viasna on patreon

"Накіраваныя на схіленне асуджаных да прызнання віны". Юрыст "Вясны" аналізуе новаўвядзенні на "хіміі"

2024 2024-07-10T16:30:00+0300 2024-07-10T17:19:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/20211022_mn_sapelka-6203.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі 12 ліпеня набывае моц Закон "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Змены закрануць у тым ліку Крымінальна-выканаўчы кодэкс (КВК) — асноўны дакумент аб правах і абавязках асуджаных. У некаторых выпадках улады на заканадаўчым узроўні хочуць замацаваць ужо існуючую практыку. Напрыклад, прымусіць "хімікаў" харчавацца ў ПУАТ за свой кошт або за кошт установы з наступным пакрыццём кошту. Пры гэтым цяпер на "хіміі" менавіта так і адбываецца. Акрамя гэтага, зараз для кантролю за людзьмі, што адбываюць тэрмін на "хіміі", улады могуць выкарыстоўваць спецыяльныя тэхнічныя сродкі — аўдыёвізуальныя, электронныя ды іншыя. Юрыст "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў новаўвядзенні ў КВК і распавёў, што зменіцца для асуджаных на "хіміі", што для іх будзе лічыцца "парушэннем умоў адбыцця тэрміну" і пра "прызнанне віны", якое цяпер стала законнай умовай для выпраўлення зняволення 

Павел Сапелко. Фото:

"Змястоўных змяненняў у КВК не так ужо і шмат, і яны, у асноўным, закліканыя на заканадаўчым узроўні замацаваць ужо існуючую практыку, а дзе-нідзе закрыць прарэхі, што ўтварыліся пасля прыняцця новых законаў у сумежных галінах права.

Некаторыя нормы трохі дадаюць дэкларатыўнага аптымізму ў КВК, але ў сённяшніх умовах часта выглядаюць як здзек: чаго вартае абяцанне ўлічваць пры ўжыванні сродкаў выпраўлення асуджаных іх імкненне да набыцця значных для сацыяльнай адаптацыі кампетэнцыяў і (або) пераадоленні негатыўных рыс асобы.

Новыя нормы КВК можна агулам расцаніць як тэхнічныя — за выключэннем тых, што накіраваныя на схіленне асуджаных да прызнання віны ў злачынстве, за якое яны асуджаныя, на этапе адбыцця пакарання — раней гэта было частай, але не заўсёды відавочнай практыкай, і фармальна асуджаныя былі вольныя ад гэтага абавязку", — ацэньвае змены юрыст.

Апавяшчэнне аб прыбыцці

Трохі можа павялічыцца тэрмін, на працягу якога адміністрацыя ўстановы, што выконвае пакаранне, абавязаная накіраваць апавяшчэнне аднаму са сваякоў асуджанага, на падставе яго пісьмовай заявы, інфармацыю аб прыбыцці асуджанага ў месца адбыцця пакарання — не пазней трох рабочых дзён з дня яго прыбыцця.Раней было — "трое сутак", таму гэта магло трапіць на выходныя дні. 

Сачэнне на "хіміі"

Новай практыкай у папраўчых установах адкрытага тыпу ў час ажыццяўлення кантролю за выкананнем асуджанымі парадку і ўмоў адбыцця пакарання стане выкарыстанне аўдыёвізуальных, электронных ды іншых тэхнічных сродкаў нагляду і кантролю "для папярэджання здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў, парушэнняў устаноўленага парадку адбыцця пакарання, а таксама для атрымання неабходнай інфармацыі аб паводзінах асуджаных". Пералік такіх сродкаў і парадак іх выкарыстання ўстаноўленыя пастановай Міністэрства ўнутраных справаў 6 чэрвеня 2024 г. № 176 "Аб тэхнічных сродках нагляду і кантролю". Дарэчы, парадак ужывання ў пастанове — гэта толькі канстатацыя неабходнасці выкарыстання спраўных ды ўкамплектаваных тэхнічных сродкаў упаўнаважанымі асобамі згодна з сваім меркаваннем.

Харчавацца за свой кошт, як цяпер і адбываецца на практыцы

Новую рэдакцыю атрымала норма аб парадку арганізацыі харчавання асуджаных да абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ: установа больш не арганізуе харчавання асуджаных (яно, уласна, яго ніколі ў аглядным мінулым і не арганізоўвала). Харчаванне будзе ажыццяўляецца асуджанымі за кошт уласных сродкаў, а пры адсутнасці ў асуджаных уласных сродкаў іх харчаванне будзе забяспечваецца за кошт дзяржавы з наступнай кампенсацыяй асуджанымі яго кошту. Гатаванне ежы будзе ажыццяўляцца асуджанымі самастойна ў спецыяльна абсталяваных для гэтага памяшканнях (менавіта так гэта і арганізавана цяпер). Пры адсутнасці ў асуджаных уласных сродкаў на набыццё прадуктаў харчавання яны забяспечваюцца наборам прадуктаў харчавання паводле нормаў, устаноўленых для асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, або могуць забяспечвацца харчаваннем, што паступаюць з арганізацый грамадскага харчавання, з наступнай кампенсацыяй асуджанымі выдаткаў, фактычна панесеных папраўчай установай адкрытага тыпу.

Паборы на "хіміі"

Узаконеная практыка прымання тавараў і грошай ад зняволеных на карысць ПУАТ: "для паляпшэння жыллёва-бытавых умоў асуджаных, аказання асуджаным матэрыяльнай дапамогі ў папраўчых установах адкрытага тыпу могуць выкарыстоўвацца грашовыя сродкі ды іншая маёмасць, якія перадаюцца бязвыплатна асуджанымі ды іншымі фізічнымі асобамі".

Замена "хіміі" на больш мяккае пакаранне

Дапоўненыя крытэрыі, згодна з якімі асуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, што маюць рэгістрацыю па месцы жыхарства, і якія "цвёрда сталі на шлях выпраўлення", могуць быць пераведзеныя паводле пастановы (прызначэння) суда для адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Прымус да прызнання віны  

Новай стала норма аб тым, што з гэтага часу прызнанне віны ва ўчыненым злачынстве ўжо не дэ-факта, а дэ-юрэ стала неабходнай умовай таго, каб адпавядаць крытэру зняволенага, што "цвёрда стаў на шлях выпраўлення".

Парушэнне ўмоваў адбыцця пакарання

Парушэннямі парадку і ўмоваў адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ будуць лічыцца: невыкананне асуджаным ускладзеных на яго абавязкаў, невыкананне правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў адкрытага тыпу, парушэнне ўстаноўленых забаронаў, працоўнай дысцыпліны; а таксама прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці ці іншых адміністрацыйных правапарушэнняў, за якія законам прадугледжана адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. Апошняя норма ўдакладніла ранейшую кароткую фармулёўку пра парушэнне грамадскага парадку.

Злоснае ўхіленне ад адбыцця пакарання

З канца жніўня 2021 года замена абмежавання волі на пазбаўленне волі прадугледжана за злоснае ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Да гэтага часу ў КВК было толькі вызначэнне ўхілення, за якое па сутнасці, а не за злоснае ўхіленне, пазбаўлялі волі парушальнікаў, і якое, спахапіўшыся, нарэшце перайменавалі ў "злоснае ўхіленне".

Замена "хіміі" на калонію

Для асуджаных, якім абмежаванне волі замененае больш строгім пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі, устаноўлены парадак затрымання і змяшчэння ў месцы ўтрымання пад вартай.

Вуснае папярэджанне

Неістотна зменены парадак і ўмовы вынясення вуснага папярэджання аб недапушчальнасці парушэння ўстаноўленага парадку і ўмоў адбыцця пакарання. Вынясенне паўторнага вуснага папярэджання будзе дапускацца не раней аднаго месяца з дня вынясення папярэдняга вуснага папярэджання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства