viasna on patreon

"Еўропа падтрымлівае гэтых смелых палітвязняў!" Яшчэ тры дэпутаты з Фінляндыі, Германіі ды Італіі сталі часткай кампаніі #WeStandBYyou

2024 2024-06-19T16:22:57+0300 2024-06-19T16:36:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/wp_tynkkynen-picierno-oezdemir-bubendorfer-licht.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці # WeStandBYyou Орас Цінкінен (Зялёны саюз, Эдускунта, Фінляндыя), Піна Пічэрна (Дэмакратычная партыя, Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў, Еўрапейскі парламент, Італія) і Сандра Бубендорфер-Ліхт (Свабодная дэмакратычная партыя, Бундэстаг Германіі) сталі "хроснымі" Алесі Лянцэвіч, Кацярыны Калыбенкі ды Анастасіі Лазарэнкі.

wp_tynkkynen-picierno-oezdemir-bubendorf
Орас Цінкінен, Піна Пічэрна і Сандра Бубендорфер-Ліхт


Алеся Лянцэвіч — псіхатэрапеўтка, якую арыштавалі 25 траўня 2023 года за каментары ў інтэрнэце, у тым ліку за тое, што яна назвала Лукашэнку псіхапатам. Яна таксама рабіла ахвяраванні ў фонды салідарнасці, якія пазней былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Алесю асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за "абразу Лукашэнкі" (арт.368 КК) і "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). Вядома, што Алеся пакутуе на сур'ёзнае захворванне, таму знаходзіцца ў групе высокай рызыкі праз турэмнае зняволенне.

Абавязкі "хроснага" Алесі Лянцэвіч узяў на сябе чалец фінскага парламента ад партыі Vihreä liitto (Зялёны саюз) Орас Цінкінен. Ён тлумачыць сваё рашэнне:

"На жаль, выпадак Алесі не выключны. Нелегітымнае аўтарытарнае кіраванне Аляксандра Лукашэнкі прывяло да таго, што тысячы беларусаў і беларусак апынуліся за кратамі за тое, што яны адстойвалі свае правы. Але, на шчасце, Алеся не самотная. Мы на яе баку. І мы не спынімся, пакуль яна ды ўсе іншыя вязні сумлення Беларусі не апынуцца на волі. Для мяне вялікі гонар стаць "хросным" Алесі як палітычнай зняволенай. Мой абавязак як чальца парламента — змагацца за ўсеагульныя правы чалавека паўсюль і для ўсіх. Пуцінская Расія выкарыстоўвае Беларусь як інструмент у жорсткай і неапраўданай агрэсіўнай вайне ва Украіне. Тыраніі Лукашэнка мусіць быць пакладзены канец".

Кацярына Калыбенка была арыштаваная 10 студзеня 2023 года за каментары аб дзяржаўным служачым. Кацярына павінна адбыць 3,5 года турэмнага зняволення за "гвалт або пагрозу ў дачыненні да прадстаўніка ўлады" (арт. 366 КК) і "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК).

Палітзняволеную Кацярыну падтрымлівае, стаўшы яе "хроснай", віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента ды італьянская дэпутатка ад Прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў ад Partito Democratico Піна Пічэрна. Яна заяўляе:

"Я вырашыла "удачарыць" Кацярыну Калыбенку, што была асуджаная па артыкулах 369 і 364 Крымінальнага кодэкса за каментар на адрас супрацоўніка органаў унутраных спраў, размешчаны ў інтэрнэце. Яна была асуджаная да трох гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Беларускі рэжым Лукашэнкі штодня рэпрэсуе палітычную апазіцыю, журналістаў ды СМІ і тым самым парушае правы чалавека. Яго рэжым павінен быць прыцягнуты да адказнасці за свае злачынствы супраць беларусаў і падтрымку вайны Расіі супраць Украіны. Я падтрымліваю вас і вашае права быць свабоднымі. Еўропа падтрымлівае гэтых смелых палітвязняў!"

Анастасія Лазарэнка — юрыстка і адвакатка, якая выступала, у тым ліку ў абарону палітвязняў. Акрамя гэтага, яна даглядала за сваім бацькам сталага веку і хранічна хворым сынам. 2 чэрвеня 2022 года ў яе дом уварваліся сілавікі ды арыштавалі адвакатку. Анастасію абвінавацілі ў тым, што яна нібыта перадала асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз чат і ўзяла ўдзел у пратэсным маршы. Анастасію асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі за "актыўныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК), "распальванне іншай сацыяльнай нянавісці" (арт. 130 КК) і "незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных" (арт.203-1 КК).

"Хроснай" адвакаткі стала дэпутатка нямецкага Бундэстага ад свабоднай дэмакратычнай партыі Сандра Бубендорфер-Ліхт, якая ўжо ў другі раз выказвае салідарнасць такім чынам з палітвязнямі Беларусі.

"Анастасія Лазарэнка плаціць высокую цану за сваё імкненне да свабоды. Адвакатку абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія сур'ёзна парушалі грамадскі парадак, — за аказанне бясплатнай юрыдычнай дапамогі сваякам палітвязняў. Анастасія была асуджаная да шасці гадоў калоніі. Гэта невытлумачальная несправядлівасць! Яна мусіць быць неадкладна вызвалена! Я адчуваю найвялікшую павагу і захапленне да народу Беларусі, чыя адвага ў барацьбе за свабоду пераўзыходзіць страх перад рэжымам ды яго бандытамі. Многія рызыкуюць сваім станам, здароўем і жыццём дзеля незалежнай будучыні. Нямеччына і ўся Еўропа падтрымліваюць дэмакратычны рух у Беларусі. Жыве Беларусь!"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства