У Мінску ў закрытым рэжыме судзяць каталіцкага верніка
У Мінскім гарадскім судзе 21 лютага распачаўся суд над каталіцкім вернікам Уладзіславам Беладзедам. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Алена Ананіч.
Затрымалі Уладзіслава 31 траўня 2023 года. Некалькі разоў запар быў арыштаваны на 15 сутак. Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Уладзіслаў выглядаў як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню. Але ён захоўвае маральныя сілы.
Уладзіславу інкрымінуюць чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
- ч. 1 арт. 343 (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару);
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Вядома, што Уладзіслаў мае сур'ёзныя праблемы са здароўем. Як паведаміла "Хрысціянская візія", яго "прымусілі запісаць "пакаяннае відэа", у якім ён выглядаў прыгнечана і пад відавочным прымусам заяўляў аб сваёй гомасексуальнай арыентацыі, што ставіць яго пад дадатковую пагрозу. У прапагандысцкім відэа пра яго выказваліся ў зневажальным тоне, прымушалі агаворваць сябе, а таксама дэманстравалі фота і відэа, накіраваныя на дыскрэдытацыю яго ў вачах вернікаў".
21 лютага еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынка суда, дзе разглядаецца справа семінарыста Уладзіслава Беладзеда. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку Амбасада Германіі ў Беларусі.
"Сёння ў Мінску адбудзецца судовае пасяджэнне ў дачыненні да несправядліва зняволенага Уладзіслава Беладзеда. Абвінавачанні, вылучаныя супраць яго — несправядлівасць. Яны матываваныя палітычна. Прадстаўнік Пасольства Германіі ў Мінску, а таксама прадстаўнікі іншых дыпламатычных місій, сёння адправіліся да будынка суда, каб выказаць салідарнасць з Уладзіславам. Федэральны ўрад Германіі патрабуе вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі".
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Уладзіслаў Сяргеевіч Беладзед