viasna on patreon

Абнаўленне "Спіса экстрэмістаў", арышт за падпіску на "Зеркала", ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 6 кастрычніка

2023 2023-10-06T16:30:00+0300 2023-10-09T09:32:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikhail-kumpin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 14 прозвішчаў — цяпер у ім 3372 чалавекі

6 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі відэааператара Паўла Падабеда, асуджаныя за данаты Аляксандр Фікаў і Яўген Пархоменка.


Па пастанове пракурора Мінскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-крамы беларускіх тавараў prastora.bу

Паводле ведамства, на дадзеным рэсурсе размяшчаліся прапановы да набыцця кніжных выданняў, уключаных у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.


"Чалавека года Браслаўшчыны" арыштавалі за "экстрэмізм"

mikhail-kumpin.jpg
Міхаіл Кумпінь

Міхаіл Кумпінь — кіраўнік аддзялення №2 СВК "Маяк Браслаўскі". У 2022 годзе мужчына быў уганараваны званнем "Чалавек года Браслаўшчыны".

Суддзя Аляксандр Вязіцкі арыштаваў Міхаіла на 7 сутак за наяўнасць падпіскі ў "Аднакласніках" на суполку "Зеркало". Да таго ж у мужчыны канфіскавалі тэлефон, піша "Витебск, я гуляю"


Мінюст Беларусі пазбавіў ліцэнзій яшчэ шэсць адвакатаў

Як паведаміла "Право на защиту", па выніках чарговай атэстацыі прыняты рашэнні аб немагчымасці выканання адвакатам Пятровым сваіх прафесійных абавязкаў "з прычыны недастатковай кваліфікацыі".

Кваліфікацыйнай камісіяй таксама прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні да Агеева, Крата, Назаравай, Шосціка — у сувязі з прымяненнем да іх Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з калегіі за "здзяйсненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру)".

Аналагічнае рашэнне за "здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру", таксама прынята ў дачыненні да Палачкінай, якая ажыццяўляла адвакацкую дзейнасць у Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.


Адміністрацыя калоніі не паведамляе Рыгору Кастусёву вынікі анкалагічнага даследавання

Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык. Паводле яго, палітвязень выйшаў з ШІЗА пасля 10 сутак і патэлефанаваў сваякам:

"Расказаў, што цяпер вельмі баляць ногі. Ногі ацякаюць, бо ў яго моцны варыкоз. Ва ўмовах ШІЗА з варыкозам вельмі цяжка. Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець.

Сваякі кажуць, што спадар Рыгор і цяпер, пасля ШІЗА, ня ведае вынікаў дасьледаваньня. Нічога ня кажуць. І ён больш нічога пра стан здароўя ня кажа".

Нагадаем, 66-гадовага былога старшыню Партыі БНФ асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Рыгор Андрэевіч Кастусёў


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-канал "Athletes for Freedom" і ягоны лагатып;
  • Youtube-канал "Пра Віцебск/Про Витебск";
  • Інтэрнет-рэсурс palatno.mеdia;
  • Старонкі ў "Аднакласніках" "Усё аб Дуброўна", "Валерий Трещинский";
  • TikTok-акаунты "beregi_sebia", "Вольга Беларусочка".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства