viasna on patreon

Трое новых "хросных" з Германіі для палітвязняў у Беларусі

2024 2024-08-23T13:39:27+0300 2024-08-23T13:39:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/heidt-licina-bode-hoenel.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт (Свабодная дэмакратычная партыя), Луіза Ліцына-Бадэ (Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны) і Бруна Хенэль (Альянс 90 / Зялёныя) сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

peter-heidt-632x842.jpg

Аляксей Бародка працаваў незалежным юрыстам, які выступаў у абарону палітвязняў. Ён быў арыштаваны 23 студзеня 2023 года за сваю дзейнасць і каментары ў інтэрнэце, у якіх ён асуджаў шматлікія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Пасля Аляксея асудзілі да шасці гадоў турэмнага зняволення па абвінавачванні ў "распальванні нянавісці" (артыкул 130). Ён таксама быў пазбаўлены ліцэнзіі.

Петэр Хайдт — дэпутат нямецкага Бундэстагу ад свабоднай дэмакратычнай партыі. Ён становіцца хросным бацькам Аляксея Бародкі і тлумачыць сваё рашэнне:

"Пасля шматабяцальнага лета 2020 года ў Беларусі пачаліся рэпрэсіі беспрэцэдэнтнага маштабу. Колькасць палітвязняў расце з кожным тыднем. Сёння ў жахлівых умовах беларускіх турмаў утрымліваюцца 1 500 палітвязняў, якія апынуліся там праз сваю барацьбу за свабоду і дэмакратыю. Беларускія ўлады таксама сістэматычна пераследуюць адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы людзей у палітычных справах або публічна кажуць аб парушэннях правоў чалавека. Гэта адбылося і з Аляксеем Бародкам. Ён быў арыштаваны ў 2023 годзе і адвольна асуджаны да шасці гадоў турэмнага зняволення. Як сябра Камітэта правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі, я падтрымліваю Аляксея Бародку сваёй пастановай стаць ягоным "хросным". Паступаючы такім чынам, я прыцягваю ўвагу грамадскасці і вяртаю яму голас, які Лукашэнка хоча адабраць у яго сілай".

luiza-licina-bode-632x844.jpg
Луіза Ліцына-Бадэ

Сяргей Шамецька працаваў у буйной беларускай кампаніі і быў сябрам Свабоднага прафсаюза "Рабочы рух", які заклікаў да забастовак у 2020 годзе пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Ён быў арыштаваны 21 верасня 2021 года і асуджаны на 12 гадоў пазбаўлення волі за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім" (артыкул 361-1) і "дзяржаўную здраду" (артыкул 356).

Луіза Ліцына-Бадэ — дэпутатка Бундэстагу ад сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, сябра камітэту па прававых пытаннях і прафсаюзная актывістка. Гэта ўжо другі раз, калі яна становіцца "хроснай" палітвязня з прафсаюзным мінулым. Яна заяўляе:

"Становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі значна пагоршылася пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. А таксама становішча дэмакратычнага руху, незалежных СМІ, праваабарончых арганізацый. Але перш за ўсё пагоршылася становішча незалежных прафсаюзаў. Многія з іх былі прымусова ліквідаваныя, а іх лідары былі адвольна арыштаваныя і асуджаныя падчас паказальных працэсаў. Гэта тычыцца і Сяргея Шамецькі. Для мяне, як для сацыял-дэмакраткі, асабліва важна падтрымліваць свабодныя і незалежныя прафсаюзы. Яны гарантуюць справядлівыя ўмовы працы і справядлівую заработную плату. І яны з'яўляюцца неад'емнай часткай дэмакратычнага руху ў Беларусі! Вось чаму мы павінны змагацца за тое, каб незалежная прафсаюзная дзейнасць зноў стала магчымай. Менавіта таму я выступаю за неадкладнае вызваленне Сяргея і ягоных таварышаў. Сяргею, "Рабочаму руху" і беларускаму прафсаюзнаму руху я кажу: мы з вамі! #WeStandBYyou!"

bruno-honel-632x843.jpg
Бруна Хенэль

Чэслаў Канановіч — бацька дваіх маленькіх дзяцей. Працаваў намеснікам дырэктара кампаніі. Ён быў арыштаваны 5 ліпеня 2023 года за ахвяраванні беларускай валанцёрскай арганізацыі ва Украіне. Чэслава асудзілі да пяці гадоў турэмнага зняволення нібыта за "ўдзел у ваенных дзеяннях або падрыхтоўку да іх на тэрыторыі замежнай дзяржавы (артыкул 361-3)".

Бруна Хенэль — дэпутат Бундэстагу ад партыі Альянс 90 / Зялёныя. Ён салідарны з Чэславам Канановічам і заяўляе:

"Дыктатар Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю амаль 30 гадоў. Як можна апісаць яго аўтакратычны рэжым? Гвалт і рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў апазіцыі і мірных дэманстрантаў, эканамічная стагнацыя і карупцыя, ушчамленне правоў чалавека, фальсіфікацыі на выбарах, цэнзура. Чэслаў Канановіч быў арыштаваны 5 ліпеня 2023 года і асуджаны да пяці гадоў турэмнага зняволення за тое, што рабіў ахвяраванні Беларускай асацыяцыі валанцёраў ва Украіне. Я станаўлюся "хросным" Чэслава і патрабую яго неадкладнага вызвалення, і вызвалення ўсіх іншых палітвязняў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства