Працуюць на карысць правоў чалавека ў Беларусі: фонд "Свабода і дэмакратыя” прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем"
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сваім рашэннем ад 15 жніўня ўнесла ў спіс "экстрэмісцкіх фармаванняў" польскі няўрадавы фонд “Свабода і дэмакратыя". Датычнымі да фонду названыя Лілія Любаневіч і Мацей Данцэвіч. Такая пільная “ўвага” сілавых структур да гэтай арганізацыі звязаная з тым, што “Свабода і дэмакратыя" працуе ў тым ліку і на карысць правоў чалавека ў Беларусі.
Створаная 18 год таму польская няўрадавая арганізацыя Фонд "Свабода і дэмакратыя” ("Wolność i demokracja") займаецца падтрымкай барацьбы за правы чалавека, грамадзянскія свабоды і свабоду слова ў Беларусі і іншых постсавецкіх краінах.
Штуршком да стварэння фонду стала закрыццё беларускімі ўладамі летам 2005 года двух незалежных польскіх выданняў, звязаных з Саюзам палякаў у Беларусі. Неабходнасць выпуску часопісаў і прыцягнення для гэтых мэтаў фінансавых сродкаў прывяла да стварэння фонду.
З цягам часу дзейнасць арганізацыі пашырылася і на іншыя напрамкі. Сёння "Свабода і дэмакратыя” супрацоўнічае з многімі беларускімі грамадскімі і праваабарончымі арганізацыямі, незалежнымі СМІ, а таксама з тэлеканалам "Белсат", і цягам многіх гадоў падтрымлівала яго фінансава.
Паралельна фонд займаецца абаронай нацыянальнай ідэнтычнасці і аднаўленнем поўнай незалежнасці Беларусі і падтрымлівае Украіну ў барацьбе з расейскай агрэсіяй.
Яшчэ адзін напрамак дзейнасці – падтрымка польскіх арганізацый на постсавецкай прасторы, у асноўным у Беларусі, Украіне і Літве, а таксама ў іншых краінах па ўсім свеце.