"Следчая адвярнулася да сцяны і заплакала". Гісторыя пенсіянера, якога асудзілі па даносе суседа за ўдзел у пратэстах
Пенсіянера Аляксея (імя зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі ў 2022 годзе па даносе суседа. Да яго на лецішча прыехаў цэлы мікрааўтобус супрацоўнікаў АПАМу і ГУБАЗіКа. Мужчына прайшоў праз катаванні на Акрэсціна і Валадарцы і быў асуджаны да абмежавання волі за ўдзел у Маршах. Падчас "хатняй хіміі" яму ладзілі начныя праверкі, а на прафілактычных камісіях ідэолаг вучыў "як правільна любіць радзіму". Мужчына некалькі месяцаў пражыў у пастаянным страху і трывозе і ў выніку з’ехаў з Беларусі.
Аляксей распавёў "Вясне", як падчас вобшуку ў яго скралі 20 тысяч даляраў, як на Акрэсціна ён страчваў прытомнасць ад каранавірусу. Як пенсіянер спаў на бетоннай падлозе ў перапоўненым карцары і захварэў на прастатыт. Як следчая плакала падчас допыту. А таксама пра тое, як Аляксей дамаўляўся з кантрабандыстамі, каб збегчы з Беларусі, і падскокваў ад радасці, калі апынуўся ў бяспецы.
Падчас вобшуку прапалі грошы на "чорны дзень"
Аляксей жыў у прыватным доме ў садовым таварыстве пад Мінскам. Мужчыну затрымалі летам 2022 года па даносе суседа.
"Сусед-даносчык – з былых супрацоўнікаў міліцыі. Ён ведаў пра маю грамадска-палітычную пазіцыю і дрэнна да мяне ставіўся. У даносе ён напісаў, што я хадзіў на Маршы ў 2020 годзе. Да таго ж, яшчэ да выбараў, мы запрашалі ў садовае таварыства блогера Арцёма Шапарава з канала "Рэальная Беларусь". Тады ў таварыстве абралі старшыню, які краў грошы. Хацелі праз блогера прыцягнуць увагу да праблемы. Суседу ўся гэтая гісторыя тады не спадабалася".
У дзень затрымання раніцай мужчына ехаў на працу і падвозіў у горад суседскую пару сталага веку. Ім перакрылі дарогу два мікрааўтобуса АМАПаўцаў і легкавая машына з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Міліцыянты пачалі крычаць і моцна біць дручкамі па машыне Аляксея. Выцягнулі яго вонкі і павезлі дамоў на вобшук.
Згодна з тэкстам даноса, сілавікі шукалі "экстрэмісцкія матэрыялы, наркотыкі і зброю", кажа суразмоўца. У Аляксея дома знайшлі бел-чырвона-белы сцяг, пра які сілавікам распавёў даносчык.
"Таксама ў мяне знайшлі сцяг ЗША, які я прывёз з вандроўкі па Амерыцы. Сілавік таптаўся нагамі і скакаў па ім".
Вобшук ладзілі не толькі ў хаце, але і ў куратніку, у вуллях, у якіх не было пчол, і ў іншых гаспадарчых пабудовах.
"Таксама ў мяне ва Уруччы ёсць кватэра. На той момант яе арэндаваў ваенны. Дык губазікаўцы патэлілі таму мужыку, што едуць да яго. А ён з імі дамовіўся, каб абыйсціся без вобшуку", – кажа суразмоўца.
Аляксей кажа, што сілавікі падчас ператрусу скралі ў яго 20 тысяч даляраў.
"У мяне ў гаражы быў невялічкі сейфік, куды я адкладаў грошы на "чорны дзень". Сілавік паказаў панятым толькі стары крыжык і пярсцёнак. А грошы з сейфа не дастаў. То бок паводле вопісу іх быццам і не было. Пасля гэтыя грошы так і не знайшліся".
"Вялікая заслуга, што вы не збіваеце свайго бацьку"
Далей мужчыну павязлі ў аддзяленне ГУБАЗіКа. Сілавікі ўвесь час звярталі ўвагу мужчыны на тое, што яны яго не збіваюць, хоць усе затрыманыя звычайна кажуць пра сілавікоў адваротнае, кажа Аляксей.
"Вялікая заслуга, што вы не збіваеце свайго бацьку, казаў я ім. Бо па ўзросце я ім сапраўды як бацька быў. Але бачыў, што яны мяне не разумеюць".
Падчас запісу "пакаяльнага" відэа Аляксей назваў свой узрост – больш за 60 гадоў. Гэта не спадабавался сілавікам і яны загадалі мужчыну запісваць другі дубль.
Скураныя тапкі з карцару нагадвалі фільм пра Асвенцым
Пасля допыту суразмоўцу павезлі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе ён да суда правёў тры дні. Спачатку Аляксею прызначылі 10 сутак арышту за тое, што пераслаў сябру ў тэлеграме відэа з прамовай Паўла Латушкі.
"Спачатку мяне пасадзілі ў маламерную камеру, дзе змяшчалася каля 20 чалавек. Са мною ў камеры быў уладальнік бара "Банкі-Бутэлькі" Андрэй Жук. Некалькі сутак мы ночылі на падлозе носам да носа".
Пазней Аляксея перавялі ў камеру № 4 каля прахадной, у якой ён сядзеў з мастаком Генадзем Драздовым, а таксама з бяздомным і даносчыкам, кажа мужчына. Аляксей адразу перасцярог Генадзя, каб той не распавядаў пры даносчыку нічога пра сваю крымінальную справу. У той камеры Аляксей захварэў на каранавірус. Яго дачка перадавала мужчыну лекі, але адміністрацыя ізалятара іх яму не перадала.
Пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту яго адразу перазатрымалі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэсных акцыях (арт. 342 КК).
"Пакуль я сядзеў на сутках сілавікі знайшлі фотаздымак з Маршу ў маім тэлефоне. Мяне пасадзілі ў вядомую катавальню – камеру ІЧУ № 7. У аднамясцовы карцар плошчай прыкладна шэсць метраў змяшчалі 10-12 чалавек. Мы нават легчы не маглі. Туалет – дзірка ў падлозе. Гэта, канешне, быў жах. Днём ляжаць было забаронена. Я перыядычна падаў долу. З-за каранавіруса стала зусім блага. Дзесьці на трэці дзень у гэтай камеры я страціў прытомнасць. Калі сукамернікі пачалі калаціць у дзверы, тады толькі прыйшоў лекар. Памятаю, як у паўсне ён замяраў мне ціск – было больш за 200. За ўвесь час ён мне даў толькі адну таблетку".
Мужчына кажа, што ў камеры № 7 нельга было знаходзіцца ва ўласным абутку. Ягоны красоўкі пакінулі вонкі, замест іх выдалі скураныя тапкі без пазначэння памеру.
"Я раней глядзеў фільм пра Асвенцым. Дык гэтыя тапкі мне вельмі нагадвалі абутак з фільму".
"Рукі і па сёння баляць у плячах"
Двойчы на дзень Аляксея і іншых вязняў выводзілі на праверку ў позе "ластаўкі".
"Я быў у вельмі кепскім паўпрытомным стане і ледзь трымаўся схіліўшыся галавою да падлогі з паднятымі дагары рукамі. Сілавік біў мяне дручком па руках, каб я іх трымаў яшчэ вышэй. У мяне рукі і па сёння баляць у плячах. Станавіцца трэба было тварам да сцяны і расстаўляць ногі максімальна шырока. Гэта немагчыма было зрабіць, бо людзей было занадта шмат і не хапала месца. Было два-тры сілавіка, якія здзекваліся над затрыманымі з асабілвай жорсткасцю. Яны рэгулярна білі мяне і іншых берцамі па нагах, каб мы шырэй іх расстаўлялі. Так адбывалася кожны дзень раніцай і вечарам".
Праз тое, што Аляксей хварэў і быў сталага веку, іншыя вязні паклалі яго на падлогу. Астатнія спалі стоячы або седзячы на ўнітазе.
Штораніцу падчас праверак у камеру № 7 прыходзіў асабіста начальнік ізалятара.
"Ён увесь час пагражаў нам расправаю і казаў: "Я памятаю, як у 2020 годзе мая сям’я ледзь не пасівела. Я памятаю, як вы тэлефанавалі маім дзецям і пагражалі". Хаця ніхто з нас, вядома, яму не тэлефанаваў", – распавядае суразмоўца.
Аляксей кажа, што аднойчы ў камеру прывялі аўтамеханіка. Яго затрымалі на працоўным месцы за інтэрнэт-каментар "Балаба – певень". На наступны дзень начальнік ІЧУ прыйшоў да камеры, дастаў табельную зброю і пагражаў застрэліць таго рабочага.
Праз некалькі дзён мужчыну пачалі вадзіць на верхні паверх да размовы са следчым. Як ён кажа, ўся размова была пабудаваная, каб схіліць Аляксея да прызнання віны і раскаяння.
"Следчая адвярнулася да сцяны і заплакала"
У СІЗА-1 на Валадарскага мужчына прабыў да суда тры месяцы.
"Пасля карцара на Акрэсціна ў СІЗА на Валадарцы было лягчэй не тое слова. Мяне засялілі ў камеру "Шанхай", дзе ложкі былі ў тры яруса. Адразу паставілі на прафулік, як схільнага да экстрэмізму. Палітычных было недзе 50 адсоткаў. Мы ўсе трымаліся разам. Нават і цяпер падтрымліваю сувязь з сваякамі некаторых палітвязняў, з кім разам сядзеў на Валадарцы".
Падчас знаходжання ў СІЗА Аляксею дадалі ў крымінальную справу яшчэ чатыры эпізоды.
"Раней я дасылаў у Viber адной сваёй знаёмай фотаздымкі з Маршаў, якія пасля не выдаліў з перапіскі. Іх знайшлі ў тэлефоне і прыпісалі мне да справы. Замест аднаго ў мяне стала пяць эпізодаў. Следчая тады сказала, што справа завершаная і больш яна ўжо не будзе прыходзіць. Але ў адну з пятніц мяне зноў выклікаюць на допыт. Следчая кажа: "Ну вось, яшчэ адзін [эпізод] знайшла". Я тады падумаў: "Ну ўсё, дакладна пасадзяць. Хрэн я вытрымаю ў калоніі". І вельмі эмацыйна сказаў, што калі яна яшчэ раз да мяне прыйдзе, то пракляну і яе, і ейных дзяцей. Следчая адвярнулася ад мяне да сцяны і заплакала. Як я пазней даведаўся ад адваката, яна тады была цяжарная. Пасля гэтага выпадку следчая больш да мяне не прыходзіла, а справу неўзабаве накіравалі ў суд".
Мужчына кажа, што на Валадарцы захварэў на прастатыт і прастудзіў ныркі. А пасля вызвалення ў яго выявілі падазрэнне на анкалогію.
Аляксея асудзілі за адно пасяджэнне.
"Падчас суда мяне змясцілі ў шкляную клетку. Я там нічога не чуў, што казалі суддзя і пракурор. Адзінае, адчуваў жах, так не хацелася патрапіць у турму", – кажа суразмоўца.
Падчас перапынку канвойны сказаў мужчыну, каб ён не хваляваўся, і што ўсё будзе добра. Тады ён зраузмеў, што яму не прызначаць пазбаўленне волі. У выніку Аляксея асудзілі на некалькі гадоў "хатняй хіміі".
"Я думаў, што баюся, бо стары і сцыклівы"
Мужчына распавядае, што пасля вызвалення, перажыўшы катаванні на Акрэсціна і Валадарцы, ён ніводнай хвіліны не сумняваўся, што трэба з’язджаць з Беларусі.
"Жыць было невыносна. Ты ўвесь час баішся. З праверкамі прыязджаюць нават ноччу. Нават днём у горадзе ўвесь час падавалася, што за мною сочаць. Я думаў, што так баюся, бо проста ўжо стары і сцыклівы. А потым размаўляў з маладымі, якія таксама на "хатняй хіміі". Аказалася, што ва ўсіх тыя ж самыя пачуцці".
Аляксей зарэгістраваўся як самазаняты. Калі ён працаваў у сваіх замоўцаў, яму часта тэлефанавалі з міліцыі і правяралі, ці мужчна сапраўды знаходзіцца на працоўным месцы. Суразмоўца кажа, што падобныя праверкі вельмі выматвалі і нервавалі.
"Паводле правілаў "хатняй хіміі" кожны дзень а 18:30 мне трэба было быць дома. Яшчэ пры пастаноўцы на ўлік мяне адразу сфатаграфавалі. Сказалі, што будуць па відэакамерах адсочваць, каб я не парушаў рэжым. Калі я прыязджаў у горад, то заўсёды хаваў твар пад брыльком бейсболкі.
Да таго ж мне было забаронена заходзіць у жыллё іншых людзей. Праз гэта я не мог бачыцца з унучкай".
Перыядычна Аляксея выклікалі на камісіі, дзе ідэолаг задаваў яму пытанні пра радзіму і папракаў ягоным прысудам.
"На чарговай такой камісіі я ўжо не вытрымаў і выбухнуў. Пачаў абурацца, адкуль у іх такая нянавісць да пенсіянераў. Спачатку мяне катавалі на Акрэсціна, затым – на Валадарцы. А цяпер тут вучаць, як правільна любіць радзіму. Пасля гэтага яны мяне больш на гэтыя камісіі не выклікалі".
За час "хатняй хіміі" мужчына паспеў падрыхтавацца да ад’езду: зрабіў гуманітарную візу, абнавіў пашпарт і вырашыў пытанні з нерухомасцю.
"Аляксей, ты не ўцячэш"
Мужчына нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці на мяжы з Літвой.
"З суседняй вёскі ўжо бачная літоўская мяжа. За ёй жыве мой стрыечны брат і цётка. Я здзейсніў няўдалую спробу збегчы акурат у тым месцы. Цяпер там пабудавалі высокую агароджу з відэакамерамі. Тамтэйшыя сваякі мне адразу сказалі: "Аляксей, ты не ўцяшэч".
Таксама мужчына звяртаўся з просьбаю яго вывезці да астравецкіх "цыгарэтчыкаў" (тыя, хто займаецца кантрабандай цыгарэт – заўв. рэд.).
"Кантрабандысты выставілі прайс за паслугу – 3000 даляраў. Я пагадзіўся і ўжо нават паехаў з імі, думаючы, што з канцамі. Але з-за чарговага мігранцкага нападу на мяжу па трывозе паднялі памежнікаў. У мяне зноў нічога не атрымалася".
У выніку Аляксей выехаў іншым шляхам. Таксама мужчына дапамог выехаць свайму паплечніку. Яму таксама прызначылі "хатнюю хіміі" за ўдзел у пратэстах, але ў яго не было грошай на дарогу.
"Я яшчэ доўга падскокваў ад радасці"
"Калі я ўжо апынуўся на літоўскай тэрыторыі, тады ўжо быў вельмі радасны і яшчэ доўга падскокваў ад радасці".
Але нягледзячы на радасць ад знаходжання ў бяспецы Аляксей усё роўна з любоўю ўзгадвае сваё жыццё ў Мінску.
"У мяне была добрая машына, добрая праца, вельмі прыгожы дом з зімовым садам. Я вельмі любіў сваю зямлю. Хоць я і шмат вандраваў, але вяртаўся дамоў з такой радасцю. І ўяўляеце, як яны [беларускія ўлады] адбілі цяпер усякае жаданне туды прыязджаць. Але я ведаю, што абавязкова туды вярнуся".