viasna on patreon

Затрыманне за розыгрыш на дзень народзінаў, рэйд на сенненскіх медыкаў: хроніка пераследу 30 ліпеня Дапоўнена

2024 2024-07-30T11:59:00+0300 2024-07-30T17:27:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/slucki-stralkovy-klub.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі адміністратарку чата "Беларусы ў ЗША"

Паведамляецца, што ў чаце размяшчалі спасылкі на зборы для беларусаў, а сама затрыманая нібыта абражала прадстаўнікоў улады і сілавікоў.

У сацыяльных сетках жанчына падпісаная як Olga Vredinka. Вядома, што яна стала пражывае ў Нью-Ёрку.


Затрымалі былога супрацоўніка Беларускай Чыгункі

Сцвярджаецца што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, быў падпісаны на "экстрэмісцкія рэсурсы", а таксама дасылаў інфармацыю пра былых калег у чат-бот "Чорнай кнігі Беларусі".


У Магілёве звальняюць "нафтавікоў", якія ў 2020 годзе пакідалі подпісы за незалежных кандыдатаў

Як паведамілі падпісанты тэлеграм-канала MAYDAY, 30 ліпеня намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы, рэжыме і кадрах прадпрыемства "Беларуснафта" Аляксандр Ткачоў прыбыў у магілёўскую філію кампаніі.

З сабой ён прывёз спіс з дадзенымі 30 супрацоўнікаў, якія ў 2020 годзе ставілі подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Паводле дадзеных крыніцы, людзям прапануюць напісаць заяву аб сыходзе па ўласным жаданні. У адваротным выпадку, пагражаюць звальненнем "па артыкуле".

Варта адзначыць, што акрамя займаемай пасады ў "Беларуснафце", Аляксандр Ткачоў таксама з'яўляецца сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь.


Пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы затрымалі беларуса

Падчас размовы з правакатарам, які прадставіўся супрацоўнікам украінскай СБУ, мужчына сказаў, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, мае фотаздымак з Сяргеем Ціханоўскім і чытае незалежныя СМІ.

На "пакаяльным відэа" мужчына таксама "прызнаецца ў тым", што негатыўна выказваўся "на адрас РФ і дзеючай улады ў Беларусі".


Слуцкі стралковы клуб павіншаваў хлопца з днём нараджэння, імітаваўшы затрыманне. Цяпер да іх прыйшоў сапраўдны АМАП

Слуцкі гідрабольны клуб Battlefield павіншаваў 15-гадовага падлетка з днём нараджэння, імітаваўшы яго затрыманне — на яго надзелі кайданкі, скамандавалі "мордай у падлогу", пасля чаго прынеслі торт, на якім трэба было задзьмуць свечкі. Ролік клуб апублікаваў у Instagram, паведаміла "Медыязона". Пасля гэтага да іх саміх прыйшлі сілавікі,

Праўладны тэлеграм-канал сілавікоў 30 ліпеня апублікаваў пост, у якім распавёў, што арганізатараў пранку затрымалі.

"Празмерна актыўныя выдумшчыкі за сваю задуму ўжо атрымалі пратаколы за дробнае хуліганства — зараз у іх будзе час падумаць над сваімі паводзінамі ў ІЧУ".


У Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы быў праведзены "рэйд" — знайшлі пяць супрацоўнікаў, якія былі падпісаныя на "экстрэмісцкія рэсурсы"

Пра гэта распавяла галоўная лекарка ЦРБ Крысціна Гарчынская ў тэлесюжэце мясцовых прапагандыстаў. Яна адзначыла, што людзі былі падпісаныя на адпаведныя рэсурсы даўно, але не адпісаліся.

Імёны пецярых медработнікаў і іх далейшы лёс невядомы.


У Гомелі за распаўсюд "экстрэмізму" судзілі шматдзетнага бацьку

maryjan-holub.jpg
Марыян Голуб

Пра гэта паведаміла "Гомельская Вясна".

Учора, 29 ліпеня, у Навабеліцкім судзе Гомеля праходзіў суд над прадпрымальнікам і шматдзетным бацькам Марыянам Голубам. Справу разглядаў суддзя Генадзь Калацэй. Марыяна абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Абставіны справы невядомыя.

Марыян — бацька шасцёх дзяцей, вывучаў псіхалогію ў каталіцкім універсітэце ў Польшчы. Працаваў у грамадскай арганізацыі «Добрая сям’я», апошнім часам яго дзейнасць была звязаная з IT-сферай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства