viasna on patreon

Новыя затрыманні, ціск на рэгіянальных журналістаў: хроніка пераследу 31 жніўня

2023 2023-08-31T14:38:04+0300 2023-08-31T18:19:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_dziarzhunsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў яшчэ аднаго супрацоўніка "Белгіпразем" — ён "назіраў збоку" за пратэстамі

На «пакаяльным відэа» затрыманы прадстаўляецца начальнікам аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы прадпрыемства. Ён кажа, што падчас мітынгаў «назіраў збоку» і здымаў тое, што адбывалася, бо спачуваў пратэстоўцам.

Таксама ён «прызнаецца» ў тым, што прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Плана Перамога» і падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы.

Раней паведамлялася пра затрыманне двух супрацоўнікаў інстытута «Белгіпразем» і сына аднаго з іх.


У Ганцавічах у РАУС выклікалі мясцовых журналістаў — пытанні ўзніклі з-за артыкулу "Центр Ганцевичей к "Дожинкам" облысел"

Як пішуць журналісты выдання, 26 жніўня старшыня райвыканкаму са сваім намеснікам сталі тэлефанаваць журналістам «Ганцавіцкага часу», ў тым ліку былым. Чыноўнікаў цікавіла, хто з'яўляецца аўтарам артыкулу пра «аблысенне» Ганцавічаў.

А 29 жніўня журналістамі ўжо зацікавалася міліцыя. Так, карэспандэнтку Святлану Малышка выклікалі «на размову». У РАУСе жанчыне патлумачылі, што пытанні выклікае артыкул «Центр Ганцевичей к "Дожинкам" облысел».

Першы намеснік старшыні ганцавіцкага РАУСу Дзяніс Санчук казаў, што загаловак не адпавядае рэчаіснасці, а пісаць трэба было пра тое, як Ганцавічы змяніліся ў добры бок падчас падрыхтоўкі да «Дажынак». У той жа дзень, 29 жніўня, у ганцавіцкую міліцыю запрашалі і іншага супрацоўніка выдання Сяргея Багрова, піша "Берасцейская Вясна".


Сілавікі наўпрост на працы затрымалі супрацоўніка лясгасу — ён нібыта напісаў больш за 4000 негатыўных каментароў

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Свіслачы. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы, а таксама нібыта напісаў больш за 4000 каментароў, у якіх «заклікаў да псавання маёмасці міліцыянтаў і негатыўна выказваўся на адрас кіраўніцтва краіны».


КДБ абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 14 чалавек

Сярод іх Іван Пуздроў, Аляксандр Кандрацюк, Святлана Бычкоўская, Валерыя Касцюгова, Таццяна Кузіна, Ірэна Клявец, Андрэй Сцепанькоў, Максім Мнацаканаў, Аляксандр Рукойць, Аляксандр Крупіца, Аляксандр Жандараў, Кірыл Кузняцоў, Сяргей Гуня, Павел Петручэня.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1094 чалавекі, з іх 344 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1103 пазіцыі, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


ГУБАЗіК затрымаў хлопца з-за бел-чырвона-белых палос на куртцы

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, раней хлопца ўжо затрымлівалі з-за «экстрэмісцкай» татуіроўкі, якую яго прымусілі «перабіць».

Ён зрабіў гэта і прыйшоў адсправаздачыцца да сілавікоў. Мяркуючы па допісе, хлопцу прызначылі 15 сутак арышту за куртку з белымі і чырвонымі палоскамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства