Менская падатковая інспекцыя адмяніла пастанову аб спагнаньні з Беларускага Хельсінскага камітэту 380 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафных санкцыяў
Паводле Радыё Свабода.
Сталічная падатковая інспэкцыя адмяніла рашэньне аб спагнаньні зь Беларускага Хэльсынскага камітэту 380 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафных санкцыяў. Менавіта нявыплата гэтай сумы, якая Крымінальным кодэксам разглядаецца як асабліва вялікая, стала прычынай узбуджэньня крымінальнай справы супраць старшыні БХК і галоўнага бугальтара арганізацыі. Аднак крымінальная справа супраць іх не адмененая.
Раённай падатковай службе загадана толькі пералічыць доўг БХК з улікам новага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, якім быў зьменшаны памер штрафных санкцыяў зь юрыдычных асобаў, што не сплацілі падаткаў. Пералік мусяць завершыць да 5 красавіка. Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла ўжо назваў новую суму, якая, магчыма, будзе выстаўленая арганізацыі. Замест 380 мільёнаў праваабаронцы чакаюць, што зь іх запатрабуюць прыблізна 110–120 мільёнаў рублёў.
Беларускі Хэльсынскі камітэт ужо зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру, якая назірае за крымінальнай справай супраць кіраўнікоў камітэту. Гэтую справу вядуць сьледчыя Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту Дзяржкантролю. У скарзе праваабаронцы ў тым ліку інфармуюць пра парушэньні з боку сьледчых. Аднак адказ на гэтую скаргу пакуль не атрыманы. У БХК паведамілі, што яны падалі ўсе дакумэнты, якія запатрабавала сьледзтва. На допыты супрацоўнікаў БХК пакуль не выклікалі.