viasna on patreon

"Гэта мусіла быць абмежаваннем волі, а не пазбаўленнем". Як палітвязні жывуць на "хіміі"

2024 2024-03-12T14:25:00+0300 2024-03-14T13:40:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lpp_volga-prankevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На сённяшні дзень у Беларусі як мінімум 655 чалавек асуджаныя па палітычных крымінальных справах да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так званай "хіміі". Адбыванне тэрміну на "хіміі" ўключае ў сябе абавязковую працу на дзяржаўным прадпрыемстве або ў іншай установе і пражыванне ў цесным пакоі інтэрната. А ў вольны час – яшчэ і прагляд прапагандысцкіх фільмаў і навінаў. 

Былы палітвязень Генадзь (імя зменена ў мэтах бяспекі), які цалкам адбыў тэрмін у адной з беларускіх "хімій" і нядаўна з’ехаў з краіны, расказаў "Вясне", як палітвязняў не адпускаюць дамоў на выходных і забараняюць выходзіць у вольны час у горад, пра няроўныя заробкі палітычных і звычайных рабочых. Таксама ён распавёў, ці прымушаюць вязняў выконваць дадатковую працу, як завадчане ставяцца да палітычных і колькі разоў на дзень трэба дасылаць інспектару сваю геалакацыю.

lpp_volga-prankevich.jpg
Ілюстрацыя spring96.org

"Варыянт пабегу з хіміі не разглядаў"

Генадзь кажа, што адразу быў настроены ехаць на "хімію". Гэта быў яго першы досвед зняволення і мужчына не ўяўляў, што яго там чакае.

Варыянт пабегу з "хіміі" ён не разглядаў, таму што пасля абвяшчэння прысуду яму не вярнулі пашпарт. А абскарджанне прысуду ўспрымаў, як марнаванне часу і адцягванне моманту адпраўкі на "хімію".

"Мае дакументы – ваенны білет і пашпарт – адразу накіравалі па месцу адбывання пакарання. І я яшчэ не сустракаў ніводнага палітычнага, якому б пасля апеляцыі змянілі прысуд".

У папраўчай установе мужчына чакаў лагодных умоваў і магчымасці самастойна распараджацца вольным часам.

"Шчыра кажучы, я думаў, што на "хіміі" будзе значна прасцей. Я спадзяваўся, што проста ўладкуюся на працу і спакойна буду туды хадзіць, як усе звычайныя людзі. А ў вольны час хацеў хадзіць на курсы мастацкага малявання. Адзін з непалітычных вязняў яшчэ ў СІЗА з мінулым досведам "хіміі" распавёў мне пра тамтэйшыя парадкі. Што, маўляў, можна па заяве выходзіць на чатыры гадзіны ў горад, некаторых вязняў на выходныя адпускаюць дамоў да сваякоў. Я думаў, што ўсё прыкладна так і будзе".

"Баліць зуб? Пацерпіш". Умовы на "хіміі"

Генадзь кажа, што ад прымянення фізічнай сілы з боку адміністрацыі ўстановы ратуе тое, што яна адкрытага тыпу. Заўсёды ёсць магчымасць патэлефанаваць. Але на “хіміі” мужчына адчуваў на сабе маральны і псіхалагічны ціск: абразы і іншае.

Вязняў на "хіміі" адразу ставяць на прафілактычны ўлік як "схільных да экстрэмізму". Ім забараняюць выходзіць у вольны час у горад, пазбаўляюць розных заахвочванняў. Напрыклад, не адпускаюць дамоў на выходных. Паводле правілаў выйсці ў горад можна толькі пад наглядам супацоўніка папраўчай установы.

"Але пры запыце пайсці ў горад табе кажуць, што ў ніх зараз няма вольнага чалавека. То бок, нават калі ты напішаш заяву на выхад, то па факце нікуды не пойдзеш", – распавядае Генадзь.

Ведаючы аб гэтым мужчына стараўся нічога не прасіць у адміністрацыі. Але ён прыгадвае выпадак, калі ў іншага палітвязня моцна разбалеўся зуб. На просьбу адвесці яго да стаматолага, супрацоўнік "хіміі" яму сказаў: "Што ты, хіба не пацерпіш?".

Генадзь кажа, што пастаянна сутыкаўся з падобным стаўленнем да палітычных.

"Напрыклад, надыйшоў зімовы сезон і трэба купіць цёплы абутак і адзенне, бо нам яго не выдавалі. У краму таксама не вадзілі. Казалі, каб пачакаў. Гэтае чаканне расцягвалася ад некалькіх тыдняў да месяца". 

Калі Генадзю было патрэбнае цёплае адзенне, ён замаўляў яго ў сваякоў па пошце. Хаця паводле закона мае вольны час, каб выйсці ў горад у краму.

"У адрозненне ад крамы, на пошту нас вадзілі рэгулярна кожную нядзелю. Там мы маглі аплаціць за пражыванне ў інтэрнаце, забраць пасылку і іншае".

"Днём сядзець на ложку нельга"

Будынак інтэрната належыць Дэпартаменту выканання пакаранняў. У ім агульная кухня, маленькія пакоі па 4 і 8 чалавек, у якіх змяшчаюцца толькі двух'ярусныя ложкі і адзін на ўсіх стол. Генадзь кажа, што калі мець неабходны мінімум рэчаў, то можна неяк размясціцца. У інтэрнаце паўсюль тараканы. Аплата за пражыванне складае 30 рублёў у месяц.

"А 22 адбой, а 6 пад’ём. Днём спаць нельга. Нават сядзець на ложку забаронена. Калі ўбачаць, выпішуць парушэнне рэжыма ўтрымання. За тры парушэнні – 10 сутак ШІЗА. Прысесці можна толькі на зэдлік", – распавядае Генадзь.

Рамонт у будынку інтэрната робяць самі асуджаныя. Падчас апошняга абнаўлення ў жыллёвым корпусе вырашылі пасцяліць лінолеум. Яго купілі за грошы завода, на якім працуюць "хімікі". Але пасля гэта ўсім асуджаным рабочым скарацілі заробкі ад 300 рублёў.

Кожныя дзве гадзіны дасылаць геалакацыю. Два разы на дзень – відэазванок інспектару

Палітвязні на "хіміі" мусяць кожныя дзве гадзіны адпраўляць у Тэлеграме інспектару сваю геалакацыю. А таксама два разы за працоўную змену трэба адзначацца па відэасувязі. Генадзь кажа, што калі запрацуешся і забудзеш даслаць сваё месцазнаходжанне, інспектар сам пачынае табе пісаць ці тэлефанаваць. Акрамя гэтага ў вязняў з прафулікам ладзяць частыя вобшукі ў пакоях.

"Здараліся выпадкі, калі падчас вобшука правяраючы знаходзіў на батарэі папраныя шкарпэткі. Іх туды вешаць забаронена. За гэта ён пераварочваў увесь пакой". 

Палітвязні робяць больш, а атрымліваюць менш

У інтэрнаце было непрыемна знаходзіцца. Былы палітвязень стараўся як мага меней там бавіць часу, а большасць праводзіў на працы.

Генадзь працаваў па 10 гадзін у дзень 6 дзён на тыдзень. Часам заставаўся і ў начную змену. За гэта ён атрымліваў у месяц 1500 рублёў. Але калі суаднесці колькасць працоўных гадзінаў з грашыма, то заробак не выглядае такім вялікім, мяркуе суразмоўца.

"Калі прыбраць усе перапрацоўкі і працу ў выходныя, заробак будзе каля 800 рублёў".

Звычайныя рабочыя завода атрымлівалі большыя заробкі, чым палітвязні, кажа суразмоўца.

"У разліковым аркушыку ёсць графа "фонд начальніка падраздзяленняў", адлічэнні з якога ва ўсіх могуць быць рознага памера. З гэтага фонду ўвогуле могуць нічога не налічыць. Палітвязням яго маглі ўвогуле не даваць, а звычайным рабочым наадварот. Таму ў іх і заробкі былі большыя. Начальства тлумачыла розніцу тым, што нібы звычайныя супрацоўнікі долей працуюць і ім налічваецца прэмія за стаж. Але пры чым тут прэмія за стаж, калі на заводзе здзельная аплата працы і я відавочна зрабіць большы аб’ём працы? З гэтым бессэнсоўна было спрачацца. Усім было ўсё роўна", – дзеліцца назіраннямі Генадзь.

Некаторым палітвязням пасля ўсіх вылікаў налічвалі 100 і нават 60 рублёў заробку. Мужчына кажа, што могуць вылічваць да 75% заробка.

"Але ў 2022 годзе быў выпадак, каі чалавек атрымаў на карту ўсяго 12 капеек".

"За неіснуючую пазыку вылічвалі 50% заробка"

Бухгалтэрыя таксама не дапамагала палітвязням вырашаць спрэчныя пытанні.

"Аднойчы я туды пайшоў па пытанні грамадзянскай позвы ад "Мінсктранса" за "перакрыццё дарогі". Для яе пагашэння ў мяне з заробку штомесяц вылічвалі 50 адсоткаў. Пасля таго, як позву цалкам пагасілі, на мне яшчэ памылкова заставалася "вісець" 9000 рублёў пазыкі. Але ў бухгалтэрыі завода сказалі, што я ўсё адно павінен яго выплаціць. Я папрасіў патэлефанаваць у Аддзел прымусовага выканання (АПВ) і спраўдзіць інфармацыю. Супрацоўніца катэгарычна адмовілася і накрычала на мяне. У выніку мне давялося самастойна вырашаць гэтае пытанне. У АПВ мне сфатаграфавалі дакумент, у якім пазначана аб пагашэнні пазыкі. Я зноў прыйшоў у бухгалтэрыю з гэтым фотаздымкам і яшчэ раз папрасіў патэлефанаваць ва ўстанову. Бухгалтарка на мяне зноў накрычала і папракнула мяне, што нас такіх тут зашмат і яна не паспявае рабіць працу".

Такім чынам у Генадзя яшчэ два месяцы вылічвалі 50% ад заробку за неіснуючую пазыку. У выніку мужчына змог дамовіцца з інспектарам, той даслаў адпаведныя паперы на завод і пазыку скасавалі. Пазней Аддзел прымусовага выканання ўсё ж такі вярнуў памылкова спісаныя грошы Генадзю.

"Аддзел таксама не вельмі ахвотна ідзе з намі на кантакт. Яны заўсёды спасылаюцца на ўстаноўленыя законам тэрміны адказу на запыты і таму падобнае. Вядома, чыста фармальна па законе яны нічога не парушаюць, але фактар чалавечнасці адсутнічае цалкам".

Або на завод, або ў заапарк

Праз тое, што ўсе палітвязні стаяць на "экстрэмісцкім" прафуліку, ім дазваляецца працаваць толькі ў тых месцах, дзе ёсць прапускная сістэма.

"Экстрэмісты мусяць быць заўсёды пад кантролем. Таму мы можам працаваць на некаторых прадпрыемствах ці ў заапарку. Там таксама ёсць такая сістэма. Была праца ў школе па комплексным абслугоўванні будынка. Там хоць і меншы заробак, але добрыя ўмовы, нармальнае стаўленне і лёгкая праца. Але мне туды як экстрэмісту забаронена".

Генадзь кажа, што прадпрыемства, на якім ён працаваў, было вельмі шкодным, а тыя сродкі абароны, якія выдавала адміністрацыя завода, не дапамагалі.

"Зімою ў цэхах троху цяплей, чым на вуліцы і толькі таму, што няма ветра. Няма ніякай выцяжкі і ты ўвесь час дыхаеш пылам і ядавітымі выпарэннямі".

Рабочыя ставіліся да палітычных добра і з разуменнем несправядлівасці пакарання, выказвалі словы падтрымкі, кажа мужчына.

"Там працуе просты народ. Яны ўсё цудоўна разумеюць".

Пасля сканчэння тэрміну палітычным нельга застацца працаваць на заводзе. Хаця разам з Генадзем працавалі мужчыны, якія хацелі працягнуць працу на гэтым прадпрыемстве.

"Ва ўсіх нашых асуджаных па палітычным артыкуле стаіць забарона на працу ў дзяржаўных установах. Са мною працаваў адзін палітычны мужык з вёскі, які якраз хацеў застацца на заводзе. Для яго гэта была яшчэ і магчымасць і неяк зачапіцца ў горадзе. Да таго ж ад прадпрыемства выдаюць інтэрнат. Але яму не дазволілі".

"Я на заводзе, а не на допыце ў следчага"

У адміністрацыі завода працуе адмысловы ідэалагічны супрацоўнік, які правярае рабочых і сочыць, каб палітычныя не заставаліся працаваць па вызваленні.  

"Ён выклікаў мяне два разы. Першы раз паклаў асадку з паперай і кажа: "Пішы, як там усё было". То бок, калі і з кім я ўдзельнічаў у пратэстах. Сказаў, што гэта нам абоім трэба. Вядома, я адмовіўся. Сказаў, што ў маёй справе ўжо ўсё напісана і няхай звяртаецца да следчага".

Праз пару месяцаў Генадзя зноў выклікаў да сябе той самы ідэолаг, але так і не атрымаў ніякай інфармацыі.

"Ён мне зноў кажа, што я мушу даць паказанні. А я ж нават не затрыманы. Ён увогуле не разумее, што робіць. Я яму сказаў, што знаходжуся на заводзе, а не ў органах і пісаць нічога не буду. Максімум, што яму прапанаваў, гэта напісаць, што я нічога не памятаю. На тым мы і сыйшліся. Але шмат якія палітвязні ад страху і неўпэўненасці давалі паказанні".

Як кажа Генадзь, гэты супрацоўнік паходзіць з былых кдбшнікаў і працуе на пасадзе намесніка начальніка па бяспецы.

"Адзін з начальнікаў, з якім я добра камунікаваў, распавёў, што ідэолага ўзялі не праз сумоўе. На завод прыйшлі людзі і сказалі, што цяпер ён будзе адказваць за бяспеку".

Генадзь падтрымлівае кантакты з некаторымі вязнямі на "хатняй хіміі" і кажа, што яе галоўная перавага – адсутнасць настолькі строгага рэжыму.

"Напрыклад, я прыходжу вечарам вельмі стомлены з завода. Але не магу банальна прылегчы на ложак. А пасля змены яшчэ і на ідэалагічную лекцыю трэба ісці".

"Па некаторых хлопцах я разумеў, што прапаганда працуе"

Вязні на "хіміі" ў будныя дні мусяць хадзіць на ідэалагічныя лекцыі. У выходныя – з 9 раніцы да 13 гадзіны. І пасля 18 гадзінаў – зноў на лекцыі. Таксама ў іх ёсць абавязковы прагляд дзяржаўных навінаў. За некалькі гадоў зняволення Генадзь паспеў некалькі разоў па коле праглядзець прапагандысцкія фільмы і перадачы, якія там паказваюць.

"На лекцыях мы глядзелі дакументальныя фільмы часоў ад 40-х да 80-х гадоў. Больш новых у іх не было. Самі лекцыі былі на тэму шкоды алкаголю і наркотыкаў. Гэтыя лекцыі паўтараліся. Супрацоўнік проста чытаў які-небудзь тэкст з інтэрнэту. Апошнім часам сталі паказваць прапагандысція перадачы, як КДБ нібы выкрывае злачынствы і іншае падобнае. Апошні, які помню, гэта "Паралель Польшча". Гледзячы на некторых хлопцаў я разумеў, што прапаганда няхай і дрэнна, але спрацоўвае. У нас быў адзін хлопец, які верыў ва ўсё, што паказвалі ў гэтых перадачах.

На лекцыях нельга спаць, нельга займацца чымсьці сваім. Трэба сядзець і ўважліва глядзець. За гэтым сочаць. Аднойчы я на лекцыю прынёс кнігу, якую ў мяне адразу адабралі".

Асцерагаўся новага затрымання

За некалькі дзён да вызвалення ў папраўчую ўстанову прыехалі супрацоўнікі КДБ і затрымалі некалькі палітвязняў, якім аказвалі дапамогу праз ініцыятыву IneedhelpBY. Асцерагаючыся і свайго затрымання суразмоўца вырашыў з’язджаць з Беларусі. 

На наступны дзень пасля вызвалення Генадзь, не заходзячы ў міліцыю, адразу выехаў з краіны, каб не патрапіць на прафілактычны ўлік і не атрымаць забарону на выезд.

"Калі вязень вызваляецца з "хіміі", яму здымаюць забарону на выезд з краіны. З адпаведнымі дакументамі ён мусіць з’явіцца ў мясцовае аддзяленне міліцыі, дзе яго ставяць на прафілактычны ўлік і зноў ставяць забарону на выезд. Хоць гэтая забарона і незаконная", – кажа суразмоўца.

Цяпер мужчына знаходзіцца ў бяспецы за мяжой.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства