viasna on patreon

Амністыя-2024: у гонар вызвалення Беларусі без вызвалення палітычных вязняў

2024 2024-06-03T12:45:00+0300 2024-06-04T05:20:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amnistja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінула амаль дзесяць гадоў з таго дня, як у 2014-м з-за кратаў выйшаў на свабоду Алесь Бяляцкі – кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”. Фармальнай падставай гучнай падзеі сталася амністыя ў гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашызму, закон аб якой быў прыняты напярэдадні. Гэта было першае крымінальнае зняволенне Алеся, якім улада “ўзнагародзіла” яго за праваабарончую дзейнасць. На жаль, сёлетняя амністыя, якая таксама прысвечаная ўгодкам вызвалення краіны, такой магчымасці не прадугледжвае. Ні для Алеся, ні для іншых палітычных зняволеных, якіх цяпер стала, у параўнанні з 2014-м годам, на некалькі парадкаў больш. "Вясна" разам з юрыстам Алегам Мацкевічам разбіраецца ў асаблівасцях чарговай беларускай амністыі.

Большасць будучых амніставаных – тыя, хто зараз адбывае пакаранне без пазбаўлення волі

30 траўня 2024 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў двух чытаннях законапраект “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Праект закона быў унесены ў Палату прадстаўнікоў 23 траўня 2024 года, а прадстаўляў яго намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

amnistia-2024.jpg
Галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў за "Закон аб амністыі"

Мяркуецца, што амністыя закране каля 7850 асуджаных. З гэтай колькасці толькі 300 чалавек будуць вызваленыя з месцаў зняволення, 260-ці з іх пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі будзе замененае на больш мяккае ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, яшчэ 40 асобаў вызваляць з-пад арышту. Значная частка будучых амніставаных – тыя, хто зараз адбывае пакаранне без пазбаўлення волі. Некаторых іх вызваляць ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, ад пакарання ўмоўна на неадбытую частку пакарання. Яшчэ частцы асуджаных скароцяць тэрмін пакарання на 1 год. Заяўлена, што асноўнымі ўмовамі для прымянення амністыі з’яўляюцца поўнае пакрыццё шкоды, прычыненай злачынствам, і станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбывання пакарання.

За час існавання незалежнай Беларусі было прынята звыш паўтара дзясятка законаў аб амністыі. Звычайна гэта адбываецца ў сувязі з дзяржаўным святкаваннем круглых дат – вызвалення Беларусі ад нацызму, або перамогі ў вайне. Ёсць таксама амністыі без урачыстых нагодаў – па іх у розныя гады вызваляюцца пэўныя катэгорыі асобаў, якія здзейснілі злачынства.

Амністыя ніякім чынам не паўплывае на становішча палітзняволеных

Пачынаючы з 2020 года гэта ўжо трэці закон аб амністыі. Два папярэдніх – “Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” і “Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства” – пабачылі свет у траўні 2020 г. і ў снежні 2022 г. адпаведна. Першая амністыя была ў час, калі ў краіне толькі пачаў раскручвацца махавік рэпрэсій і не было такой колькасці палітзняволеных, як зараз. Другая амністыя – 2022 года, прымеркаваная да “народнага адзінства”, нягледзячы на гучную назву, сапраўднага народнага яднання не прынесла.

Амністыя-2024, як і папярэдняя, ніякім чынам не паўплывае на становішча палітычных зняволеных: закон не прадугледжвае палёгкі для асобаў, датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці. Па стане на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1402 палітычных зняволеных, усе яны на падставе рашэнняў судоў і сілавых структур прылічаны да экстрэмістаў і тэрарыстаў.

Аналітыкі і палітычныя аглядальнікі кажуць – няма палітычнай волі. Кіраўніцтва дзяржавы ў кааперацыі з сілавым блокам пакуль не бачыць пагрозы свайму існаванню і таму не робіць ніякіх захадаў у накірунку ўстанаўлення ў краіне і грамадстве палітычнага міра і кансэнсусу. А гэта немагчыма без вызвалення асуджаных па палітычных матывах.

gomel-kaloniya.jpeg
Жаночая калонія ў Гомелі.

Дзяржава не саспела для падобных дзеянняў

Прымяненне механізмаў амністыі ў дачыненні хаця б да часткі палітычных зняволеных, напрыклад, з так званага “гуманітарнага спісу”, азначала б разварот у метадах кіравання дзяржавай і, магчыма, асцярожную прапанову з боку дзеючай улады да сваіх апанентаў з тым, каб распачаць агульнанацыянальны дыялог. Адсутнасць гэткіх досыць сімвалічных крокаў азначае, што дзяржава не саспела для падобных дзеянняў.

Апрача таго, можна меркаваць, што выкарыстанне прававых механізмаў для наладжвання грамадска-палітычнай абстаноўкі азначала б з боку ўлады пачатак гульні “ў доўгую”, згодна з нейкім хаця б прыкладна вызначаным планам. Але ўлада не прывыкла граць па правілах і не ведае той мовы, на якой звычайна пішуцца чалавечыя законы. Таму дзейнічае яна, верагодна, без плана, але з досыць простым разлікам: палітзняволеных можна будзе вызваліць у любы момант, як толькі ў гэтым з’явіцца патрэба. І пад гэтую падзею можна будзе падцягнуць любы прававы механізм, будзь то амністыя, або памілаванне. А яшчэ можна ўключыць рэжым “иногда не до законов” і проста вызваліць палітычных без юрыдычных падстаў, бо, як паказвае жыццё, у Беларусі ён таксама працуе.

Уладныя структуры, падначаленыя Аляксандру Лукашэнка і сілавому блоку, працуюць ва ўнісон з імі і не маюць уласнай палітычнай волі або, як прынята казаць у такіх выпадках, палітычнай суб’ектнасці.

Аб гэтым сведчыць хаця б той факт, што законапраект аб амністыі быў прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях. Калі зазірнуць у закон аб рэгламенце гэтага “прадстаўнічага” органа, то можна пабачыць, што звычайны парадак ад вынясення законапраекта да яго прыняцця, а таксама паміж прыняццем у першым і другім чытаннях, прадугледжвае пэўную працэдуру, якая можа цягнуцца ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў і ўключае ў сябе шэраг крокаў: абмеркаванне канцэпцыі і мэтазгоднасці праекта, яго абгрунтаванне, унясенне заўваг, прапаноў, шэраг экспертыз і г.д.

Гарадзенская турма. Фота: ПЦ
Турма №4 ў Гродне.

Паспешнасць у прыняцці закона аб амністыі сведчыць аб тым, што рэальнай дыскусіі па праекце, распрацаваным у нетрах МУС, не вялося, ніякія заўвагі і прапановы не ўносіліся, наўрад ці ў “парламенце” адбывалася абмеркаванне ягонай канцэпцыі і мэтазгоднасці ў тым выглядзе, у якім ён быў канчаткова прыняты.

Між тым у той жа дзень – 30 траўня – на іншым краю Еўропы, у Іспаніі, парламент гэтай краіны таксама абвясціў амністыю. Яна закране каля 400 чалавек, датычных падзей 2017 года падчас правядзення рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі. І хаця аглядальнікі кажуць аб яўна палітычным падтэксце прыняцця амністыі, нельга не звярнуць увагі на словы аднаго з прадстаўнікоў каталонскага палітычнага альянсу Junts:

“Сёння мы не прабачаем, сёння мы перамагаем. Выйграна бітва ў канфлікце, каторы вякамі падзяляў дзве нацыі – каталонскую і іспанскую. Гэты закон – не прабачэнне і не памілаванне, гэта перамога дэмакратыі”.

Ва ўнутрыбеларускім канфлікце пакуль няма ні пераможцаў, ні пераможаных. Няма прабачэння і няма памілавання. Няма перамогі дэмакратыі.

Але застаецца Беларусь. Дзеля будучыні якой агульнанацыянальны дыялог рана ці позна павінны распачацца. З адной абавязковай умовай – амністыяй усіх палітычных зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства