Справу музыкаў TOR BAND пачнуць разглядаць 14 верасня ў закрытым рэжыме
Палітзняволеных музыкаў вядомага беларускага гурта "Tor Band" Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі 28 кастрычніка 2022 года. Спачатку ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА. Падчас знаходжання музыкаў у зняволенні гурт быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем" — цяпер іх за гэта будуць судзіць, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Стала вядома, што Гомельскі абласны суд пачне разглядаць 14 верасня справу палітвязняў у закрытым рэжыме. Працэс будзе весці суддзя Сяргей Салоўскі.
У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў:
- ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
- ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
- арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
Нагадаем, музыкаў разам з жонкамі музыкаў затрымалі ў Рагачове 28 кастрычніка. Пазней музыкаў Яўгена, Дзмітрыя і Андрэя некалькі разоў запар судзілі паводле адміністрацыйных пратаколаў, а пазней перавялі ў гомельскае СІЗА у межах крымінальнай справы.
Праваабаронцам статала вядома, што адзін з пратаколаў паводле арт. 19.11 КаАП на Галавача быў складзены за тое, што ён напісаў "экстрэмісцкую" песню "Родная Зямля" і выклаў яе ў інтэрнет.
На судзе Дзмітрый віну не прызнаў, ад дачы тлумачэнняў адмовіўся.
Суддзя адзначыла, што праз тое, што «Галавач з'ўляўся актыўным удзельнікам гурта, яму было дакладна вядома пра ўключэнне песні ў "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў"». Адзначым, што на момант суда Дзмітрый ужо месяц знаходзіўся за кратамі, а інфармацыя пра прызнанне сацсетак і песень гурта Tor Band у рэспубліканскім спісе з'явілася толькі ў пачатку лістапада з пазнакай пра тое, што іх прызналі яшчэ нібыта 29 жніўня. Вынік суда — 15 сутак.
Меркавана, гэта не першы суд за "напісанне песні", бо гітара Галавача ўжо была канфіскаваная паводле пастановы суда ад 14 лістапада па арт. 19.11 КаАП.
Пры гэтым 16 студзеня гурт Tor band быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем".
Падтрымайце музыкаў грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі, лістамі і паштоўкамі:
СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А
Яўген Валер'евіч Бурло
Дзмітрый Валер'евіч Галавач
Андрэй Канстанцінавіч Ярэмчык