Пададзеная апеляцыйная скарга па справе датычнага да гвалтоўных знікненняў сахраўца Юрыя Гараўскага
Юрысты міжнародных праваабарончых арганізацый ад імя пацярпелых сваякоў падалі апеляцыйную скаргу на рашэнне швейцарскага суда, які вынес апраўдальны прысуд экс-байцу беларускага САХР Юрыю Гараўскаму. Гараўскі ў 2019 годзе добраахвотна заявіў пра сваё дачыненне да выкрадання апазіцыйных палітыкаў – былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.
Акруговы суд Роршаха 28 верасня 2023 года пасля двухдзённага пасяджэння агучыў рашэнне – апраўдаць Юрыя Гараўскага паводле артыкула аб знікненні людзей, а таксама паводле артыкула аб увядзенні правасуддзя ў зман. У час суда пракурор запытваў для яго тры гады пазбаўлення волі.
Былога сахраўца Юрыя Гараўскага апраўдалі па справе аб знікненні апазіцыйных палітыкаў
Пра тое, ці магчыма адмяніць рашэнне суда, які праходзіў у межах універсальнай юрысдыкцыі, і пра цяжкасці ў зборы дадатковых аргументаў распавядае кіраўнік аддзела краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Ілля Нузаў:
"Мы падалі апеляцыю ў вызначаны тэрмін пасля таго, як суд першай інстанцыі падаў нам пісьмовае рашэнне з указаннем падстаў. Апеляцыйны суд не абмежаваны ў сваім разглядзе. Апеляцыя можа аспрэчваць усё: памылкі ў тлумачэнні закона, няпоўную або няправільную ацэнку абставінаў справы і / або неправамернасць рашэння. Такім чынам, мы можам прадставіць новыя доказы, якія дэманструюць наўпроставае дачыненне Юрыя Гараўскага да знікненняў.
Не думаю, што разгляд працягнецца доўга, паколькі і сам суд, які не прызнаў Гараўскага вінаватым, доўжыўся ўсяго толькі два дні. Вядома, ёсць і фактычныя, і юрыдычныя моманты, за якія можна ўчапіцца, але трэба адзначыць, што вельмі цяжка цяпер адшукаць нейкія новыя істотныя доказы, вельмі шмат прайшло часу".
Ілля Нузаў лічыць, што ў юрыдычнай плоскасці суд дапусціў некаторыя памылкі. Напрыклад, гэта можа тычыцца трактоўкі закона аб гвалтоўных знікненнях. Суддзя вырашыў, што калі ў Гараўскага быў намер забіць ахвяр, то гэта не раўназначна адвольнаму затрыманню, а хутчэй за ўсё непрадстаўленню інфармацыі аб іх месцазнаходжанні. Суд палічыў, што калі ён хацеў іх забіць, то ў яго не было жадання папярэдне іх затрымліваць і хаваць інфармацыю аб іх месцазнаходжанні.
Ёсць і іншыя калізіі ў трактоўцы заканадаўства, скажам у Канвенцыі аб гвалтоўных знікненнях, на якія звярнулі ўвагу юрысты.
"Таксама маюцца сумневы, што суд слушна ацаніў матывацыю Гараўскага, паколькі там былі рознагалоссі і нестыкоўкі ў яго паказаннях, якія былі спачатку дадзеныя пракурору і потым прагучалі на судзе. Суд палічыў што Гараўскі гэта рабіў наўмысна, каб атрымаць палітычны прытулак. Але гэта дзіўна, што чалавек некалькі разоў на сябе паказваў, як на ўдзельніка гэтага злачынства, з тым каб атрымаць прытулак.
Таксама мы лічым, што пераклад паказанняў Гараўскага быў не зусім якасны. Магчыма праз гэтае ў суддзі паўсталі падазрэнні, што Гараўскі ўводзіў іх у зман. І гэта таксама адзін з нашых аргументаў для апеляцыі", – каментуе Ілля Нузаў.
Ілля Нузаў таксама лічыць важным аргументам, што судовыя выдаткі, якія бок, што прайграў, павінен будзе аплаціць, у Швейцарыі каштуюць нямала.
"І гэта мы таксама ўзважваем, і шукаем важкія аргументы, каб пераканаць, што суд ніжэйшай інстанцыі дапусціў памылкі. Гэта рызыка, бо сума можа быць у некалькі дзясяткаў тысяч еўра", – дадае Нузаў.
"Падышоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум". У Швейцарыі пачалі судзіць экс-спецназаўца па справе зніклых апанентаў Лукашэнкі