"Твой муж выйшаў — значыць ты будзеш сядзець". Былая палітзняволеная — пра жорсткія ўмовы на "хатняй хіміі"
Кацярыну Еўдакімаву разам з мужам Антонам Маслыкам затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў чэрвені 2022 года на вачах у дзяцей. Іх асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: Антону прызначылі паўтара года калоніі, а Кацярыне — тры гады "хатняй хіміі", хоць пракурорка запрасіла для яе пазбаўленне волі. За першы год адбыцця пакарання жанчыне выпісалі тры парушэнні. Пасля затрымання 23 студзеня гэтага года падчас рэйду КДБ за атрыманне дапамогі ад ініцыятывы INeedHelp ёй пагражала замена абмежавання волі на калонію. Таму сям'я была вымушаная экстранна пакінуць Беларусь, каб зноў не апынуцца пад пераследам. Кацярына распавяла "Вясне" пра жорсткія абмежаванні на "хатняй хіміі", надуманыя парушэнні ад інспектараў, "суткі" ў Смалявіцкім ІЧУ і адсочванне "хатніх хімікаў" праз відэаназіранне на вуліцах і сістэму распазнання твараў.
Пра жорсткія абмежаванні пасля дыверсіі ў Мачулішчах
Прысуд шматдзетнай пары вынеслі на Дзень маці — 14 кастрычніка 2022 года. Пракурорка запрасіла для Кацярыны калонію, але суд прызначыў ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
"Хатнюю хімію" я адбывала ў Смалявіцкім раёне. Там было лягчэй, таму што менш прыязджалі з праверкамі. Але вясной 2023 года пачаліся ўзмацненні жорсткасці. А ўмовы такія: спачатку тры парушэнні, а на чацвёртае — замена рэжыму".
Узмацненне кантролю над "хімікамі" вясной 2023 года Кацярына звязвае з дыверсіяй у Мачулішчах, калі расейскі самалёт далёкай выведкі ДРЛА А-50 пашкодзілі ў двух месцах.
"Тады абмежавалі выхад з дому да адной гадзіны на дзень. А мая вёска знаходзіцца ад Смалявіч за 12 кіламетраў. Да крамы мне ехаць паўгадзіны, а ўсяго часу даюць толькі адну гадзіну".
Двое сутак арышту за тое, што без дазволу паехала на спатканне да мужа ў калонію
Першае парушэнне Кацярыне выпісалі ў лютым 2023 года. Яна спрабавала аспрэчыць яго, але інспектарка запэўніла жанчыну, што "так трэба" і "больш парушэнняў не будзе".
Згодна з п. 2 арт. 6.6 КаАП жанчынам, у якіх на ўтрыманні ёсць непаўналетнія дзеці, не могуць прызначыць у якасці пакарання адміністрацыйны арышт — толькі штраф. Аднак за ўвесь час на "хатняй хіміі" яе двойчы арыштоўвалі насуперак заканадаўству.
У верасні Кацярына атрымала ўжо другое парушэнне, за якое ёй прызначылі двое сутак арышту.
"Другое парушэнне — гэта адзінае, якое заслужыла, бо вінаватая. Мне трэба было паехаць на спатканне да мужа. Я вельмі доўга іх прасіла дазволіць мне, пісала заявы, угаворвала. А яны — ні ў якую. Тым больш яму далі нейкім цудам спатканне, а не ўсім у калоніі дазваляюць. І дзіця хацела да бацькі. У выніку я прыняла рашэнне ехаць. Мне не пашанцавала — яны праверылі. Але я тады трапіла на спатканне і аддала перадачу.
За парушэнне яны мне далі адразу двое сутак арышту. І сказалі: "Вось праз тое, што ў вас дзеці, даем мінімальна". Адзінае, яны мне тады далі адтэрміноўку, каб вырашыць пытанне з дзецьмі. У мяне на гэта было некалькі дзён".
Адсутнасць прыбіральні і відэаназіранне: умовы ўтрымання падчас "сутак"
Кацярына адзначае, што ўмовы ў смалявіцкім ІЧУ, дзе яна адбывала арышт, — жудасныя. Рэчы з сабой узяць не дазволілі, нават забралі красоўкі.
"Адносіны людзей больш ці менш нармальныя былі тады. Яны былі спакойныя. А праз тое, што гэта смалявіцкі раён, "экстрэмістаў" асабліва не было, для іх гэта было ў навінку. Яны і самі былі не радыя. Камера знаходзіцца ў падвале. Холадна, не выдавалі матрацы. Ложка было тры, людзей няма. Я была адна, бо яны сказалі, што да мяне нельга нікога падсаджваць.
Ежу я не ела прынцыпова, толькі гарбату брала. Таму што там няма прыбіральні. Мала таго, што ў камеры стаіць відэаназіранне, праз якое глядзяць і самі паставыя, і дзяжурныя, дык яшчэ стаіць вядро каля ложкаў. Таму я сказала, што адмаўляюся".
З камеры Кацярыну выводзілі двойчы на дзень — раніцай і ўвечары падчас праверак. Толькі тады ёй дазвалялі хадзіць у прыбіральню. Пры гэтым, у адрозненне ад іншых арыштантаў, на гэты час ёй надзявалі кайданкі.
"Муж убачыў, як праходзіць "хімія", і сказаў, што ў калоніі было прасцей"
У кастрычніку 2023 года на волю з калоніі выйшаў Антон. Інспектарка казала Кацярыне, што з выхадам мужа ёй стане лягчэй. Але, па словах жанчыны, усё стала значна горш і ціск на яе ўзмацніўся.
"Яны пачалі часцей прыязджаць, чапляцца да ўсяго. У мяне муж убачыў, як праходзіць "хімія", і сказаў, што ў калоніі было прасцей. Таму што там ты сядзіш і табе ўсё ясна. А тут ты ўвесь час у напрузе: яны прыходзяць ноччу, потым пачалі прыходзіць незразумелыя людзі з крымінальнага вышуку. І ты не разумееш, што ты можаш рабіць, а што — не".
"Крый божа, ты нам тут "Перемен" зайграеш". Экс-палітзняволены рок-музыка распавёў пра паўтара года за кратамі
"Чаму вы даяце мне самае строгае пакаранне?" Новы год у смалявіцкім ІЧУ
Трэцяе парушэнне жанчына атрымала ў снежні 2023 года — проста перад Новым годам. Адна з умоў на "хатняй хіміі" — немагчымасць "адпрасіцца" кудысьці ў інспектараў у той жа дзень. Каб адлучыцца па справах, трэба за тры дні да гэтага напісаць заяву і атрымаць дазвол. Пры гэтым шанцаў атрымаць яго практычна няма, адзначае Кацярына.
У той час у аднаго з дзяцей пачаліся праблемы з зубамі. Раніцай у яго з'явіўся моцны боль і ён пачаў крычаць ад болю.
"Раніцай мы з дзіцем едзем у паліклініку, я бяру даведку, што ў яго такая праблема. Прайшла гадзіна, я ўжо еду дадому, мне тэлефануе інспектарка і кажа: "Каця, мне патэлефанавалі і сказалі, што ты трапіла на нейкую камеру на праспекце Незалежнасці". Я пачала тлумачыць, што адбылося, а яна сказала, каб я тады прыехала і проста напісала тлумачальную".
Кацярына з мужам завезлі дзяцей да бабулі і паехалі да інспектаркі. Адтуль яна ўжо не выйшла — за парушэнне адбыцця пакарання яе арыштавалі на 15 сутак і адправілі ў ІЧУ пры РАУС Смалявіцкага раёна.
"Я пайшла да начальніка, кажу, чаму вы даяце мне самае строгае пакаранне? Хутка Новы год, мяне дзеці чакаюць. Ён мне так і сказаў: "Твой муж выйшаў — значыць ты будзеш сядзець".
У выніку мне нават не дазволілі перадаць рэчы. А я была ў красоўках, лёгкай куртцы, таму што тады было яшчэ цёпла, у спартовай вопратцы, светлых штанах. Яны мяне адразу ж пасадзілі. Тады былі святы, не было начальніка, таму першых пяць дзён я ўсё ж такі ў камеры была з жанчынай".
"Яны крычалі, што я вораг народа, што я не выправілася"
Кацярына не ела ўсе 15 сутак. Паводле яе, гэтым разам супрацоўнікі былі агрэсіўнымі ў адносінах да яе.
"Яны крычалі, што я вораг народа, што я не выправілася. Ім не спадабалася мая вопратка: я была ў шэрых штанах і аранжавай кофце. Казалі, што я прыехала ў бел-чырвона-белай вопратцы. І ў мяне была рознакаляровая куртка, як ЛГБТ-сцяг. Пыталіся: "Ты што, забылася ў якой краіне жывеш?" Я спытала, хіба гэта забаронена, бо няма пакуль такіх забаронаў. Даходзіла да такога, што адзін з дзяжурных прасіў паставых, каб яны вынеслі з камеры яму маю куртку. Таму што ён спачатку па камерах яе ўбачыў, а потым можа пераканацца хацеў".
Ведаючы з папярэдняга досведу, якія ўмовы ў смалявіцкім ІЧУ, знаёмыя Кацярыны адразу напісалі скаргу. У выніку, 31 снежня ў ізалятар прыехала камісія правяраць, у якіх умовах утрымліваецца жанчына. Пры гэтым за дзень да гэтага з ІЧУ адпусцілі ўсіх затрыманых і арыштаваных акрамя яе.
"Прыехала гэтая праверка глядзець мае ўмовы. Сказалі, паступіла скарга, што Еўдакімава ўтрымліваецца ў дрэнных умовах. Мужчына прайшоўся па камеры, спытаў, ці ёсць у мяне скаргі, і адразу ж пайшоў. Гэта значыць ён мне нават не даў магчымасці адказаць. Спытаў у "нікуды" і пайшоў. На гэтым праверка скончылася".
Акрамя гэтага, 4 студзеня праходзіла пахаванне бацькі Кацярыны. Але яе не адпусцілі з ізалятара.
"Гэта прыніжэнне гонару — вядро ў камеры"
Арышт Кацярыны прыйшоўся на час навагодніх вакацый дзяцей, якія на гэты час засталіся з Антонам. Самае складанае за гэтыя два тыдні было знаходзіцца ў поўным няведанні пра тое, як ідуць справы дома.
"Спачатку са мной была жанчына, а потым яны яе прыбралі, калі вярнуўся начальнік. Па правілах мяне павінны былі выводзіць у прыбіральню два разы на дзень, але па факце выводзілі толькі адзін раз. Таму што там не было сярод супрацоўнікаў жанчын, а мужчыны мяне не маглі суправаджаць.
Яны ў мяне пару разоў пыталіся, чаму я не ем. Я ім тлумачыла, што гэта прыніжэнне гонару — вядро ў камеры. Было так холадна, што я нават спала седзячы. Таму што ложкі халодныя, на рашотках ляжаць балюча. Днём яны не дазвалялі класціся на стол. Асабіста начальнік РАУС глядзеў камеры, каб я не паклала галаву".
Адзінае, што за ўвесь час арышту дазволілі перадаць Кацярыне — гэта пракладкі. Ні рэчы, ні сродкі гігіены не прымалі. У душ арыштантаў павінны выводзіць кожныя сем дзён, але жанчына туды ўпершыню трапіла толькі на 12-я суткі. Твар можна памыць толькі раніцай на праверцы. Але ў камеры няма рукамыйніцы — толькі ложкі, вядро і стол. Акрамя гэтага, праз тое, што камера знаходзіцца ў падвале, там няма акна, якое выходзіць на вуліцу, а тое, якое ёсць — выходзіць у сам падвал.
"Дзякуючы нам твае дзеці могуць па вуліцы хадзіць"
"Гэтыя 15 сутак былі пеклам. Асабліва на сёмы дзень, калі ты разумееш, што засталося столькі ж. Пры гэтым яны не даюць кніг, паперу, ручку. Ты не ведаеш час, проста сядзіш і глядзіш у сцяну. Нават хадзіць немагчыма, таму што вельмі маленькая камера.
Там па зменах дзяжураць чатыры чалавекі, трое з іх — яшчэ больш ці менш. А вось чацвёрты ўсё ненавідзеў, адпускаў каментары, крычаў мне, што маўляў "дзякуючы нам твае дзеці могуць па вуліцы хадзіць". А я гляджу і думаю: "Што вы, блін, у маіх дзяцей забралі маму на 15 сутак на Новы год".
З камеры Кацярыну выводзілі толькі ў кайданках нягледзячы на тое, што да прыбіральні было толькі тры крокі. Пры гэтым такія "спецыяльныя" правілы ўжываліся толькі ў адносінах да яе. Паводле яе слоў, жанчыне, якая была асуджаная не па "палітыцы", выдалі матрац і нават дазвалялі паліць, але з умовай, што тая не будзе дзяліцца цыгарэтай. Калі ў прыбіральню Кацярына хадзіла ў кайданках, то тая жанчына магла сабе дазволіць, выйшаўшы з камеры без кайданкоў, зайсці на кухню, самастойна ўзяць матрац і падушкі.
"Калі яна была яшчэ ў камеры, да мяне звярталіся толькі праз яе. Напрыклад, мы сядзім, яны зазіраюць у акенца, і кажуць той жанчыне: "Скажы ёй, каб яна не садзілася на ложак". Калі яна сышла, яны ўжо пачалі наўпрост мне казаць".
"Памрэш — спішам". Пра наступствы арышту ў нечалавечых умовах
Пасля "сутак" у Кацярыны пачаліся праблемы са здароўем, якія да гэтага часу даюць пра сябе ведаць.
"Калі я выйшла, спачатку ўсё нармальна было, а бліжэй да вечара стала дрэнна і мне выклікалі хуткую. Лекары мне паставілі "стэнакардыю". А ў мяне ніколі ў жыцці не было праблем з сэрцам. Хацелі адразу забраць у лякарню, але я сказала, што адразу пасля "сутак" я нікуды больш не паеду. І ў мяне пачаліся ўскладненні.
Было цяжка пераключыцца з харчаваннем, таму што столькі часу не ела. Хоць для мяне гэта наогул было не цяжка, таму што я раней практыкавала галаданне. Кормяць там нібыта нармальна. Ежу яны, здаецца, замаўляюць. Яны ў мяне пыталіся, чаму я не ем. Я ім тлумачыла, што не ў ежы справа. Кажу: "А што, вы перажываеце, што я памру? А яны: "Не, памрэш — спішам. У нас ужо такія былі".
Пасля вызвалення ў Кацярыны пачала чухацца галава. Яна вырашыла, што гэта развілася на нервовай глебе. Гэта ж сказаў і дэрматолаг. Але ўжо пасля эвакуацыі жанчына ў сябе і дзяцей знайшла ў валасах вошай, ад якіх было вельмі складана пазбавіцца.
"Трапілася на камеру, калі зняла акуляры". Як працуе відэасачэнне за "хатнімі хімікамі"
З пачатку 2023 года ў Беларусі з'явілася новая практыка ціску на асуджаных да абмежавання волі. Цяпер за імі сочаць праз камеры відэаназірання на вуліцах. Па словах Кацярыны, яшчэ ў мінулым студзені "хімікаў" сфатаграфавалі з розных ракурсаў і вусна папярэдзілі, што будуць адсочваць іх перамяшчэнне па камерах. У "хатніх хімікаў" ёсць пэўны расклад, якога яны мусяць строга прытрымлівацца. Як толькі чалавек трапляецца на камеру ў "неналежны" час і яго распазнае сістэма, пра гэта практычна адразу даведваюцца супрацоўнікі міліцыі.
"Калі я ў іх спытала, чаму мне далі 15 сутак, інспектары мне сказалі, што прыйшоў загад з Мінска, бо я трапіла на відэа. На гэтай паперы было проста напісана "ўжывайце дысцыплінарнае спагнанне". Але там не было напісана, што мусяць быць суткі.
Я не думала што гэтая сістэма працуе так хутка. Гэта значыць прама праз гадзіну, я нават да хаты не паспела даехаць. Яны мне паказвалі гэтае фота. Адсочваюць яны па вачах. Відаць, там наведзены курсор менавіта на вочы. І я трапілася на камеру толькі тады, калі зняла акуляры. Калі ты ў масцы — трапіш на камеру, калі ў акулярах, то не.
Хоць я і не хавалася, бо разумела, што нічога такога не парушаю. Была ўпэўненая, што хвароба дзіцяці — уважлівая прычына".
Палітычныя — "асаблівая катэгорыя"
Па выхадзе з ІЧУ Кацярыне ўручылі дакумент на подпіс аб тым, што ў яе ўжо ёсць тры парушэнні, а, значыць, пасля наступнага парушэння будзе суд па "замене рэжыму" на калонію.
"Пасля гэтага я сядзела дома і наогул нікуды не выходзіла. Гэта страшна, калі ты разумееш, што цяпер яны чацвёртае парушэнне могуць самі прыдумаць. Правілы адбыцця "хіміі" нідзе не прапісаныя. Ёсць паперы, дзе пазначана, што можна рабіць. Але яны кажуць, што да нас гэта не адносіцца, таму што мы — "асаблівая катэгорыя". Калі мы [палітычныя] адзначаемся кожны тыдзень, то звычайныя "хімікі" — раз на месяц".
"Дачка спіць, а нейкі мужык яе будзіць і кажа "давай тэлефон"
Рэйд КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelp у канцы студзеня гэтага года не прайшоў міма сям'і Кацярыны. За той тыдзень, паводле інфармацыі праваабаронцаў, пад рэпрэсіі трапілі не менш за 285 чалавек. Чарговае затрыманне жанчыны стала падставай для экстраннай эвакуацыі з Беларусі ўсёй сям'і.
Напярэдадні масавых затрыманняў, 20 студзеня, у Кацярыны быў Дзень нараджэння. Але на выходныя "хатнім хімікам" забаронена выходзіць з дому. Таму сям'я вырашыла адзначыць свята ў панядзелак. Жанчына адпрасіла дзяцей на 22 і 23 студзеня са школы, каб правесці гэтыя дні ўсёй сям'ёй дома, раз на навагоднія святы была вымушаная знаходзіцца за кратамі.
"У мой Дзень нараджэння яны прыйшлі да мяне з праверкай а 10 раніцы. У панядзелак мы схадзілі ў лазню, а 23-га раніцай муж з сынам збіраліся на рыбалку, а дочкі спалі.
Я вырашыла навесці парадак. Было яшчэ цёмна — грукат у дзверы. Яны прыйшлі з ператрусам, паказалі пасведчанне, што яны з КДБ, забралі мой тэлефон. Яны не патлумачылі, што здарылася. Муж у іх спытаў: "Вы скажыце, мяне пасадзяць?" На што яны адказалі: "Цябе? Не". Потым сказалі даць тэлефоны дзяцей, я адказала, што яны спяць. Яны пайшлі да старэйшай дачкі ў пакой. Ёй 13 гадоў, і вось яна спіць, а нейкі мужык яе будзіць і кажа: "Давай тэлефон".
У выніку яны паглядзелі тэлефоны. З пытанняў я зразумела, што справа звязана з Е-дастаўкай. Яны пыталіся ў мужа, а ён жа наогул не ў курсе, бо быў у калоніі. Самі дастаўкі былі яшчэ ў 2022 годзе. Я наогул шмат замаўляла даставак, таму што мы жылі ў вёсцы, дзе няма крамы. І на іх усюды стаяла "аплата наяўнымі", і толькі тры з іх — "аплата анлайн". Яны былі на маленькія сумы — каля ста рублёў, і заўсёды былі прымеркаваныя да свята".
"Сказалі, што я праходжу па гэтай крымінальнай справе сведкам"
Пасля ператрусу Кацярыне сказалі збірацца, а Антону намякнулі, што чакаць жонку ўжо не варта. Супрацоўнікі КДБ перад допытам заехалі і да яе мамы на ператрус. Пасля гэтага жанчыну адвезлі да следчага. Пытанні тычыліся Е-дастаўкі. Яна патлумачыла, што яе знаёмая ў 2022 годзе патэлефанавала і сказала, што неабыякавыя людзі хочуць зрабіць падарунак сям'і.
"Я так зразумела, што Еўраопт ім зліў інфармацыю пра тых, каму прыходзіць аплата не з Беларусі. Затрымлівалі, у асноўным, жанчын. Спачатку яны забралі мяне, а потым сказалі, што паедуць да яшчэ адной дзяўчыны".
Супрацоўнікі КДБ знайшлі ў тэлефоне Кацярыны дадатак Еўраопта, прагледзелі гісторыю аплат і зрабілі скрыншоты тых пакупак, якія былі аплачаныя анлайн.
"Яны адразу сказалі, што я праходжу па гэтай крымінальнай справе сведкам. А потым сказалі, што ў мяне будзе адміністратыўка. І я разумею, што гэта чацвёртае парушэнне. Я спытала, за што гэта, ці абавязкова. Ён сказаў, каб я не баялася і будзе толькі штраф. А я і не баюся штрафу, я баюся, што гэта чацвёртае парушэнне.
Потым вырашалася пытанне з тым, дзе я буду да суда. Яны не хацелі мяне адпускаць. І я чакала дзве гадзіны іх адказу. Яны сказалі, што "ў мяне ўсё дрэнна і я дрэнна сябе паводжу". І дадалі, што адвядуць у камеру".
У выніку Кацярыне ўсё ж сказалі патэлефанаваць мужу, каб ён яе забраў дадому.
"Мы вярнуліся дадому і вырашылі, што далей так жыць нельга: немагчыма будаваць планы на жыццё, таму што яны заўсёды знойдуць падставу пасадзіць або затрымаць мяне і мужа. І, у прынцыпе, у нас не было варыянтаў для роздуму, таму што я разумела, што даведаецца мая інспекцыя аб парушэнні і — ўсё. А ў мяне яшчэ наперадзе два гады "хатняй хіміі", а значыць — адзін год калоніі [заўв. рэд — паводле закона, пры замене рэжыму два дні "хатняй хіміі" прыраўноўваюцца да аднаго дня ў калоніі].
У нас быў дзень на зборы, мы з'язджалі з аднымі заплечнікамі. Перад ад'ездам я памятаю, як стаю каля акна, а да брамкі пад'язджае машына, спыняецца, не відаць хто сядзіць. І ўсё: рукі трасуцца, сэрца б'ецца, і ты пачынаеш думаць, за табой ужо ці не".
Праз дзень пасля затрымання Кацярына і Антон разам з дзецьмі экстранна пакінулі Беларусь і цяпер знаходзяцца ў бяспецы.