viasna on patreon

Повязь кратамі: якія сем’і апынаюцца ў зняволенні

2023 2023-12-27T11:15:38+0300 2024-02-15T10:29:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/semi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 снежня ў Беларусі налічваецца амаль 1500 палітвязняў. Сярод іх — мінімум 20 сямей. "Вясна" працягвае распавядаць пра тых, хто апынуўся ў зняволенні праз палітычны пераслед. Часам бывае, што сям’я сутыкаецца з прэсінгам у дачыненні адразу да некалькіх людзей – так за кратамі апынаюцца браты і сёстры, бацькі і дзеці, суджанцы, і асабліва востра расстанне з роднымі адчуваецца напярэдадні святаў. Тыя, хто іх любіць, вымушаныя глядзець ім услед праз краты муроў і растапляць сваёй любоўю кайданкі няволі.

Пераслед усёй сям’і

vaiciahovichy_2.jpg
Віталь і Вольга

13 жніўня 2021 году затрымалі адразу сям’ю барысаўчан. Віталя Вайцяховіча, ягоную жонку Вольгу, сына Уладзіслава і ягоную жонку Анастасію затрымалі, ва ўсіх іх дома прайшлі ператрусы у кватэрах, праглядалі скляпы, гараж. У Вольгі і Віталя трое дзяцей, ёсць яшчэ дарослая дачка і малодшы сын, якому на момант затрымання бацькоў было 9 гадоў. Іх усіх асудзілі нібыта за напад на дом Гайдукевіча. Віталя Вайцяховіча — да 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы; Анастасію Вайцяховіч (жонка сына) і Вольгу Вайцяховіч (жонку Віталя) —  да 11 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожную; Уладзіслава Вайцяховіча (сын) — да 21 год калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы. Уладзіслаў пазбаўлены воінскага звання. 

vaiciahovichy_1.png
Уладзіслаў і Анастасія

Вольга і Віталь жылі ў Барысаве. Жанчына займалася нарошчваннем пазногцяў, яе муж працаваў на вытворчасці драўляных вокнаў. Іх сын Улад скончыў Вайсковую акадэмію, пасля жыў у Мінску. Ягоная жонка Наста працавала прадавачкай у краме зоатавараў. Пара не мае дзяцей.

Адрас для лістоў: 

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Вольга Пятроўна Вайцяховіч, 

Анастасія Аляксандраўна Вайцяховіч

Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Уладзіслаў Вітальевіч Вайцяховіч

Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Віталь Міхайлавіч Вайцяховіч

Суджэнцаў асудзілі за ўдзел Маршы 

Былога выканаўчага дырэктара “Беларусбанка” Анатоля Баговіка  і ягоную жонку Іванну затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). У Баговікаў двое дзяцей. Вядома, што іх абодвух асудзілі да пазбаўлення волі — дакладны тэрмін невядомы.

Увосень 2017 года Анатолю Баговіку прысудзілі восем гадоў калоніі нібыта за карупцыю, але праз некалькі гадоў ён выйшаў на волю праз памілаванне.

Адрас для лістоў: 

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Іванна Васільеўна Баговік

Актуальнае месца знаходжання Анатоля ўдакладняецца.

Бацька і сын — у калоніі за данаты

Юрый Юрэня затрыманы разам з сынам Віталём Юрэнем за данаты. Юрыя асудзілі за больш за 100 грашовых пераводаў на агульную суму 1885 $. Гэта палічылі "фінансаваннем дзейнасці экстрэмісцкага фармавання". Юрыя асудзілі да пяці гадоў калоніі. Віталь — выпускнік Ліцэя БДУ 2013 года, асуджаны за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі, да трох гадоў калоніі. У 2013 годзе ён атрымаў дыплом трэцяй ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі. Вучыўся на хімічным факультэце БДУ.

Адрас для лістоў: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Юрый Паўлавіч Юрэня

ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба. Віталь Юр'евіч Юрэня

Муж і жонка — фігуранты “справы Мачулішчаў” 

Алег Сычоў і Анастасія Пілько былі затрыманыя паводле справы, якую КДБ узбудзіў па факце "спробы здзяйснення акту тэрарызму" у Мачулішчах. Пара мае дваіх непаўнагадовых дзяцей, якія цяпер знаходзяцца з бабуляй. Алег нарадзіўся ў Краснаярску, але ў нулявых пераехаў у Беларусь і ўжо атрымаў грамадзянства. У 2005 годзе ў Расіі супраць яго заводзілі крымінальную справу паводле артыкула “Незаконнае нашэнне, вытворчасць або продаж халоднай зброі”. Апошнім часам ён працаваў друкаром у выдавецтве “Зміцер Колас”. Настасся ж карэнная беларуска. Яна шмат дзе працавала, але апошняе вядомае месца працы — дырэктарка друкарні ААТ «Электронны агент».

Адрас для лістоў: 

СІЗА КДБ. 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8

Алег Сычоў

Анастасія Пілько

Браты, затрыманыя па “справе Мачулішчаў” 

maksim-lapacin.jpg
Максім Лапацін

Андрэя Лапаціна затрымалі ў першых чыслах траўня 2023 году, калі ён прыехаў зрабіць перадачу свайму брату Максіму Лапаціну, затрыманаму па справе Мачулішчаў. Да гэтага мужчына жыў у Літве. Яго затрымалі па той жа справе дыверсіі ў Мачулішчах і абвінавацілі паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу. У Максіма — двое непаўнагадовых дзяцей. Таксама затрымлівалі ягоную жонку Людмілу, у чэрвені яе асудзілі паводле “народнага” 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу да двух з паловай гадоў “хатняй хіміі”. Мужчыну моцна збілі пры затрыманні. На відэа бачна, што ў яго стаяць пратэзы на сківіцы, што можа азначаць, што яе зламалі. 

Адрас для лістоў: 

СІЗА КДБ. 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8

Андрэй Анатольевіч Лапацін

Максім Анатольевіч Лапацін

Сямейная пара, затрыманая паводле “справы Мачулішчаў”

Ларыса і Аляксандр Кучынскія — фігуранты справы, якую КДБ узбудзіў па факце "спробы здзяйснення акту тэрарызму" у Мачулішчах. Нібыта ў Ларысы знайшлі кватэру, якую здалі меркаванаму выканаўцу "дыверсіі" Мікалаю Швецу. Іх абвінавацілі паводле арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэксу. 

Адрас для лістоў: 

СІЗА КДБ. 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8. 

Аляксандр Мікалаевіч Кучынскі

Ларыса Уладзіміраўна Кучынская 

Суджэнцы, асуджаныя за надпісы і малюнкі 

Суддзя Алена Міснік прызначыла паводле "пратэсных артыкулаў" мужу і жонцы Аляксандру і Таццяне Бірулям па шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яны нібыта наносілі на розныя аб'екты інфраструктуры Салігорска надпісы і малюнкі. Яны ж нібыта нанеслі на сцяну аднаго з дамоў надпіс у дачыненні да Лукашэнкі, "у якім абвінавацілі яго ў асабліва цяжкім злачынстве, гэта значыць здзейснілі паклёп". У сужэнцаў ёсць дарослая дачка.

Адрас для лістоў: 

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Таццяна Мікалаеўна Біруля

Актуальнае месцазнаходжанне Аляксандра ўдакладняецца.

Мужа затрымалі пасля спаткання з жонкай у калоніі

Анатоль Старасвецкі — муж палітзняволенай Віталіі Бандарэнкі. Яго затрымалі пасля кароткатэрміновага спаткання з Віталіяй каля выхаду з калоніі і змясцілі ў ІЧУ Гомеля. Вядома, што цяпер мужчына знаходзіцца ў СІЗА-1 у Мінску. Віталію асудзілі да чатырох гадоў зняволення, яна — адзіная дзяўчына, асуджаная за ўдзел у берасцейскіх пратэстах. Яна паспела з'ехаць за мяжу, але вярнулася, каб пабачыць каханага, і была затрыманая. У сакавіку яна ажанілася з іншым мужчынам, Анатолем Старасвецкім, пакуль знаходзілася ў калоніі.

Адрас для лістоў: 

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Віталія Анатольеўна Бандарэнка

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Анатоль Анатольевіч Старасвецкі 

Браты, асуджаныя да “хіміі” за падзеі 9-10 жніўня 2020-га 

Аляксей Русецкі ў ноч з 9 на 10 жніўня
Аляксей Русецкі

Аляксандр Русецкі затрыманы разам з братам Аляксеем за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года. Аляксандра асудзілі да двух з паловай гадоў “хіміі”, Аляксея — да трох гадоў “хіміі”.  Аляксея ідэнтыфікавалі па фота, дзе ён стаіць у счэпцы ў ноч з 9 на 10 жніўня мінулага года. Яго брата Аляксандра выклікалі ў ГУБАЗіК, дзе яго і затрымалі. Яны прызналі віну цалкам і распавялі, што разам удзельнічалі ў акцыі пратэсту. 

Адрас для лістоў: 

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 21. 247783, г. Мазыр, бульвар Юнацтва, 24. Аляксей Уладзіміравіч Русецкі

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 7. 225136, Пружанскі раён, в. Купліна. Аляксандр Уладзіміравіч Русецкі 

Муж і жонка, асуджаныя за беларускі нацыянальны і ўкраінскі сцягі 

zaretskaja.png
Кацярына Зарэцкая

Кацярына Зарэцкая была затрымана на пачатку верасня 2022 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга і сцяга Украіны на фасадзе шматпавярховага дома ў Мінску разам з мужам Вячаславам Панцюшэнкам. Іх асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі. Мужчыну — да ўзмоцненага рэжыму, жанчыну — да агульнага.

Адрас для лістоў: 

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Кацярына Уладзіміраўна Зарэцкая 

ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Вячаслаў Аляксандравіч Панцюшэнка 

Сямейная пара, асуджаная паводле “народнага” артыкулу 

Алена Ягорычава — жыхарка Гродна, затрыманая 30 верасня 2021 года разам з мужам Ігарам Пазняковым па крымінальнай справе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Мужа асудзілі да двух з паловай гадоў “хіміі”, жонку — да двух з паловай гадоў калоніі. Алена — юрыстка, ейны муж — слесар. Іх судзілі за счэпку на адным з гродненскіх Маршаў. Жанчыну таксама абвінавацілі ў “гвалце ў дачыненні да супрацоўніка АМАП”. Суджэнцы распавядалі, што ў дзень Марша пайшлі папіць кавы ў горадзе.

Адрас для лістоў: 

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Алена Уладзіміраўна Ягорычава

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 49. 213010, г. Шклоў, вул. Маладзёжная, 2 б. Ігар Анатольевіч Пазнякоў

Браты, якіх затрымалі імаверна за Маршы  

lukshyn_aliaksandr.jpg
Аляксандр Лыкшын

Адрас для лістоў: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Аляксандр Лыкшын

Уладзімір Лыкшын

Братоў Аляксандра і Уладзіміра Лыкшыноў затрымалі напрыканцы лістапада. Аляксандра абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах і што ён меў дачыненне да сэрвіса "Письмо.бeл", праз які людзі маглі адправіць лісты палітвязням. Паводле папярэдняй інфармацыі ад былых сукамернікаў, братоў абвінавачваюць паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу. Вядома, што Уладзімір — мастак. 


Сужэнцам інкрымінуюць "народны" артыкул 

Алену і Пятра Патаповіча падазраюць у "актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК). Мужа і жонку затрымалі 5 снежня. Пасля 10 сутак на Акрэсціна іх перавялі ў СІЗА №1. Патаповічаў затрымлівалі ў 2020 годзе падчас "Маршу супраць тэрору".

Адрас для лістоў: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Алена Патаповіч, Пётр Патаповіч


Акрамя гэтага, “Вясна” ўжо распавядала пра сем’і палітзняволеных у мінулых матэрыялах:

Повязь кратамі. Матэрыял ад 15.02.2021

Якія сем’і апынаюцца ў турмах.

Повязь кратамі. Матэрыял ад 17.02.2021

Якія сем’і апынаюцца ў турмах.

Повязь кратамі. Матэрыял ад 28.12.2022

Якія сем’і апынаюцца ў зняволенні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства