"Падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум". У Швейцарыі пачалі судзіць экс-спецназаўца па справе зніклых апанентаў Лукашэнкі Дапоўнена
У Швейцарыі 19 верасня пачалі судзіць экс-байца беларускага САХРа Юрыя Гараўскага, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасці да выкрадання апазіцыйных палітыкаў. Працэс пачаўся ў судзе кантона Санкт-Гален. Гараўскага судзяць у межах універсальнай юрысдыкцыі — яго абвінавачваюць па артыкуле аб знікненні людзей. Пракурор запрасіў для яго тры гады пазбаўлення волі. Пры гэтым у зняволенні экс-спецназавец павінен правесці ўсяго год, астатнія два — на волі з выпрабавальным тэрмінам у чатыры гады. Былы сахравец Юрый Гараўскі пачаў даваць паказанні, дзе распавёў падрабязнасці выкрадання і забойства былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.
Нагадаем, у 2019 годзе Юры Гараўскі, атрымаўшы прытулак у Швейцарыі, прызнаўся нямецкаму выданню DW у датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў.
На судзе прысутнічаюць FIDH, TRIAL International, а таксама праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка. Яны сфатаграфаваліся з плакатамі #JusticeForBelarus перад залай суда ў Санкт-Галене, за некалькі хвілін да пачатку суда над былым спецназаўцам, які прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданні палітычных апанентаў Лукашэнкі.
Як піша "Новы час", Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі пільна, падагнаўшы бус літаральна да дзвярэй суда. Сам Гараўскі быў пад капюшонам, ён хаваў твар. Здымаць у будынку суда няможна.
"Гараўскі гаворыць вельмі ціха, выглядае падаўленым, у суд ён прыйшоў з мыліцай. На пытанне суддзі, як ён сябе адчувае, падсудны адказаў, што нармальна", — перадае карэспандэнтка "Новага часу" з залі суда.
Гараўскі адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні суддзі. Суддзя запытаўся пра САХР і Дзмітрыя Паўлічэнку і некаторых іншых камандзіраў часткі.
— Якім чынам вы пазнаёміліся з палкоўнікам Смірновым? — запытаўся суддзя.
— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.
— Чаму? Вы ж казалі пра гэта ў часе папярэдняга следства.
— Так. Але я прасіў пракурора не апублічваць гэтай інфармацыі.
Пошукавік выдае, што палкоўнік Смірноў быў кіраўніком вайсковай часткі 5525, а гэтая частка — 6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.
На судзе Гараўскі распавёў пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі:
— Калі на загад Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць.
— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.
— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, вядома, я ведаў, хто гэта такі.
Гараўскі распавёў, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Ён дадаў, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад і з ім "будет проводиться беседа", і не ведаў, куды яго вязуць.
Суддзя спытаў:
— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі расстрэлы?
— Так.
— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?
Гараўскі пасля паўзы:
— Трымаў падобны.
— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?
— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.
Далей Гараўскі распавёў:
"Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: усе гатовы? Мы адказалі: так. Мы пад'ехалі да саўны, сядзелі ў двух машынах. Паўлічэнка мне і Уладзіміру Буцько сказаў прайсціся і паглядзець, дзе і як мы будзем ажыццяўляць затрыманне. Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разбіцці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасць злачынства. Я спецыяльна разбіў яму (Ганчару) нос, каб пайшла кроў. Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына была джып чорнага колеру. Мы паехалі ў бок Бегомля. Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы, Паўлічэнка выйшаў з машыны, праз пяць хвілін падыйшоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: узніміце галовы. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: так, гэта ён. Паўлічэнка сеў у машыну і мы паехалі ў Бегомль. У Бягомлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў. Пасля хвілін праз 5-10 сказаў распранаць іх, і калі я распранаў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца. Я запусціў руку ў туфлю і дастаў спецыяльную сцельку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы".
Гараўскі сцвярджае, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі "эскадрона смерці" пасля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку.
"Бо ён доўга гарыць", — дадаў Паўлічэнка.
Гараўскі адмаўляецца ад папярэдніх сведчанняў, што пісталет быў у яго. Кажа суддзі, што гэта вынік "кепскага перакладу".
На пытанні суддзі Гараўскі адказвае вельмі раздражнёна.
Суддзя ўдакладняе ў Гараўскага пра плямы крыві, што былі выяўлены на месцы гвалтоўнага выкрадання Ганчара і Красоўскага, пытаецца, што гэта за плямы.
Гараўскі кажа, што гэта плямы крыві Ганчара, падкрэслівае, што спецыяльна разбіў пераносіцу Ганчару, каб на месцы засталіся плямы крыві, каб пачалося расследаванне, «бо я ўжо тады асэнсоўваў, што гэта злачынства».
Суддзя кажа, што "гэта вельмі жорстка". "Вы ўсё правільна сказалі, — адказвае Гараўскі. — Але ў шмат якіх краінах пры затрыманні чалавека кладуць на зямлю, каб апрануць яму кайданкі".
Прысутныя ў залі на гэтую рэпліку Гараўскага адрэагавалі з абурэннем.
Юры Гараўскі абвінаваціў Паўлічэнку ў спробе яго, Гараўскага, забойства ў 2008 годзе. Пры гэтым судзя згадаў яго іншыя словы.
— Вы сказалі Дойчэ Вэле, што Паўлічэнка забяспечваў вас медыкаментамі, калі вы знаходзіліся ў шпіталі пасля аварыі, гэта праўда? — запытваецца суддзя.
Гараўскі адказвае неахвотна, абмінаючы прамога адказу. Урэшце вымаўляе: "У яго было сваё жыццё, у мяне сваё".
Пры гэтым Гараўскі даволі гучна прамовіў:
— У мяне ў Беларусі засталіся дакументы аб удзеле Паўлічэнкі, Лукашэнкі, Сівакова і Шэймана ў злачынствах супраць Беларусі.
Суддзя ўдакладняе:
— Дзе знаходзяцца гэтыя дакументы?
— У Беларусі. Я не змог іх вывезці, — адказвае Гараўскі.
Суддзя заптыла ў Гараўскага пра яго крымінальнае мінулае, ці праўда, што ён быў асуджаны за вымагальніцтвы і выйшаў датэрмінова за "добрыя паводзіны". Гараўскі ківае галавой.
— Ці азначае гэта, што вы не нейкі агент САХР, а звычайны крымінальнік? — удакладняе суддзя.
— У мяне няма адказу, — гаворыць Гараўскі.
— DW з мяне зрабіла кілера, — працягвае Гараўскі. — Дзякуй. Я нікога не забіваў. Іншыя людзі забівалі, чаму я мушу несці за гэта адказнасць? — вельмі эмацыйна прамаўляе Гараўскі.
— Я хачу данесці да ўсіх, што ў Беларусі страшная дыктатура, якая забівае людзей, — зазначыў ён і дадаў, што Паўлічэнка ў свой час быў вызвалены асабіста дыктатарам Лукашэнкам.
Гараўскі заявіў:
— Перш за ўсё я прыношу прабачэнні родным. Я глыбока шкадую аб сваім саўдзеле ў гэтым. Спадзяюся, сваякі прымуць мае прабачэнні.
За спінай Гараўскага ў судовай залі сядзіць дачка Юрыя Захаранкі — Алена. Але, зачытваючы з паперы гэтыя словы прабачэння, Гараўскі працягваў сядзець да яе спінай і нават не павярнуўся.
Гараўскі вельмі часта ўступае з суддзёй у спрэчкі часта выкарыстоўвае выраз «гэта быў няправільны пераклад».
— Якое пакаранне вы для сябе бачыце? — пытаецца суддзя
Гараўскі адказвае, што не можа дыктаваць суду. «Вы ведаеце законы Швейцарыі і вам вырашаць», — сказаў Гараўскі
— Міграцыйная служба не паверыла вашай гісторыі. Вам адмовілі ў прытулку. Што вы цяпер збіраецеся рабіць? — удакладняе суддзя.
— Я не ведаю, у наступным годзе сканчаецца тэрмін пашпарту і дыктатар Лукашэнка забараніў працягваць пашпарт за мяжой, — распавядае Гараўскі.
Суддзя запытваецца, хто можа пацвердзіць, што Гараўскі не знаходзіцца на службе ў органах разведкі.
— Не ведаю, хто гэта можа пацвердзіць, — кажа падсудны. — Але каля я застануся ў Швейцарыі, я буду працаваць, плаціць падаткі і быць законапаслухмяным грамадзянінам.
Калі пачаўся допыт Гараўскага пракурорам, той адразу перайшоў да супярэчнасцяў у ранейшых паказаннях экс-байца САХР і яго сённяшніх судовых паказаннях, адзначае "Новы Час".
— Вы самі раней сказалі, што дасталі з машыны пісталет і далі Паўлічэнку?
— Паўлічэнка дастаў пісталет з машыны і я гэта бачыў, — з раздражненнем адрэзаў Гараўскі.
Пракурор настойвае на тым, што падсудны раней тры разы казаў аб тым, што сам браў пісталет і перадаваў Паўлічэнку.
Гараўскі выходзіць з раўнавагі і вельмі гучна вымаўляе: "Былі няправільна сфармуляваныя пытанні. Калі ласка, правільна фармулюйце свае пытанні".
І працягвае настойваць на тым, што растрэльны пісталет Паўлічэнку не даваў.
На судзе выступіў прадстаўнік міграцыйнай службы. Гараўскі не захацеў адказваць на яго пытанні. Міграцыйны чыноўнік растлумачыў падсуднаму, што міграцыйная служба — гэта не суд, і калі ў судзе ён можа адмовіцца ад дачы паказанняў, то з міграцыйнай службай Гараўскі мусіць супрацоўнічаць.
— Якія ў вас цяпер дакументы, на якіх правах вы знаходзіцеся ў Швейцарыі? — пытаецца прадстаўнік міграцыйнай службы.
— А якая розніца, гэта не мае дачынення да справы. Я знаходжуся ў Швейцарыі на законных падставах, — адказвае Гараўскі.
— За час пасяджэння вы некалькі разоў адключалі мікрафон. Навошта вы гэта рабілі? — пытаецца прадстаўнік міграцыйнай службы.
Гараўскі губляецца і перапытвае: "А я хіба яго выключаў? Гэта было выпадкова, прабачце".
Міграцыйны супрацоўнік дадае: "Гэта было заўсёды, калі гутарка заходзіла пра Смірнова..."
Гараўскі выходзіць з сябе і кажа: "Я не буду адказваць на гэтае пытанне".
На працэсе выступіў пракурор. Ён заявіў, што на судзе прадстаўлена дастаткова доказаў вінаватасці Гараўскага ў гвалтоўным выкраданні апазіцыйных беларускіх палітыкаў і просіць суд пакараць яго трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна. Пры гэтым, на думку пракурора, Гараўскі не можа быць экстрадаваны ў Беларусь. Нагадаем, Швейцарыя адмовіла яму ў прытулку.
За пракурорам выступае прадстаўнік сем'яў зніклых. Гараўскі зноў уздымаецца з крэсла, моршчыцца ад болю, слухае прадстаўніка стоячы. Прадстаўнік сем'яў забітых беларускіх апазіцыянераў у сваёй прамове падтрымаў пазіцыю пракурора ў частцы віноаватасці Гараўскага, і лічыць, што Гараўскі мусіць выплаціць сваякам забітых 200 тысяч швейцарскіх франкаў у якасці кампенсацыі.
Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХР у датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжныя засядацелі.