Повязь кратамі: якія сем’і апынаюцца ў турмах. Частка першая
15 лютага ў Беларусі налічваецца 246 палітвязняў. “Вясна” працягвае распавядаць пра тых, хто апынуўся ў зняволенні праз палітычны пераслед. Часам бывае, што сям’я сутыкаецца з прэсінгам у дачыненні адразу да некалькіх людзей – так за кратамі апынаюцца браты і сёстры, бацькі і дзеці, суджанцы. Тыя, хто іх любіць, вымушаныя глядзець ім услед праз краты муроў і растапляць сваёй любоўю кайданкі няволі.
Ці па-свойму няшчасныя ўсе гэтыя сем’і, калі ўсе яны звязаныя адной прагай – хутчэй абняць родных? У такой сітуацыі апынуліся мінімум сем сем'яў– сёння мы распавядаем гісторыі чатырох з іх. У другой частцы матэрыяла мы распавядзем пра братоў Тамаза ды Цімура Піпіяў, стрыечных братоў Аляксандра Францкевіча ды Іллю Лабацэвіча, маці і сына Юлію ды Пятра Слуцкіх.
Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч. Жонка і муж
Антаніна пазнаёмілася з будучым мужам, калі працавала лагістам: Сяргей працаваў у той жа арганізацыі кіроўцам. Маці Антаніны Ганна апісвае яго як “добрага і сумленнага чалавека, які любіць сваіх дзяцей і дапамагаў жонцы”. Пасля дэкрэту жанчына доўгі час не магла знайсці сабе працу: праз частыя камандзіроўкі мужа яна адзіная магла адводзіць дзяцей у садок, а ўсе вакансіі, якія ёй прапаноўвалі, мелі немагчымы для такога ладу жыцця графік.
Антаніна стала валанцёрам у штабе “Краіны для жыцця”. Яе затрымалі шостага верасня: у сумцы жанчыны ляжаў бэйдж з надпісам “Штаб Святланы Ціханоўскай”. На наступны дзень яе судзілі па артыкуле 23.34, але з Акрэсціна жанчына не выйшла. На вачах у дзяцей прайшлі два вобшукі: у Мінску і ў загарадным доме, падчас якога па перыметры хаты стаялі аўтаматчыкі.
У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: шасцігадовы Ваня і чатырохгадовая Насця. Зараз яны з бабуляй знаходзяцца за мяжой, а муж і жонка, знаходзячыся ў адным будынку на Валадарскага, нават не маюць магчымасці ліставацца.
Ганна Канавалава распавядае, што сталі цікавіцца і ўнукамі, таму стала зразумела, што трэба ратаваць дзяцей, – і ў верасні яны з’ехалі. На чужой машыне, у тры гадзіны ночы, апрануўшы на Насцю завялікія Ваневы кеды, яны пешшу перасякалі мяжу з Украінай.
Пасля затрымання жонкі ў Беларусь вярнуўся Сяргей, які з’ехаў з краіны праз пераслед, звязаны з адміністраваннем каналаў “Армія з народам”. Тут яго затрымалі другога кастрычніка.
“Ён сумуе па дзецях, у лістах пытаецца пра іх. А для Тоні большае катаванне не турма, а разлука з дзецьмі, – упэўненая Ганна. – Яна вельмі добрая маці: любіць дзяцей і клапоціцца пра іх, імкнецца выхаваць іх сумленнымі людзьмі. Заўсёды старалася, каб у іх былі цацкі, развівальныя гульні, заахвочвала іх да спорту. Яна творчы чалавек: аднойчы аднесла ў дзіцячы садок вялізнага снегавіка з аднаразовых кубачкаў.
Магчыма, Ваня пачуў размовы, таму ў дарозе запытаў: “Бабуля, што, наша мама ў турме?” – яны заўсёды называюць мяне бабуля ці буля. Я сказала яму праўду, ён сваімі словамі распавёў гэта сястры. Калі жанчына замяжой запытала, дзе іхнія бацькі, яны адказалі, што маму і тату забралі войскі таракана. Зараз яны сумуюць і кажуць, што хвалююцца за маму і тату”.
Яшчэ Ваня пытаецца ў бабулі, што такое краіна для жыцця. Яна адказвае, што гэта тая краіна, якую будавалі твае бацькі, каб усім было добра. А зараз – бабуля запісвае для дачкі відэа, каб яна не прапусціла, як растуць дзеці: як яны чытаюць, як танцуе дачка. І таму вельмі даражыць тэлефонам.
Антаніна не атрымлівае лісты ад маці, але падтрымлівае сям’ю і за кратамі: піша, што ўсё добра, дасылае дзецям яскравыя малюнкі. Лісты піша вялікімі друкаванымі літарамі, каб яны здолелі чытаць іх самастойна. Хаця яна і не скардзіцца, маці ведае, што ўмовы ў камеры жорсткія: у камеры паўтары на тры з паловай метры сядзяць восем чалавек, холадна, душ – гэта вада з-пад крана, і на яго бракуе належных 20 хвілін.
Раней сям’я часта збіралася ў вясковым доме, на новы год сям’я заўсёды збіралася там разам: Тоня упрыгожвала двор ліхтарыкамі. Зараз у Беларусі ўсімі арганізацыйнымі справамі займаецца бацька Антаніны Сяргей: носіць перадачкі, камунікуе з дачкой і зяцем, а таксама выгульвае сабаку Кэндзі, якога калісьці разам ездзілі выбіраць усёй сям’ёй.
Адрас для лістоў Антаніне ды Сяргею: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |
Вікторыя і Настасся Міронцавы. Сёстры
Сёстры выраслі ў шматдзетнай сям’і: яны маюць чацвярых сясцёр і братоў. “Наша Ніна” пагутарыла з сястрой дзяўчат, Аляксандрай, якая была вымушаная з’ехаць за мяжу.
Дзяўчаты разам вучыліся ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка: Аляксандра – на музыканта па класе фартэпіяна, сёстры – на жывапісцаў. Праз затрыманне Аляксандру адлічылі з апошняга курса Акадэміі мастацтваў, дзе яна была сярод найлепшых студэнтаў. Вікторыя працавала афіцыянткай у рэстаране. Дома яе чакае ручная сарока Лапуля, якую восем месяцаў таму дзяўчына падабрала на вуліцы птушанём.
Аляксандра распавяла “Нашай Ніне”, што ўсіх трох сясцёр затрымалі ўвечары дзясятага жніўня падчас шпацыру па цэнтры Мінска – нават не ў час мітынгу. З маленькага буса выйшла шмат супрацоўнікаў, якія затрымлівалі выпадковых людзей. У аўтазаку амапавец жартаваў з Вікінай прычоскі: яна стрыжэцца налыса праз хваробу шчытападобнай залозы, з-за чаго ў яе адміраюць цыбуліны на галаве. У Ленінскім РУУС сёстры доўга стаялі на асфальце на каленях.
Увечары 12 жніўня сясцёр адпусцілі з Жодзіна. Некалькі месяцаў было зацішша. 14 кастрычніка Аляксандра з’ехала за мяжу, а ўжо 16 кастрычніка міліцыя прыехала да Вікторыі – пагутарыць наконт сястры. Папрасілі праехаць з імі – дзяўчына нават не надзела куртку і дадому ўжо не вярнулася. Тое самае адбылося і з Настассяй. У доме маці, дзе прапісаныя сёстры, прайшоў вобшук, падчас якога нічога на забралі.
На дзяўчат завялі крымінальную справу па артыкуле 342. «Насачынялі, што мы крычалі лозунгі, стаялі на праезнай частцы. Хоць гэтага не было. Наконт мяне не могуць супакоіцца: не вераць, што я з’ехала з краіны, спрабуюць знайсці», — дзеліцца Аляксандра.
Маці дзяўчат трымаецца годна. Аляксандра кажа, іх сям’я цалкам аптымістычная, усе спрабуюць з гумарам ставіцца да сітуацыі. Сёстры пісалі, што ім пашанцавала: у камеры яны з добрымі людзьмі, адно аднаго падтрымліваюць. Маці заўсёды смела паводзіць сябе са следчымі. Калі яны прыязджалі, пыталася: “Што, і за мной прыехалі ўжо? Забірайце!"
Адрас для лістоў Вікторыі ды Настассі: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |
Віталь і Ягор Пракапчукі. Бацька і сын
Бацьку і сына Пракапчукоў забралі з дома 19 жніўня з розніцай у пару гадзін – і вось ужо паўгады дома іх чакаюць маці і жонка Святлана і дачка і сястра 11-гадовая Вікторыя – дзяўчынка дагэтуль не разумее, чаму дадому не вяртаюцца яе блізкія людзі. Яны пішуць лісты, двойчы на тыдзень адвозяць у горад перадачкі і спрабуюць спраўляцца з незвыклымі для сябе справамі: як, напрыклад, без дапамогі пачысціць двор ад снегу ў такую сапраўдную зіму ці пачыніць машыну? “Яны добрыя, спагадлівыя, заўсёды былі мне сапраўднай падтрымкай, – расказвае Святлана. – А зараз мы з дачкой засталіся ўдвух. Не магу зразумець, чаму яны трымаюць за кратамі працавітых мужчын, падтрымку сям’і, людзей, якія спраўна плацілі падаткі… Сын толькі месяц як уладкаваўся на працу… Гэта цяжка – як маральна, так і фізічна. Адзінае жаданне зараз – каб іх проста выпусцілі. Сказалі б забіраць – прыляцела б у імгненне вока”.
Віталь і Святлана пазнаёміліся каля 25 гадоў таму, жанчына распавядае, што будучы муж прывабіў любоўю, клопатам, уважлівасцю і дабрынёй. Так у сям’і выхоўваліся і дзеці: у любові іх вучылі дабрыні, ветлівасці, справядлівасці. Святлана ўпэўненая, што сын вырас менавіта такім. Напрыклад, не так даўно ён папрасіў маці набыць смачных прадуктаў для свайго суседа па камеры, якому ніхто не носіць перадачкі: у краме пры СІЗА дастаткова ежы, але Ягор клапаціўся, каб чалавек побач таксама меў магчымасць паласавацца прысмакамі. Маці таксама ўзгадвае, як класе ў шостым настаўніцы ў школе захапляліся не па ўзросце мужным Ягорам, які прынёс дзяўчынцы ружу і паштоўку на Дзень святога Валянціна. Сёлета “валянцінкі” Ягору і Віталю ў СІЗА дасылае маці.
Бацька Ягора – майстра на ўсе рукі. Ён сам пабудаваў хату, у якой жыве сям’я. Да затрымання Віталь працаваў слесарам, а Ягор адвучыўся на электрагазазваршчыка. Таксама хлопец займаецца спортам: ходзіць у трэнажорную залу, захапляўся тайскім боксам. У лістах ён піша, што спрабуе адціскацца ад падлогі і ў камеры.
Зараз Святлана кожны вечар прысвячае лістам родным: перачытаць іхнія лісты, апісаць навіны. Яны сумуюць, хвалююцца за маці. Ягор просіць раздрукаваць фотаздымкі. Праз пяць месяцаў пасля затрымання было адно спатканне – дзве гадзіны праляцелі занадта хутка. Зараз яны пішуць, што чакаюць лісты. “Я даўно пісала, што ў лютым павінна ўсё закончыцца – муж зараз просіць, што хоча пачуць маё “прадчуванне”, – распавядае Святлана. – Таксама праз лісты Ягор пасябраваў з дзяўчынкай, якая яму напісала – я знайшла яе ў сацсетках і таксама зараз камунікую з ёй”.
Перад інтэрв’ю і працай Святлана паспела адвезці ў СІЗА цёплыя курткі – нечаканыя маразы вымушаюць падладжвацца да ўмоў. Жанчына просіць звязвацца са сваякамі, калі нехта хоча даслаць пасылку. Аднойчы праз перавышэнне нормы яна не змагла перадаць патрэбныя рэчы, і Ягор жартаваў у лісце: “Мама, напэўна, цябе там снегам замяло, што ты не прыйшла”.
Сёння ў Брэсце пачаўся суд над бацькам і сынам.
Адрас для лістоў Віталю ды Ягору: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37 |
Кім і Аляксей Самусенкі. Браты
31-гадовы Кім і 32-гадовы Аляксей былі затрыманыя ў лістападзе з розніцай у два дні. Ім прад’явілі абвінавачане па арт. 342. Кіма, актывіста і сябра рады грамадскага руху “Дзея” абвінавачваюць яшчэ і па арт. 349: Следчы камітэт мяркуе, што ён датычны да ўзлома кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама.
Іх маці Людміла Самусенка распавяла “Нашай ніве” пра сыноў. Сям’я жыла ў Мінску, браты вучыліся ў беларускамоўнай гімназіі №4: выхаваць сыноў сапраўднымі беларусамі было для маці прынцыпова. Пасля – вывучыліся на эканамістаў. Маці тлумачыць, што такая адукацыя навучыла іх глядзець на ўсё праз прызму логікі і бачыць наваколле як сістэму. Абодва браты ўдзельнічалі ў эканамічнай алімпіядзе: старэйшы два гады перамагаў на рэспубліканскай, малодшы паспеў выйграць толькі першы тур – потым алімпіяду адмянілі.
Людміла прывяла "Еўрарадыё" у прыклад гісторыю, якая раскрывае характары сыноў:
"Аднойчы ў двор зайшла карова і падышла да Кіма. Лёша, якому было чатыры гады, заўважыў гэта і ўстаў паміж каровай і братам. Было відаць, як яму страшна, але ён закрываў Кіма. Гэта такі стрыжань... пачуццё мужчыны, якое не выхаваеш, калі яго няма. Лёша — герой. Кім тым часам разглядаў карову, яму было цікава, зусім не баяўся. Мае дзеці такія розныя, але класныя. Вы не ўяўляеце, як мне пашанцавала з маёй сям'ёй. Я імі ганаруся ўсімі".
Браты шмат вандравалі па Беларусі з дзяцінства. У 2006 годзе сям’я заснавала клуб гістарычнай рэканструкцыі: вывучала побыт, дакументы, тэхналогію вырабу рэчаў па тэме горада ў Францыі XIV стагоддзя. Таксама – любілі паляваць. Сыны з бацькам прывозілі з палёў і лясоў качак, зайцаў, дзікоў: у Людмілы назбіраўся цэлы стос рацэптаў з дзічыны.
Аляксей працаваў у сетцы фірм, якая займаецца вырабамі з пластыку. Кім да нядаўняга часу ўзначальваў аддзел кіберспорту пры футбольным клубе: хаця ён не звязаны з праграмаваннем, падумаў, што беларускі кіберспорт варта развіваць. Але праз каронавірус накірунак закрылі, Кім застаўся без працы.
У братоў ёсць і свае сем’і. Сыну Аляксея чатыры гады, Кімавай дачцэ – дзевяць месяцаў. Малодшы брат ажаніўся зусім нядаўна: пры вобшуку забралі грошы, якія сям’і падарылі на вяселле – імі Кім хацеў пагасіць крэдыт за свята.
«Хлопцы заўсёды цікавіліся тым, што адбываецца ў грамадстве. Мужчына не будзе мужчынам, калі ён будзе да гэтага абыякавы. Старэйшы сын ніколі не ўдзельнічаў у палітычным жыцці да гэтага года. Мы з Кімам былі больш актыўныя — з’яўляемся заснавальнікамі праваабаронча-асветніцкага аб’яднання «Дзея», — распавядае маці. Людміла не ведае, чаму імі зацікавіліся органы, у пікетах па зборы подпісаў хлопцы не ўдзельнічалі.
«Ёсць такі твор «Раскіданае гняздо», болей нічога не магу сказаць, — уздыхае Людміла. — Я вельмі паважаю сваіх сыноў, ганаруся імі. Яны пішуць мне лісты. Вядома, іх цікавіць, што тут адбываецца, як іх сем’і. Кім вельмі хваляваўся, бо яго жонка засталася з маленькім дзіцем у чужой краіне (жонка Кіма Алеся – украінка, зараз яна на Радзіме – заўв.). За нас, бацькоў, перажываюць. Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку. Гэта нерэальна! Мне, напэўна, жыцця не хопіць кожнаму сказаць «дзякуй». Я не веру — я ведаю, што ў нас усё будзе добра. Гэта падтрымка дае моц спакойна жыць, дапамагаць сваім дзецям і Беларусі».
Адрас для лістоў Кіму ды Аляксею: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |