Повязь кратамі: якія сем’і апынаюцца ў турмах. Частка другая
17 лютага ў Беларусі налічваецца 255 палітвязняў. “Вясна” працягвае распавядаць пра тых, хто апынуўся ў зняволенні праз палітычны пераслед. Часам бывае, што сям’я сутыкаецца з прэсінгам у дачыненні адразу да некалькіх людзей – так за кратамі апынаюцца браты і сёстры, бацькі і дзеці, суджанцы. Тыя, хто іх любіць, вымушаныя глядзець ім услед праз краты муроў і растапляць сваёй любоўю кайданкі няволі.
Ці па-свойму няшчасныя ўсе гэтыя сем’і, калі ўсе яны звязаныя адной прагай – хутчэй абняць родных? У такой сітуацыі апынуліся мінімум дзевяць сем'яў – сёння мы распавядаем гісторыі пяці з іх.
Першую частку можна пачытаць тут.
За два дні, якія прайшлі паміж выхадам двух частак тэксту, колькасць палітвязняў павялічылася на адзінаццаць чалавек. У спіс зняволенных сем'яў дадалася яшчэ адна – муж і жонка Маўшук.
Тамаз і Цімур Піпія. Браты
31-гадовы Цімур і 26-гадовы Тамаз – футбольныя заўзятары клуба “МТЗ-РІПА”. Іх затрымалі ў межах крымінальнай справы па артыкуле 342 па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 23 верасня, пасля таемная інаўгурацыі Лукашэнкі.
Затрыманне братоў апынулася нечаканасцю для ўсёй сям’і. Зараз у маці выявілі злаякасную пухліну, і лекары кажуць, што захворванне развілася менавіта на фоне стрэса: да затрыманняў ніякіх праблем не было. На гэтым тыдні яе кладуць у больніцу, таму зараз 22-гадовая сястра Луіза – малодшы дзіцёнак у сям’і, якую Цімур і Тамаз заўсёды абаранялі і песцілі, – зараз каардынуе ўсю працу па дапамозе братам і маці.
“Маці не можа зразумець, як яе дзеці, каторыя не ўчынілі абсалютна нічога процізаконнага, ужо пяць месяцаў знаходзяцца ў турме, – расказвае дзяўчына. – Яна баіцца, як я тут буду спраўляцца адна, а яшчэ – больш не ўбачыць сыноў”.
Цімур і Тамаз працавалі ў грузаперавозкамі ў прыватнай кампаніі, Цімур навучаўся на палітолага-юрыста. Цяпер адвакат кажа, што гэты досвед заўважны ў размовах: ён дакладна разумее тэрміны і фармулёўкі. Абодва браты, у большасці Тамаз, захапляюцца псіхалогіяй – асабліва, міжасабістай камунікацыяй. Таксама яны цікавяцца футболам: аднойчы Луізе давялося маляваць у лістах да Цімура табліцы па Лізе чэмпіёнаў.
Луіза распавяла “Вясне”, што браты добрыя і кампанейскія, але маюць дастаткова розныя характары. Цімур – смелы, гатовы адказаць за кожнае слова і ўчынак, думае рацыянальна, адаптуецца да ўмоў. Адвакат распавядае, што ён апекуе новенькіх, дапамагае ім прызвычаіцца да ўмоў у СІЗА. Тамаз – больш эмацыйны чалавек, хвалюецца за ўсіх вакол, але не за сябе. У сітуацыі з арыштамі праз лісты гэтая розніца назіраецца асабліва выяўна. Абодва браты больш хвалююцца за тое, што адбываецца дома з блізкімі.
Асабліва цяжка было першы тыдзень, потым паглынулі побытавыя пытанні, а зараз Луіза ў каментарыях у сацсетках ужо кансультуе іншых людзей, якія ўпершыню сутыкаюцца з затрыманнямі сваякоў. Дзяўчына ўдзячная за падтрымку. Браты пішуць, што ім прыходзяць лісты ад знаёмых і назнаёмых людзей, дзіцячыя малюнкі.
“Дзякуй людзям за такія добрыя сэрцы. Многія пішуць мне, пытаюцца пра справы і дапамогу, – кажа Луіза. – Не чакала, што ў Беларусі настолькі прыязныя і міласэрныя людзі”. Зблізіла агульнае гора і сям’ю. Былая жонка Цімура разам з 6-гадовай дачкой – вельмі падобнай да бацькі дзяўчынкай – пішуць яму лісты і дапамагаюць з перадачамі, дзяўчына Тамаза Эльвіра таксама заўсёды побач з Луізай, хаця жыве ў іншым горадзе. Хлопца затрымалі, калі ён быў у яе ў гасцях, і калі ў той момант пасля паведамлення сястры пра затрыманне яна села на бардзюр і расплакалася, то зараз яна сабралася, спрабуе адцягнуцца на тэму працы. Калі не атрымоўвае лісты ад каханага, сумуе і тэлефануе на пошту – аднойчы нават на Галоўпаштамт. “Заўсёды казала Тамазу, што Эльвіра за яго “падзярэ” любога”, – усміхаецца Луіза.
Адрас для лістоў Тамазу ды Цімуру: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |
Сяргей і Алена Маўшук. Муж і жонка
Палітзняволеныя жыхары Пінска Сяргей і Алена Маўшукі з'яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы па масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Алене Маўшук 44 гады. Яна рабіла санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі. Да жніўня яны разам выхоўвалі траіх дзяцей, пакуль Алену не змясцілі пад варту.
Як раней «Вясне» распавядаў Сяргей, увечары 9 жніўня ён з жонкай пайшлі прагуляцца на плошчу Леніна. Па словах мужчыны, яны ўбачылі, што збіраецца шмат людзей і пачынаюць крычаць лозунгі накшталт "Ганьба!", "Сыходзь". Са словаў Сяргея, раней на мітынгі з жонкай не хадзілі, часам глядзелі відэа блогераў.
"Мы ўбачылі, што раптам на людзей пайшлі "шчыты" [сілавікі са шчытамі]. Мы пачалі выбірацца адтуль, але нас цалкам атачылі сілавікі. Была толькі маленькая вулачка для выхаду. Мы з яшчэ 15-20 людзьмі пабеглі туды. Але мы ўперліся ў гаражы з калючым дротам. Я заскочыў на гаражы, а жонка не змагла. Я застаўся з ёй. Мяне адразу заламалі сілавікі: тварам у асфальт, рукі за спіну. Мяне закінулі аўтазак, а Лену проста завялі", — распавядае Сяргей Маўшук.
Мужа і жонку даставілі ў Пінскае ГАУС. Там супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі па відэа, якое пазней з'явілася ў інтэрнэце, што "Алена прымала ўдзел у масавых беспарадках". Сяргею сказалі, што яго жонку "закрылі". Сяргея Маўшука пратрымалі ў ціры каля 17 гадзін і адпусцілі са штрафам у 10 базавых велічыняў. Сяргей выйшаў з ціра збіты. Да 14 жніўня ў яго не было аніякай інфармацыі аб сваёй жонцы. З ім звязалася сукамерніца, якая распавяла, што Алена знаходзіцца ў камеры "голая, босая, збітая". Са словаў гэтай жанчыны, жонка Сяргея была ўся ў сіняках.
У Алены і Сяргея Маўшукоў трое дачок: адна — паўналетняя, дзве — малалетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасня са школы забралі ў сацыяльны прытулак, таму што Сяргей з'яўляецца яе айчымам. Пазней дачку з прытулку забрала да сябе хросная.
Пяцігадовая Карына жыве са сваім бацькам Сяргеем. Старэйшая ж дачка за час, пакуль Алена за кратамі, нарадзіла дзіця.
"Зараз галоўнае — вярнуць сястру з прытулку і пабачыцца з мамай, — кажа 19-гадовая Юлія. — Мы зусім не ведаем, як яна там. Усё, што ёсць, — гэта лісты. У нядаўнім лісце яна прасіла даслаць ёй грошай і пыталася, чаму так доўга няма адваката. Не думаю, што пасля вызвалення мама будзе неяк змагацца. Але я ведаю, што мамы могуць даць вялікі тэрмін, і ўжо нічому не здзіўлюся".
У СІЗА Алену паставілі на ўлік, «як схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праявы агрэсіі, і павінна казаць гэта кожны дзень».
У снежні падазраваным па гэтай справе зрабілі і Сяргея Маўшука, пазней яму выбралі меры стрымання — хатні арышт. Следства ў дачыненні да Алены ўжо завяршылі, цяпер яна чакае суду.
Адрас для лістоў Алене: СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В |
Віктар і Эдуард Бабарыкі. Бацька і сын
Віктар і Эдуард Бабарыкі былі затрыманыя разам 18 чэрвеня, калі ішлі у ЦВК здаваць сабраныя за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты подпісы. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Адвакатам увесь дзень не дазвалялася наведваць затрыманых: у будынку ДФР правадзіліся "вучэнні". У той жа дзень Эдуарда Бабрыка змясцілі ў СІЗА КДБ.
Віктар Бабарыка — заснавальнік Міжнароднага фонду дапамогі "Шанс", ініцыятар Міжнароднага тэатральнага форуму "Тэарт", ініцыятар праекта "Арт-Беларусь", у рамках якога ў нашу краіну былі вернутыя работы Шагала, Суціна і іншых вядомых мастакоў. Пры яго садзейнічанні ў Беларусь быў вернуты арыгінал Бібліі Францыска Скарыны. Ініцыятар стварэння культурнага хаба ОК16, унікальнай пляцоўкі прасоўвання культурных праектаў. Прафінансаваў выданне 15 000 асобнікаў пяцітомніка для перадачы ў дар беларускім бібліятэкам. Ён паставіў рэкорд па колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле звестак ягонага штаба, іх было сабрана больш за 430 тысяч, а пададзена ў ЦВК — 365 тысяч. Кандыдатуру Бабарыка падтрымалі вядомыя беларусы: нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, рэжысёр Андрэй Курэйчык, палітыкі Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў.
Сёння суд пачаў разглядаць справу Віктара Бабарыкі.
Эдуард Бабрыка скончыў БДЭУ па спецыяльнасці "Эканоміка і кіраванне прадпрыемствамі". Кіраваў краўдфандынгавымі платформамі Ulej і MolaMola. Ён захапляецца верхавым спортам і дайвінгам. У следчым ізалятары Эдуард займаецца ёгай, чытае, вучыцца маляваць і папрасіў перадаць яму кнігі па шахматах.
— Эдзік — лідар у жыцці, ён можа расказаць вам пра новую ідэю за 10 хвілін так, што людзі ўскокваюць і кажуць: "Дык чаму ж мы гэтага не робім? Давайце зробім гэта!" Ён заўседы імкнецца зрабіць нешта карыснае для света, стварыць прадукт, паслугу, сервіс, якія прынеслі б карысць грамадству, — сказаў у інтэрв'ю яго сябар Міхаіл Азашвілі.
Адрас для лістоў Віктару ды Эдуарду: СІЗА КДБ, 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8 |
Аляксандр Францкевіч і Ілля Лабацэвіч. Стрыечныя браты
Актывіста анархісцкага руху 30-гадовага Аляксандра Францкевіча затрымалі 13 жніўня на выхадзе з пад'езду дома, дзе ён пражываў. Яго абвінавацілі па ўсіх трох частках 293 артыкула Крымінальнага кодэксу, а таксама паводле ч. 2 арт. 285. Аляксандр Францкевіч таксама з'яўляўся палітвязнем у 2010-2013 гадах. Падчас зняволення было апублікаванае ягонае апавяданне “Абдымі мяне мацней”.
Калі Аляксандра затрымалі ў 2020 годзе, сястра ягонай маці, Наталля, і ягоны стрыечны брат Ілля Лабацэвіч выйшлі ў Наваполацку на мірную акцыю пратэсту. Калі побач з імі амапаўцы пачалі збіваць чалавека, яны вырашылі заступіцца за хлопца. У выніку іх таксама пачалі збіваць. Ілля стаў бараніць ад удараў маці, за што атрымаў сур'ёзны ўдар па галаве дубінкай. Іллю асудзілі на паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Маці Аляксандра Таццяна распавяла “Вясне”, што Саша – разумны, добры і чулы хлопец, за што яна вельмі яго любіць. Ён ніколі не адмовіцца дапамагчы сябрам, а калі пачаў зарабляць свае грошы, адразу пачаў дапамагаць маці матэрыяльна. “Мне пашчасціла з сынам, – упэўненая яна. – Я нават не сутыкнулася з пераходным узростам: як тады, так і зараз варта нам паглядзець адзін на аднаго, мы разумеем усё з паўслова”. Саша жыў без бацькі з шасці год. Вучыўся ў школе з паглыбленым вывучэннем ангельскай і нямецкай моў, апошнія два класы перайшоў у ліцэй з засяроджаннем на праграмаванні: ужо ў той час ён займаў на рэспубліканскіх алімпіядах па гэтай дысцыпліне першыя месцы сярод школьнікаў. Таксама быў сярод першых у гарадскіх алімпіядах па матэматыцы. Таму ён вырашыў стаць айцішнікам: не паступіў на бюджэт, таму вырашыў адразу ісці працаваць. На работу хлопца ўзялі хутка: яго і дагэтуль цэняць на працы і захоўваюць за ім месца. Для его гэта не толькі праца – у яго таксама хватае цярплівасці доўга і па некалькі разоў дапамагаць разабрацца з камп’ютарнымі пытаннямі сваякам.
Саша любіць чытаць фантастыку, радуецца, што бібліятэка на Валадарцы зараз папоўнілася новымі кніжкамі гэтага жанру. На волі Сашу таксама чакае каханая, якая яго падтрымлівае.
Спадарыня Таццяна распавядае, што Саша падтрымлівае ў лістах, піша, што ўсё вытрывае, што ён усё ўжо праходзіў. “Калі Сашу арыштавалі ў 2010 годзе, было цяжэй, – кажа яна. – Па-першае, не было такой хвалі салідарнасці: адзін аднаго падтрымлівалі ў асноўным бацькі. А зараз яму нават напісалі бацькі сябры з ліцэя. Па-другое, я ўбачыла, як у Сашы выпрацаваўся стрыжань, стаў мужным і стойкім. Адзінае, за што хвалююся, – за яго не вельмі моцнае здароўе”.
З 38-гадовым Іллёй у Сашы былі добрыя адносіны – сёння адна адну падтрымліваюць іх маці.
Ілля Лабацэвіч працаваў з 17 гадоў на цяжкіх працах: быў грузчыкам, цесляром, муляром, бетоннікам, стропалем – апошняя праца яму падабалася асабліва. Ён часта мяняў месцы заробку, спрабаваў рознае. Маці Іллі, спадарыня Наталля, прыгадвае, што калі шпацыраваць з сынам па горадзе (сям’я жыве ў Наваполацку), усюды сустракаюць знаёмых і сяброў Іллі. Сельскай працай Ілля любіць займацца і на лецішчы. Таксама там ён займаўся усходнімі адзінаборствамі: гледзячы на свае любімыя з дзяцінства фільмы з Джэкі Чанам і Чакам Норысам, ён паўтараў рухі герояў і атточваў сваё майстэрства. Любіць ён і камп’ютарныя гульні. Таксама мужчына малюе: асабліва яму падабаецца пісаць партрэты і пейзажы.
Наталля распавяла “Вясне”, што яе сын – дабратлівы і чулы да чужога гора: аддасць апошнюю кашулю. Яго і затрымалі менавіта праз тое, што ён не змог прайсці міма несправядлівасці. "Ён ніколі нікога не пакрыудзіць: толькі абароніць, – расказвае маці. – У нас быў сабака, коцік, у дзяцінстве – птушачкі”. Таксама мужчына не п’е і не паліць: калі на прадпрыемстве трэба было “прастаўляцца” на дзень народзінаў, Ілля прынёс цукеркі: сказаў, і сам не будзе піць, і іншым не дасць.
Ілля – сямейны чалавек. Ён прывязаны да маці і малодшай сястры, з каторай у яго сяброўскія адносіны. Калі дзеці былі маленькія, маці заўсёды казала, што нельга крыўдзіць дзяўчынку, слабых – гэтыя прынцыпы і зараз засталіся ў мужчыны. Ілля – хросны бацька сваёй 14-гадовай пляменніцы. Наталля распавядае, што калі дзяўчынка была маленькай, то не падпускала да сябе мужчын – баялася ўсіх, акрамя Іллі. І зараз Наталля пералічвае, колькі ўсяго Ілля прыдбаў у хату: секцыю, лядоўню, тэлевізар… “Ён сапраўдны мужчына”, – усміхаецца Наталля.
Зараз Ілля больш хвалюецца за блізкіх: маці, сястру, 90-гадовую бабулю. Самому хаця і бывае цяжка праз інфармацыйную блакаду і невядомыя раней абставіны, ён імкнецца быць пазітыўным і падтрымліваць сваякоў. Цікава, што праз розных сукамернікаў да маці даходзяць добрыя словы, якія тыя распавядаюць пра яе сына сваім бацькам. А ў адной з чэрг на перадачкі яна пасябравала з маці іншага палітвязня – Арцёма Ісакава: некаторы час той таксама знаходзіўся ў адной камеры з Іллёй, і ўсе чацвёра – абедзве маці і сыны – лістуюцца між сабой.
“Салідарнасць вельмі дапамагае, – кажа Наталля. – Мы выцягваем адзін аднаго з дрыгвы, бо бывала і такое, што рукі апускаліся. Як вызваліць нашых дзяцей? Але потым ты думаеш: “Не, нельга, будзем змагацца, пакуль не вызвалім усіх”.
Адрас для лістоў Аляксандру: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030Адрас для лістоў Іллі: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8 |
Юлія і Пётр Слуцкія. Маці і сын
Заснавальніцу і старшыню Прэс-клуба Юлію Слуцкую затрымалі 22 снежня ў аэрапорце па вяртання ў Беларусь. Крыху пазней у той жа дзень затрымалі і яе сына – аператара, супрацоўніка Прэс-клуба. Іх вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і спрыянні гэтаму. Дачка Юліі і сястра Пятра Аляксандра расказвала, што ў камеры маці – сем чалавек, яна прыйшла туды восьмай. Праз хворую спіну дзяўчаты ў камеры памяняліся з ёй ложкамі, каб жанчыне не трэба было лезці наверх. Таксама яна просіць не перадаваць столькі ежы: жартуе, што не выйдзе з СІЗА, таму што не пралезе ў дзверы.
«Вядома, мама адчувала сябе ў небяспецы, бо ў гэтай краіне ўсе, хто нешта робіць, робіць нешта незвычайнае, – у небяспецы, – распавядала Аляксандра “Белсату”. – Але дрэнныя прадчуванні былі, хутчэй, у мяне, не ў яе. Я казала: «Мамачка, я хачу, каб ты з’ехала». А яна адказвала: «Няўжо ты можаш сабе ўявіць, што ўсе мае застануцца тут, а я з’еду?»
Нягледзячы на тое, што лісты таксама не часта даходзяць да адрасата, Аляксандра піша штодзень: «Калі б мама атрымала іх усе разам, напэўна, падумала б, што я пачала выпіваць, настолькі яны сумбурныя. Я ўвесь час нашу з сабой аркуш паперы, калі нешта хачу сказаць – запісваю гэта, а потым проста кладу ў канверт і адпраўляю. Што б я ні рабіла, у думках раюся з мамай. Я нават стварыла ёй новую электронную пошту, куды штодзённа пішу нейкія дробязі, і гэта мне вельмі дапамагае. Апроч гэтага, мама кожны дзень атрымлівае ад мяне перадачы. Мне нават удалося перадаць хамон, праўда, назваўшы яго каўбасой, а аднойчы ў мяне не ўзялі круасаны і багет, але на наступны дзень узялі тое ж пад назваю «булачкі і батон».
Справы палітзняволеных мамы і брата ў Аляксандры цяпер складаюць паўнавартасны працоўны дзень: перадачы, адвакаты, размовы з журналістамі, а таксама – падтрыманне таты і бабулі.
«Для таты мама – цэлы свет, – кажа дачка. – Па першым часе яму было вельмі цяжка, але ў выніку ён сабраўся. Я прыязджаю да яго кожны дзень, мы стэлефаноўваемся па тры-чатыры разы на дзень – за гэты час мы моцна зблізіліся. У адным з лістоў я напісала маме, што выхавала ёй ідэальнага мужа, хай рыхтуецца. Думаю, тату і бабулі значна цяжэй: мяне ратуе дзейнасць, а яны проста чакаюць, калі маму і Пецю вызваляць».
Затрыманне блізкіх таксама зблізіла Аляксандру з дзяўчынаю брата: «Дасюль з Юляю мы сустракаліся хіба ў святы, а цяпер сталі амаль што сёстрамі: я ведаю, што яна кожную секунду са мной і адчувае тое ж, што і я. З бацькам яны размаўляюць кожны дзень. Юля назвала гэта «крызіснай інтэграцыяй у сям’ю». Пеця служыў у арміі, ён малады і ўсяедны – за яго я перажываю менш. У лістах да бацькі ён нешматслоўны: «Вітаю! У мяне ўсё добра, кормяць смачна, у камеры ёсць тэлевізар, так што не сумую». Яшчэ сказаў, што нарэшце выспаўся. Сваёй дзяўчыне ён піша, вядома, больш разгорнута».
Юля ўспамінае, што калі яны стаялі ля ДФР і чакалі інфармацыі, яна нечакана ўбачыла Пецю: тады ён змог сказаць, што кахае яе. “Ужо потым я зразумела, што гэта было першае “Я цябе кахаю”. Зараз я жартую, што Пецю, каб сказаць гэтыя словы, патрэбна было трапіць у турму”.
Юлія Слуцкая перадала праз адваката плюсы, якія яна бачыць у гэтай сітуацыі: у яе з’явіўся час на вывучэнне англійскай мовы, цяпер яна можа харчавацца паводле графіку і некалькі разоў на дзень рабіць гімнастыку, праўда, некаторыя практыкаванні праз недахоп месца даводзіцца рабіць на нарах.
«Не магу ўявіць сваёй мамачкі ў камеры. У яе такія пяшчотныя рукі, яна такая цёплая, у яе такі родны пах, да яе заўсёды можна прыйсці і выплакацца. А тут мая мама – і ў такіх абставінах: у галаве не ўкладваецца. Я стараюся адштурхоўваць думкі пра гэта, а калі яны мяне ўсё ж наганяюць, я нават не плачу – выю. У такіх выпадках я маю некалькі хвілінаў, можна закрыцца ў машыне і выць у рукаў альбо ўначы ў падушку. Я гэта называю «паламалася». А потым – далей у бой».
Адрас для лістоў Юліі ды Пятру: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |