viasna on patreon

Затрыманні і новыя "экстрэмісты": хроніка рэпрэсій 4-5 студзеня Дапоўнена

2024 2024-01-05T13:45:12+0300 2024-01-05T18:09:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barok_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 студзеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць двух віцебскіх праваабаронцаў распачалі крымінальную справу — іх абвясцілі ў вышук

Пра тое, што ягоны партрэт з'явіўся на стэндах «Іх шукае міліцыя», праваабаронцу Паўлу Левінаву паведамілі знаёмыя з Віцебска.

Яны распавялі, што ягоны фотаздымак, а таксама фотаздымкі праваабаронцы Ірына Траццяковай і жыхаркі абласнога цэнтра Таццяны Філімонавай суправаджае наступны тэкст:

"Першамайскі РАУС г. Віцебска за здзяйсенне злачынства, падугледжанага ч.2 арт 342 КК РБ (Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці) шукае дадзеных асобаў".

Прычым у абвестцы пра Левінава значыцца, што ён здзейсніў некалькі злачынстваў, кваліфікаваных паводле згаданага вышэй крымінальнага артыкула, піша "Віцебская Вясна".


Затрыманая ўладальніца атэлье за мемы ў Instagram і ўдзел у пратэстах у 2020 годзе 

dziaruzhkova_sv.jpeg
Святлана Дзяружкова

5 студзеня апублікавана "пакаяльнае" відэа з уладальніцай атэлье па рамонце адзення з-за мемаў у Instagram. Як піша "Медыязона", мяркуючы па сацыяльных сетках, затрыманая — Святлана Дзяружкова. На відэа затрыманая прадпрымальніца кажа, што брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе, а таксама што "ў Instagram выкарыстала мемы з чорным гумарам, якія адносяцца да нашай улады і суседняй дзяржавы". Мяркуючы па скрыншотах, прыведзеных у відэа, гаворка ідзе пра жарты над расейскімі вайскоўцамі. На паказаных малюнках бачны, сярод іншага, мужчына ў форме вайскоўца з літарай Z на грудзях і галавой свінні.


Сацсеткі ксяндза Вячаслава Барока прызнаныя "экстрэмісцкімі" 

Вячаслаў Барок

Гаворка пра Youtube-канал, Facebook-старонку і Telegram-канал святара. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чыгуначнага раёну Віцебска 26 снежня.

Таксама "экстрэмісцкімі" прызнаныя:

  • Telegram-каналы і чаты «Чат Беларусы в Тбилиси», «Забастовка. Школьники/Студенты/Преподаватели», «СНАТ БЛАГОДІЙНИЙ ФОНД ХЕЛЕН МІНСЬКОЇ», «Твои возможности», «Маладая Грамада», «Чечерск»;
  • Сайт і сацсеткі ініцытывы «Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой», а таксама выдання «Новы час»;
  • Старонка ў «Аднакласніках» «МИКАШЕВИЧИ И МЫ»;
  • TikTok-старонкі «president.sveta», «belarus_sergej», «anti-communist», «annakanius», «lukashenko_yxadi», «honestpeopleby», tokbelarus».

Прызналі "экстрэмісцкай" антысеміцкую кнігу

Гаворка пра кнігу "Нет плохих народов", выдадзеную ў Мінску ў 2004 годзе ЗАТ "Праваслаўная ініцыятыва".

Аўтар шэрагу кніг па габрэйскай гісторыі, даследаванняў у галіне Халакосту і барацьбы з антысемітызмам Якаў Басін называў гэтую кнігу антысеміцкай і пісаў, што яна «напоўнена вялікай колькасцю ілжывых сцвярджэнняў кшталту: "на першым сіянісцкім кангрэсе былі прачытаныя сіёнскія пратаколы — праграма захопу сіяністамі сусветнай улады, сваёй дыктатуры"».

Адзначым, што больш познюю рэдакцыю кнігі (2007 год) «Нет плохих народов», выдадзеную ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва», прызнавалі ў Беларусі «экстрэмісцкай» яшчэ раней — у 2008 годзе.


У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" шэраг паштовых адпраўленняў з "бел-чырвона-белымі палоскамі і вершнікам на кані"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёну Мінска 22 снежня.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 10 чалавек — цяпер у ім 3664 прозвішчы

5 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага да 10 гадоў калоніі Ягора Міхайлава, затрыманага пасля вяртання ў Беларусь Георгія Чараваку, асуджанага за данаты Аляксея Арлова.


На біяфаку БДУ затрымлівалі лабарантак за манікюр, сцяг і БЧБ-цацку

Рэпрэсіі не абышлі бокам факультэт, дзе вучыцца Мікалай Лукашэнка. "Нашай Ніве" стала вядома пра затрыманні на біяфаку БДУ, якія адбыліся некалькі тыдняў таму. Гэтыя затрыманні адбыліся на кафедры батанікі проста падчас працоўнага дня. Пацярпелі дзве лабаранткі.

На руках у адной з іх пабачылі бел-чырвона-белы манікюр, другая ж мела на працоўным стале цацку з БЧБ-крыламі і ўкраінскі сцяг. Выглядае, што нехта данёс на жанчын і іх затрыманне невыпадковае.

Адна з лабарантак адбыла тэрмін у 15 сутак і выйшла на волю. Што з другой жанчынай і дзе яна знаходзіцца, пакуль невядома.


У Гродне затрымалі аператара "Гранітэкса"

Максім Коршак

Затрыманы Максім Коршак на "пакаяльным" відэа "прызнаецца" ў рэгістрацыі ў чат-боце плана "Перамога" і распаўсюдзе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.


У Жлобіне за "экстрэмісцкія" падпіскі затрымалі начальніка аддзела спорту і турызму райвыканкама Яўгена Ахрэменку

Як паведамляе тэлеграм-канал "Free Zhlobin", затрымалі чыноўніка, папярэдне, на мінулым тыдні, з 26 па 29 снежня. Пазней яму прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. "Флагшток" патэлефанаваў у райвыканкам, каб спытаць, калі Ахрэменка вернецца да працы. Там журналістам адказалі, што "яго няма і не будзе ўжо, ён не працуе з новага года". Аднак інфармацыя аб ім усё яшчэ не выдалена з сайта райвыканкама.


За каментары ў падтрымку сваёй краіны затрыманая грамадзянка Украіны

На "пакаяльным відэа" 54-гадовую Аксану Вальвачову прымусілі прызнацца ў напісанні абразлівых каментароў пра прадстаўнікоў улады і ў падтрымку Украіны, а таксама ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Беларусі. Затрыманне ажыццяўляў ГУБАЗіК. Цяпер статус жанчыны невядомы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства