viasna on patreon

"Звязваем гэта з яго дзейнасцю па абароне правоў чалавека". Заява "Вясны" ў сувязі з новай крымінальнай справай супраць Леаніда Судаленкі

2023 2023-11-07T17:25:29+0300 2023-11-07T17:31:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/leanid-sudalenka_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сувязі з інфармацыяй аб пачатку новага крымінальнага пераследу праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", мы, сябры Праваабарончага цэнтра "Вясны", заяўляем наступнае.

Мы звязваем гэтыя крокі з публічным асуджэннем Леанідам рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў, яго выступамі ў падтрымку палітвязняў, жорсткай крытыкай парушэнняў прынцыпу вяршэнства права, а ў цэлым — з дзейнасцю нашага калегі па абароне і прасоўванні правоў чалавека.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў, а таксама права на свабоднае выказванне свайго меркавання. Гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі спосабамі на свой выбар. Любыя абмежаванні гэтага права павінны быць устаноўлены законам і з'яўляцца неабходнымі для павагі да правоў і рэпутацыі іншых асоб, для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.

У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праве і абавязках асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях, у тым ліку свабодна публікаваць, перадаваць або распаўсюджваць сярод іншых меркаванні, інфармацыю і веды аб усіх правах чалавека і асноўных свабодах; вывучаць, абмяркоўваць, складаць і мець меркаванні адносна захавання ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод як у заканадаўстве, так і на практыцы, і прыцягваць увагу грамадскасці да гэтых пытанняў, выкарыстоўваючы адпаведныя сродкі.

Адвольныя дзеянні беларускіх уладаў, якія абмяжоўваюць гэтыя правы, нікчэмныя, з'яўляюцца палітычна матываваным пераследам і павінны быць рашуча асуджаныя.

Мы нагадваем пра недапушчальнасць выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для пераследу актывістаў і праваабаронцаў за іх правамерную дзейнасць, а таксама пра непрымальнасць выкарыстання ў законе надзвычай шырокіх азначэнняў, якія дазваляюць інструменталізаваць закон у якасці сродку палітычных рэпрэсій. Мы рашуча адхіляем дапушчальнасць крыміналізацыі дзейнасці прадэмакратычных грамадскіх ініцыятыў, праваабарончых арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі адвольным прызнаннем іх "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а таксама крыміналізацыі сувязяў з гэтымі суб'ектамі.

Мы патрабуем:

  • спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі;
  • спыніць крымінальны пераслед грамадзян за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасць у абарону правоў і свабод;
  • прывесці антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства