viasna on patreon

"Нібы вельмі іранічны мем". Былая палітзняволеная распавяла пра фатаграфанне ў калоніі ў Міжнародны дзень абароны дзяцей

2024 2024-03-04T11:51:40+0300 2024-03-04T11:53:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arabeika.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У праекце "Магшоты палітвязняў" беларусы і беларускі падзяліліся з праваабаронцамі гісторыямі, як іх фатаграфавалі ў месцах няволі. Фігурантка "справы студэнтаў" Яна Арабейка таксама распавяла пра тое, як яе фатаграфавалі ў жаночай калоніі ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Фота ў рамачцы са звярком і подпісам "С Днём детства" абяцалі адправіць бацькам.

arabeika.jpg
Яна Арабейка

Яна Арабейка прабыла ў жаночай калоніі № 4 адзін год і адзін месяц. Яна падзялілася гісторыяй, якая з ёй адбылася там 1 чэрвеня 2022 года:

"У калоніі быў конкурс на лепшы асфальтавы малюнак. У нас у атрадзе перапалох. Прыйшла новая маладая загадчыца гаспадаркі, якой не ўсе былі рады. Жанчына, якая была адказная за насценгазеты нашага атрада, павінна была ўдзельнічаць у гэтым конкурсе. Яна нават намалявала эскіз. Але ў апошні момант адмовілася. Тады папрасілі мяне. Памятаю, што я не вельмі хацела. Але дзеля новай загадчыцы гаспадаркі, якая здавалася адэкватнай, пагадзілася.

Па-мойму, я малявала нейкае сонца на арэлях. Не ведаю, прычым тут дзень дзяцінства... У нейкі момант прыйшла культарганізатарка з фотаапаратам і тая ж відэагрофка, што фоткала нас на бірку.

Яны абвясцілі, што нас сфатаграфуюць і выдадуць нам фота, а мы зможам іх адправіць бацькам. Мяне сфатаграфавалі — зноў на відэакамеру. Я памятаю, як яны прасілі мяне ўсміхацца. Але мне вельмі не хацелася — больш хацелася плюнуць ім у твар.

Фота і праўда зрабілі. Хоць я ў гэта не верыла. Там я была ў мятай форме, а па крузе — дурная рамачка і нейкі звярок у куце. І подпіс: "С Днём детства". Гэта было вельмі смешна. Нібы вельмі іранічны мем. Я нават змагла паказаць фота маме на спатканні.

І я верыла, што фота не забяруць пры вызваленні. Яны ж самі яго мне далі. І самі прапаноўвалі яго адправіць дадому. Але фота забралі.  Вялікая страта. Затое вельмі смешная гісторыя".

Гісторыя Яны пра фатаграфаванне на "жоўтую бірку"

"Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Магшоты палітвязняў

У 30 экс-палітзняволеных захаваліся магшоты рознай якасці. Былых палітвязняў мы папрасілі адказаць на адныя і тыя ж пытанні наконт магшотаў. Вось, што з гэтага атрымалася. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства