viasna on patreon

У Міжнародны суд у Гаазе перададзены матэрыялы па злачынствах рэжыму Лукашэнкі

2024 2024-09-30T16:25:45+0300 2024-09-30T16:27:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lukashenko_gaaga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Урад Літвы 30 верасня афіцыйна перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэрыялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Такая працэдура прадугледжваецца Рымскім статутам.  Пра гэта паведамляе афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" дапамагаў са зборам доказаў злачынстваў, здзейсненых прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.

lukashenko_gaaga.jpg
Ілюстрацыйнае фота

Паколькі адпаведныя злачынствы былі здзейсненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін-удзельніц Рымскага статута, Міжнародны крымінальны суд мае юрысдыкцыю на разгляд гэтай справы.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадала даныя, якія пацвярджаюць здзяйсненне дадзеных злачынстваў кіраўніцтвам рэжыму. Гэтыя даныя былі перададзеныя ўраду Літвы для ацэнкі фактаў злачынстваў. Літоўскі бок прыйшоў да высновы, што маецца дастаткова падстаў меркаваць, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" дапамагаў са зборам доказаў злачынстваў, здзейсненых прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, распавядае Павел Сапелка:

"Рашэнне было прынята пасля таго, як Мінюст Літвы ацаніў прадстаўленыя беларускай дэмакратычнай апазіцыяй матэрыялы аб злачынствах супраць чалавечнасці рэжыму Лукашэнкі – прымусовай дэпартацыі і пераследзе людзей і іншых жорсткіх дзеянняў, якія супярэчаць асноўным нормам міжнароднага права. "Вясна" і іншыя няўрадавыя арганізацыі сабралі, захавалі і сістэматызавалі доказы злачынстваў. Перадача матэрыялаў у Міжнародны крымінальны суд дае надзею на тое, што прастора для беспакаранасці будзе планамерна скарачацца: разам з іншымі формамі пераследу вінаватых могуць зарабіць перш недаступныя для беларусаў механізмы прыцягнення да адказнасці".

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны-ўдзельніцы Рымскага статута падтрымаць намаганні літоўскага боку і агульнае імкненне ўсіх беларусаў – забяспечыць правасуддзе для соцень тысяч ахвяр і прыцягнуць Лукашэнку і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы, якія ён здзейсніў і працягвае здзяйсняць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства