Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 27 студзеня па 13 лютага
Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.
Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 27 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1417 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 17 палітвязняў, у тым ліку Зінаіда Міхнюк, Уладзімір Сільвановіч, Ігар Пазнякоў, Міхаіл Фірага, Андрэй Сакалоўскі, Яўген Зашчытаў, Вольга Клімкова, Сяргей Лапко, Антон Баброў, Міхаіл Феранец.
Таксама праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах чатыром палітвязняволеным:
- Аляксандр Зянкоў — тры гады калоніі;
- Георгій Чаравака — пяць гадоў калоніі;
- Ганне Крук — тры гады "хатняй хіміі";
- Ганна Чаркас — два з паловай гады "хатняй хіміі".
Супраць палітвязня Дзмітрыя Рэзановіча ўзбудзілі новую крымінальную справу
Па ініцыятыве адміністрацыі івацэвіцкай калоніі № 22 супраць Дзмітрыя распачалі крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Дата суда пакуль невядомая.
Нагадаем, летась палітвязня перавялі ў ПКТ да сакавіка. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.
Дзмітрыя затрымалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.
Супраць Вікторыі Кульшы хочуць узбудзіць чацвёртую запар крымінальную справу
Вікторыю двойчы за мінулы год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
Па інфармацыі праваабаронцаў, Вікторыя больш за месяц знаходзіцца ў ПКТ, але сустрэла Новы год у штрафным ізалятары. Цяпер стала вядома, што адміністрацыя жаночай калоніі № 24 ініцыявала ўзбуджэнне супраць палітзняволенай ужо трэцяй крымінальнай справы па арт. 411 КК. Падрабязнасці пакуль невядомыя.
Нагадаем, раней у зарэчанскай калоніі адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
Больш за год таму знікла сувязь з палітзняволеным Міколам Статкевічам
Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за тры гады і восем месяцы. Яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
У другой палове лістапада сваякі Мікалая праз «другія рукі» атрымалі пацверджанне, што ён дагэтуль знаходзіцца ў глыбоцкай калоніі № 13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару. Яго пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання. За апошні год ягоныя родныя ніатрымалі ніводнай вестачкі ад Мікалая.
Жонка палітвязня Марына Адамовіч была затрымана 23 студзеня падчас рэйда на сваякоў палітвязняў. Яе асудзілі за "дробнае хулігнаства" да 15 сутак арышту. Днямі яна выйшла на волю.
Палітвязня Рыгора Гунько могуць перавесці на турэмны рэжым
Рыгор — фігурант "пінскай справы", узбуджанай пасля акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года ў Пінску. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка 2021 года асудзіў Гунько да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер палітвязень адбывае тэрмін у віцебскай калоніі № 3.
Цяпер стала вядома, што 12 лютага ў Віцебску адбыўся суд па замене Рыгору рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Міхаіла Зубені палітвязня могуць перавесці ў турму.
У зняволенні палітвязня ўтрымліваюць тры з паловай гады.
Палітвязню Паўлу Саве хочуць узмацніць рэжым утрымання
49-гадовага палітвязня затрымалі 1 снежня 2020 года па "справе Аўтуховіча". Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў). На судзе ён адмовіўся даваць паказанні, таму зачыталі тыя, якія Сава даваў падчас следства.
У кастрычніку 2022 года Гродзенскі абласны суд прызначыў Паўлу 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).
Тэрмін палітвязня накіравалі адбываць у аршанскую калонію № 8. Але 12 лютага ў судзе разглядалі справу аб "замене рэжыму ўтрымання і пераводзе Паўла ў іншую папраўчую установу". Яго могуць перавесці на турэмны рэжым. Рашэнне суда пакуль высвятляецца.
У Вярхоўным судзе хутка адбудзецца апеляцыя па справе палітвязня Аляксандра Кулікова
Магілёўскі абласны суд у снежні разглядаў справу магілёўца, якога затрымалі ў чэрвені па вяртанні з Польшы. Нягледзячы на дамоўленасць з сілавікамі, мужчыну адразу затрымалі па крымінальнай справе.
Праз два месяцы яго асудзілі за каментары ў «экстрэмісцкіх» чатах. А праз некалькі месяцаў Аляксандра пачалі судзіць ужо за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за «праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці». У снежні Аляксандру канчаткова прызначылі чатыры з паловай гады зняволення.
16 лютага Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу Кулікова. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Гурава.
Палітзняволенага Вадзіма Цагельніка асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
У лістападзе 2021 года палітвязня асудзілі да трох гадоў калоніі за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і ўдзел у Маршах у 2020 годзе (арт. 342 КК).
Згодна з абвінавачваннем, паштальён Вадзім Цагельнік з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт, "ажыццяўляў дэструктыўную дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве: заклікаў да масавых беспарадкаў, якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту".
Хлопец адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2. Стала вядома, што супраць хлопца ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Суд над ім распачаўся ў Бабруйску 2 лютага. Вынік праваабаронцам пакуль невядомы.
Палітвязня Анджэя Пачобута перыядычна змяшчаюць у ШІЗА
Нагадаем, журналіста асудзілі на восем гадоў калоніі паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі) і арт. 130 КК (распальванне варожасці).
Больш за восем месяцаў у наваполацкай калоніі Пачобуту не дазволілі ніводнага спаткання, званка родным і перадач. Некалькі месяцаў ён утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, адкуль яго час ад часу пераводзяць у ШІЗА.