-10-01T19:57:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhanzhyna-pazhylaja.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень пажылых людзей. У гэты ж дзень распавядаем гісторыю Міры (імя зменена ў мэтах бяспекі) – пенсіянеркі ў эміграцыі, чый сын — палітзняволены. "Вясна" прыводзіць расповяд Міры ад першай асобы: пра сябе і сына, сваю эміграцыю і уразлівасць становішча пажылых людзей у ёй.

zhanzhyna-pazhylaja.png
Ілюстрацыйнае фота: pixnio.com

Пра сябе

Я пенсіянерка, 60 плюс. У Варшаве амаль два гады. З Беларусі з'ехалі з мужам больш за два гады: спачатку ехалі праз іншую краіну. З'ехалі з-за таго, што затрымалі сына, і была пагроза, што затрымаюць і мужа. Збіраліся за дзве гадзіны. Потым доўгае-доўгае падарожжа. Цяпер ужо так быццам бы і звыкліся трошачкі. Хаця вельмі хочацца дамой. Хаця пры ўсім пры гэтым я добра ўсведамляю, што мне хочацца ДАМОЙ, а не ў тое, што там зараз робіцца. Таму што там ужо майго дому няма. Па сутнасці мне хочацца ў год 2019, 2020-ты... 

Сын

Ён маленькі, невысокага росту. Ён напісаў... Такую вось падманку зрабілі – рэкрутацыя ў полк Каліноўскага. І ён напісаў, ні з кім не параіўшыся. Такой яшчэ запознены падлеткавы: "Я магу, я зраблю, я ўсё сам". Пры тым ён такі ваяка, што... ну ён вельмі міралюбівы, нічым такім не займаўся, і невысокі. Не, фізічна ён не слабы! [Але] я думаю, што калі б ён напісаў у сапраўдны полк Каліноўскага, то ніхто яго б нікуды не запрасіў, улічваючы яго ўзрост і бэкграунд.

У восем ранку адправіў паведамленне (гэта ўсё мы даведаліся ўжо пасля), а ў дзесяць за ім прыехалі [сілавікі]. І мы два дні не ведалі пра гэта. Гэта быў панядзелак. У нядзелю цэлы дзень ён прабыў са мной. Мы неяк з нім шмат гулялі, хадзілі, размаўлялі, усё было файна. Жыў ён ужо асобна. І вось... У панядзелак я не хвалявалася, у аўторак ён павінен быў зайсці... Нешта я пачала думаць, дзе ён дзеўся. І тут мне патэлефанавалі з яго працы: "Другі дзень яго няма на працы". Пачалі шукаць, я думала: на ровары трапіў у аварыю якую... Менты, зразумела, казалі, што яго ў іх няма. Да паловы ночы яны нам расказвалі пра тое, што ён не ў іх. Потым сказалі, што трэба было нармальна выхоўваць, "што ж вы такога алкаша выхавалі". А ён на Новы год шампанскага не піў. Ну і ўсё, стала зразумела, што ён на Акрэсціна.

Спачатку 13 содняў. Ён быў упэўнены, што мы не ведаем, дзе ён. Два дні яго цягалі губазіцаўцы па гораду на машыне, і ён у акенца глядзеў – раптам каго-небудзь пабачыць... Здзекваліся страшна. Ён ужо праз гады паўтары пра гэта расказваў. 

Ну а потым пасля гэтых 13 содняў мы сядзелі чакалі яго пад Акрэсціна, і бачылі, як машына выязджае – гэта быў момант, калі яго павязлі у аддзяленне. А там ужо "хуліганка": нібы ён на іх кідаўся і рукамі на іх махаў... Яшчэ 15 содняў. Пасля гэтага патэлефанаваў следчы, сказаў, што крымінальная справа, мы сведкі.

Потым тыдні паўтары прайшло, нас ужо выклікалі на допыт – у пятніцу вечарам позна на панядзелак "с вещами". Мы яшчэ неяк спачатку думалі, што рабіць, таму што ў нас ні віз, нічога... Яшчэ павагаліся, прыдумвалі, ня то ісці на гэты допыт... Нарэшце рэшт наш знаёмы юрыст сказаў: "Я не разумею, што вы тут робіце. Я не разумею, чаго вы сядзіце".

Вось так. І зараз гэта ўсё цягнецца, цягнецца і цягнецца. Вось ужо колькі год. А гэта больш за два гады, як [сын] сядзіць. Яму следчая на кожны допыт цягала цукерачкі. І нацягаў цукерачак на чатыры гады [зняволення]. 

Эміграцыя

Разумееце, мне ў эміграцыі жывецца як шызафрэніку. То бок у мяне ў нейкім сэнсе псіхалагічная шызафрэнія. Таму што сказаць сказаць, што ў мяне тут нешта дрэнна – не, ў мяне ўсё добра. У мяне наогуле напэўна лепей, чым у каго. Таму што многім людзям значна цяжэй, чым нам. Муж працуе зараз. Цяжка працуе, канешне, але працуе. Ну і мы жывем з нашай нявесткай, таму мы не адні, мы занятыя, і нам дапамагаюць. З большага, людзі складаней жывуць, таму што ў нас і дах ёсць, і ежа. Гэта з аднаго боку.

А з другога боку ўсё дрэнна. У тым сэнсе, што ў Беларусі нас шукаюць, перыядычна прыходзяць з вобшукамі да тых дзяцей, якія там засталіся... То бок немагчыма жыць добра, калі ТАМ дрэнна. І нават калі ў мяне ўсё добра, у мяне ўсё роўна дрэнна... А як можа не балець? Вось я ж кажу, у мяне ўсё ёсць тут, і ў мяне ўсё нармальна, чыста вось ніз піраміды Маслоў у нас забяспечаны. Але ад гэтага ніяк не лягчэй. Я ўсё роўна жыву ў гэтым чаканні – у мяне ў галаве лічыльнік: прыйшоў ліст [ад сына], дзень, два, тры, чатыры – нармальна... Пяты дзень – няма лістоў, шосты дзень – няма лістоў... У гэтых бясконцых клопатах – што перадаць, як туды перадаць нешта перадаць для перадачы, як грошы перадаць.

Лісты

Спачатку яму шмат хто пісаў, і знаёмыя пісалі – але гэта ўсё СІЗА. А потым, калі пераводзяць у калонію, там [могуць пісаць] толькі тыя, хто ў асабістай справе. Хаця, па іх ўнутраных правілах, ліставанне без абмежавання, то бок напісаць можа любы чалавек. Аднак жа яго бабуля (мая мама) – яна старэнькая зусім, яна яму пісала перыядычна... Спачатку першыя пару месяцаў лісты прапускалі, потым ён стаў пытаць, чаму бабуля перастала пісаць? Ну гэта яе лісты перасталі даходзіць. Цяпер вось на днях ён паведаміў, што больш не будуць прапускаць лісты ад сястры. Як ён напісаў у лісце: "Гэта проста трэба прыняць". Ён растроены, але... што з гэтым зробіш. Там усе становяцца фаталістамі, як я разумею. Трэба проста прыняць.

Перад тым, як забаранілі ліставанне з сястрой, былі нейкія дзівосы з ліставаннем з жонкай. Ён стаў пісаць – лісты як бы прыходзяць, але абрэзаныя. Прытым яна ніколі не піша яму ні на якія  "такія" тэмы, то бок гэта звычайныя пабытовыя тэмы, але сталі абразаць. Што гэта? Ну добра, што хоць штосьці даходзіць. З іншага боку, я яго увесь час прасіла – калі быў момант, ён вельмі цяжка працаваў, зусім не было часу – я прасіла: "Ну хаця бы на паштоўцы напішы адно слова, там "Прывет"". Каб проста яна прыйшла – гэта няшмат часу трэба, каб падпісаць. Але мы хаця б будзем ведаць, што штосьці прыйшло, нейкае паведамленне. Таму што калі так пару тыдняў нічога няма – пачынаеш думаць: не тое гэта ШІЗА, не тое штосьці здарылася, ці захварэў –што з ім?

Тэлефанаванні ім жа паложаны, раз ці два на тыдзень. А ў нас тэлефаннаванне было за ўсе вось гэтыя больш два гады, па-мойму, тры разы, можа чатыры. Пра скайп, пра відэазванкі – мы нават не ведаем такога. Яшчэ дзякуй богу, што спатканні ёсць.

Падчас следства спатканняў не было – спатканні пасля таго, як прысуд вынесены. У нас яшчэ спачатку была мроя: вось вынесуць сыну прысуд – і можна будзе вярнуцца. А потым вынеслі прысуд, усё роўна перыядычна прыходзяць, шукаюць... Стала зразумела, што ўжо ўсё, нікуды не вернемся, пакуль усё не зменіцца. А ці дажывём мы да гэтага, пакуль там усё зменіцца, не ведаю.

Спатканні

Калі гэта спатканне кароткае – то яно праз шкло па тэлефоне. То бок людзі сядзяць на адлегласці (я сама не бачыла, проста [жонка сына] мне распавядала пра гэта), паміж імі двайное шкло, яны адзін аднаго бачаць і па тэлефоне размаўляюць. Там іх слухаюць. 

Калі пра працяглыя спатканні, то яна прыязджае – недзе ёсць такі пакой, яна мне нават неяк схемы малявала, але шчыра кажучы, зараз іх не паўтару... Яе заводзяць у нейкі пакой, правяраюць, яна павінна ўсё-ўсё зняць, тэлефон пакінуць, ні воднай паперкі і нічога пішучага з сабой, ніякіх нататкаў, нічога. Яна вязе яму толькі прадукты – чымсці пакарміць і сябе і яго, гэта ўсё правяраецца, пасля яе заводзяць у пакой – у кожнага атрада свой пакойчык. Вось маленькі пакой з тэлевізарам, там два ложкі, ёсць кухня агульная на ўсіх, лядоўня адна палічка (таму трэба разлічыць прадукты, каб не весці з сабой тое, што можа сапсавацца). Потым яго прыводзяць – ён можа ўзяць з сабой зубную шчотку, зубную пасту і, здаецца, брытву. І ўсё. Два разы на дзень яго забіраюць са спаткання на пастраенні. Вяртаюць назад. Нож выдаюць па патрабаванні на колькі там хвілін, гэта добра памятаю, калі штосьці нарэзаць. І вось яны праводзяць адну ноч па сутнасці – і зранку перад пастраеннем яго забіраюць. Ну і размаўляць там таксама вельмі асцярожна, таму што гэта ўсё праслухоўваецца – і там не вельмі разняволішся.

Кожны раз яна распавядае пра тое, што ён вельмі напружаны, вельмі запужаны, баіцца ўсяго. І зусім-зусім нездаровы. Лекі забаронены, перадаваць нічога не можаш, медыцынскія перадачы не падпісваюць, нават цяжкахворым людзям цяжка дабіцца гэтага. А тут у яго гастрыт па жыццю. Але нават вітамінкі ніякія не дазволяць. І калі раптам тэмпература – гэта не повад для звяртання ў санчастку. Лячыць іх ніхто не лечыць. Зубы не лечаць прынцыпова. То бок стаматолаг там існуе для таго, каб рваць зубы – калі ўжо зусім ўсё дрэнна, тады вырвуць. Апошні раз ён сказаў, што нічога не чуе на левае вуха. Маленькім ён шмат хварэў, у яго аціты былі бясконцыя, таму калі там было колькі-небудзь недалечаных прастуд, то цалкам можа быць, што... што гэта ўжо ўсё... слух ужо не адновіцца. 

Уразлівасць становішча

Гэта на самой справе настолькі ўразлівая група вось тых пенсіянераў, хто вымушана з'ехаў. А людзі ж па-рознаму з'язджаюць. Мы хаця б з'язджалі – у нас было два заплечніка і два чамаданы. Мы ведалі, куды мы едзем, нас сустракалі, у нас былі новыя сімкі, новыя квіткі на самалёты. Але ёсць жа людзі, якія толькі з'язджалі толькі з дакументамі і грашыма і ў тым, што толькі на сабе. Ёсць людзі, якія [пераходзілі мяжу], і нават не маладыя.

Пры тым гэта не пытанне псіхалагічнай дапамогі, таму што тут ніякая псіхалагічная дапамога не дапаможа, як бы гэта ні гучала. Справа ў тым, што вось, напрыклад, жыве адна жанчына-пенсіянерка. Для таго, каб аплаціць сваю арэнду і элементарна сябе пракарміць, ёй трэба пахаць, пахаць і пахаць. Разумееце, што людзі з большага выехалі няпростыя. Там, у тым жыцці мы з большага былі не прыбыральшчыцамі. Гэта людзі з адукацыяй, з нейкім досведам. А тут яны мала таго, што губляюць рэзка ў сацыяльным становішчы, і калі, разумееце, у маладога чалавека ёсць яшчэ час на тое, каб адкульсці знізу падняцца вышэй: можна падцягнуць мову, можна неяк раскруціцца – нешта можна рабіць. То што рабіць, асабліва, жанчынам? Зусім не маладым, часта не здаровым. Мы не маем часам ні пенсіі, многія з людзей тут не маюць нічога – ні медыцынскай страхоўкі.

Гэта такі пласт вось такога болю і нейкай бездапаможнасці, таму што добра б было, калі б мы разумелі, што гэта на год, на два, на тры… А мы ўсё часцей думаем пра тое, што гэта, магчыма, да канца нашага жыцця. І што далей? Добра, калі нехта хоць неяк сацыяльна ўладкаваны, напрыклад, у каго дзеці тут…  А ёсць жа людзі, якія зусім адзінокія. І я не ведаю, як, але гэта праблема павінна гучаць, разам з праблемай нашых палітвязняў (якая самая першасная), таму што калі там усё вырашылася б у Беларусі... Разумееце, многія з нас прыехалі вось, там у нас былі з большага свая кватэра, з большага нам хапала б пенсіі, мы б знайші, як сябе забяспечыць. А тут у нас нічога няма. І гэта такое пытанне як раз вось да Дня пажылых людзей (1 кастрычніка), Дня першага пенсіянерскага марша (5 кастрычніка), які сабраў некалькі тысячаў, што быў разрыў шаблона, бо Лукашэнка заўсёды лічыў пенсіянераў сваім электаратам, а тут раптам людзі вышлі супраць. І вось гэтыя людзі, такія ж разумныя, і добра, калі ёсць фізічныя сілы зараз сябе забяспечыць – а не ў ва ўсіх яны ёсць: шмат людзей з інваліднасцю пажылых. І напэўна, гэта тое, пра што трэба больш казаць і больш думаць. І не ведаю як, але неяк гэтую праблему трэба вырашаць. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства