viasna on patreon

Ператрус: што важна ведаць

2023 2023-12-15T13:45:00+0300 2024-01-24T12:07:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vobshuk_gpt.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" нагадвае, што трэба ведаць пра ператрус.

vobshuk_gpt.png
Ілюстрацыя створана з дапамогай DALL·E

Што рабіць, калі да вас прыйшлі з ператрусам

Калі праваахоўныя органы збіраюцца правесці ў вашым жытле ператрус, яны павінны пагрукаць або патэлефанаваць у дзверы і папрасіць іх адчыніць. Выломліваць дзверы маюць права, калі ўладальнік памяшкання адмаўляецца яго адкрыць (ч. 7 арт. 210 КПК).

Да таго, як адчыняць дзверы, высветліце, супрацоўнікі якога органа і з якой мэтай да вас прыйшлі.

Паведаміце пра гэта блізкім. Да пачатку ператрусу вас не могуць у гэтым абмяжоўваць, а падчас ператрусу – могуць (ч. 12 арт. 210 КПК).
Вы можаце запатрабаваць праводзіць ператрус з удзелам свайго адваката (арт. 45 КПК). Калі адвакат можа прыбыць у бліжэйшы час, то следчы абавязаны яго дачакацца.

Што, калі нікога няма дома

Калі чалавек, у дачыненні да якога праводзіцца ператрус, адсутнічае, то дастаткова прысутнасці іншага паўналетняга, які пражывае ў жытле, альбо супрацоўнікаў ЖЭС ( ч. 9 арт. 210 КПК).

Калі ў памяшканні, дзе павінен праводзіцца ператрус, на момант прыбыцця следчага нікога няма, то дзверы ў кватэру могуць быць ускрытыя (ч.7 арт. 210 КПК).

Якія дакументы павінны прад'явіць да пачатку ператрусу

  • Пастанова аб правядзенні ператрусу

Для правядзення ператрусу следчы павінен вынесці пастанову аб яго правядзенні, дзе напісана, па якім адрасе ён будзе праводзіцца, у дачыненні да якой асобы ён праводзіцца, па якой крымінальнай справе.

  • Санкцыя пракурора

На пастанове абавязкова павінна быць санкцыя пракурора — дазвол на правядзенне ператрусу. У правым верхнім куце пастановы павінна быць напісана "САНКЦЫЯНУЮ" і стаяць гербавая пячатка.

Ёсць толькі два выключэнні, калі ператрус можа быць праведзены без санкцыі пракурора: калі аб'ект, што шукаецца пры ператрусе, можа быць згублены або выкарыстаны ў злачынных мэтах, або калі асоба, якую шукаюць, можа схавацца.

Як павінен праходзіць ператрус

  • Пратакол ператрусу

З самага пачатку ператрусу павінен весціся пратакол. Службовыя асобы, якія прысутнічаюць пры правядзенні ператрусу разам са следчым, павінны быць указаныя ў пратаколе.

Пратакол ператрусу павінен быць прад'яўлены для азнаямлення і подпісу ўсім, хто ўдзельнічае ў ім (ч. 5 і 6 арт. 193 КПК). У час азнаямлення з пратаколам можна ўнесці заўвагі і засведчыць іх сваім подпісам (ч. 5 арт. 193 КПК).

  • Вопіс канфіскаваных у час ператрусу рэчаў

Усе прадметы, што адбіраюцца ў час ператрусу, павінны быць пералічаныя альбо ў пратаколе ператрусу, альбо ў асобным пратаколе (ч. 2 арт. 212 КПК).

Кожны прадмет павінен быць падрабязна апісаны. Калі забіраецца аргтэхніка, то павінна быць паказана яе марка, нумар, колер, знешні выгляд. 

Гэты дакумент павінен быць падпісаны асобай, якая праводзіла ператрус і панятымі. На падставе гэтага дакумента потым можна будзе патрабаваць вяртання канфіскаваных рэчаў.

  • Панятыя

Ператрус павінен праводзіцца ў прысутнасці панятых (ч. 4 арт. 210 КПК). Панятых павінна быць мінімум два чалавекі і гэта мусяць быць незацікаўленыя асобы (ч. 1 арт. 202 КПК). Іх задача — назіраць, як праводзіцца ператрус.

Калі вы дакладна ведаеце, што панятыя — гэта супрацоўнікі міліцыі ці іншыя зацікаўленыя асобы, то можаце заявіць адвод панятым (арт. 76 КПК). Самы просты спосаб — адразу заявіць пра гэта і пазначыць гэта ў пратаколе ператрусу перад сваім подпісам.

Ключы і паролі

Вы можаце не даваць следчаму ключы ад зачыненых памяшканняў, сховішчаў і сейфаў, але ў такім выпадку іх могуць ускрыць (ч. 7 арт. 210 КПК).

Вы маеце права не адказваць на пытанні следчага падчас ператрусу, паколькі гэта не допыт. У цэлым, прэзумпцыя невінаватасці (арт. 27 Канстытуцыі) дае вам права не паведамляць падчас следчых дзеянняў інфармацыю, якая на вашу думку можа нашкодзіць вам ці вашым блізкім. Да такой інфармацыі могуць адносіцца і паролі ад вашых гаджэтаў.

Якія дакументы вы павінны мець пасля ператрусу

У вас мусіць застацца копія пратаколу ператрусу і копія дакумента, дзе падрабязна распісана канфіскаваная маёмасць.

Карысныя матэрыялы:

Если к вам пришли. Рассказываем, что нужно знать о своих правах, когда силовики проявляют интерес

Что делать, если неожиданно в вашу дверь постучала оперативная группа? Сразу открывать или звонить адвокату? Отвечать на все вопросы следователя или лучше не свидетельствовать против себя?

Как защитить себя при обыске

Этот материал - краткая выжимка из памятки, подготовленной при поддержке Еврокомиссии в Беларуси в рамках проекта «Содействие гражданскому обществу в инициативах, способствующих большей открытости и прозрачности в деятельности правоохранительных органов Республики Беларусь»

Наста Лойка: "Што рабіць, калі да вас прыйшлі з вобшукам?" (відэа)

Наста Лойка распавядае, як паводзіць сябе пры вобшуку у праграме Белсату "Маю права".

Як паводзіць сябе пры ператрусе?

Гэта можа здарыцца з кожным(-ай). Аднойчы раніцай ты выяўляеш, што ў тваё жыллё хочуць увайсці ветлівыя людзі, каб пакапацца ў тваіх рэчах. Мы пагаварылі з праваабаронцамі і падрыхтавалі памятку на выпадак ператрусу. Прачытай і падзяліся з блізкімі!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства