Беларусь заняла апошняе месца ў Індэксе забароны катаванняў для постсавецкіх краінаў
Рабочая група па барацьбе з катаваннямі Платформы "Грамадзянская салідарнасць", у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацый з васьмі краін рэгіёну АБСЕ: Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Польшча, Расія, Таджыкістан і Украіна — прадставілі штогадовы Індэкс выконвання забароны катаванняў. У спісе з васьмі краін Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы ўжо чацвёрты год.
Што такое Індэкс забароны катаванняў?
Індэкс забароны катаванняў — гэта ўнікальны інструмент ацэнкі паўнаты рэалізацыі забароны катаванняў, распрацаваны Працоўнай групай у 2020 годзе. Пілотны замер прайшоў у васьмі краінах рэгіёну АБСЕ, грунтуючыся на дадзеных 2019 года. Індэкс лічыўся па кожнай краіне і ўтрымліваў ацэнкі дзяржаўнага механізму рэагавання на катаванні, судовага кантролю, наяўнасці нормаў у нацыянальным заканадаўстве, якія забараняюць катаванні, узроўню забеспячэння працэсуальных гарантый, якія працуюць на прэвенцыю катаванняў, механізмаў і сродкаў прэвенцыі катаванняў, якія працуюць у краіне, ступені прыняцця дзяржавай міжнародных абавязацельстваў у галіне забароны катаванняў.
Па выніках пілотнага вымярэння Працоўная група правяла серыю абмеркаванняў для ўдакладнення параметраў Індэкса і забеспячэння больш комплекснага падыходу ў ацэнцы сітуацыі ў краіне. У выніку, у метадалогію Індэкса былі ўнесены шэраг змяненняў: удакладнены і дададзены паказчыкі, збалансаваны крытэрыі, якія адлюстроўваюць як нарматыўнае рэгуляванне, так і правапрымяняльную практыку. Акрамя таго, дададзены новы раздзел з ацэнкамі эфектыўнасці расследавання праз апытанні экспертаў у гэтай сферы (адвакатаў, пракурораў, суддзяў, следчых, праваабаронцаў).
Вынікі, якія прадстаўляюцца за 2022 год, — гэта чацвёрты замер Індэкса.
Якая сітуацыя ў Беларусі?
Беларусь у Індэксе традыцыйна заняла апошняе месца, набраўшы ў 2022 годзе -95 балаў, што яшчэ ніжэй на два бала, чым за папярэдні год. За 2022 год і да гэтага найбольшую колькасць балаў у Індэксе набрала Малдова, паказаўшы максімальны ўзровень выканання забароны катаванняў.
Эксперты адзначаюць, што сітуацыя з захаваннем права не падвяргацца катаванням і забароненым відам абыходжання ў Беларусі працягвае заставацца крытычна нездавальняючай. Нягледзячы на тое, што права не падвяргацца катаванням і іншым відам жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання гарантавана Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі, у 2022 годзе, як і раней, праваабаронцы працягвалі фіксаваць новыя выпадкі катаванняў і забароненага абыходжання па палітычных матывах, а таксама атрымлівалі новыя сведчанні аб такіх выпадках, якія мелі месца ў папярэднія гады.
Дадзеныя аб сітуацыі ў Беларусі будаваліся на падставе інфармацыі праваабарончых арганізацый "Вясна" і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, Даклада Упраўлення Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН, Даклада аб сур'ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэнню АБСЕ ў Беларусі з 5 лістапада 2020 года.
Адзначым, што ў 2022 годзе Праваабарончы цэнтр "Вясна" зафіксаваў і задакументаваў 227 выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да 89 жанчын і 138 мужчын; у 2022 годзе 91 чалавек стаў ахвярай такога абыходжання.
Да канца 2022 года засталіся нерасследаванымі каля 5000 выпадкаў катаванняў і забароненага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Разам з тым, у дачыненні да 51 заяўніка былі распачатыя крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах. Адзначаецца, што супрацоўнікі ізалятараў не хаваюць, што такія ўмовы ствараюцца на загад кіраўніцтва. Усе спробы абскардзіць загадзя злачынныя дзеянні супрацоўнікаў натыкаюцца на супрацьдзеянне пракуратуры і вышэйстаячых органаў МУС.
Эксперты адзначаюць, што паўсюднае парушэнне права на абарону з'яўляецца адной са спрыяльных умоў для катаванняў і забароненага абыходжання. Да канца 2022 года больш за 70 адвакатаў былі адвольна пазбаўленыя права на працу, больш за 250 адмовіліся ад працы ў адвакатуры ў сувязі са зменай умоў адвакацкай дзейнасці. Абаронцы-адвакаты звязаныя прымусовымі падпіскамі аб неразгалошванні дадзеных папярэдняга следства і закрытага суда, запалоханыя, таму звычайнай практыкай стала адсутнасць усякай інфармацыі пра затрыманых і змешчаных пад варту, а ўсе звесткі і факты, у тым ліку прымянення катаванняў, захоўваюцца адвакатам у таямніцы ад грамадскасці і блізкіх арыштаванага пад пагрозай крымінальнага пакарання.
Суды сталі інструментамі палітычных рэпрэсій, судовая ўлада канчаткова страціла рысы самастойнасці, што прывяло да яе поўнай дэградацыі. Судовае абскарджанне парушэнняў, звязаных з катаваннямі і забароненым абыходжаннем, якое і да падзей 2020 года не было эфектыўным сродкам аднаўлення парушаных правоў, канчаткова страціла сэнс з прычыны безнадзейнасці.
Члены працоўнай групы з наступных краін і арганізацыі ўнеслі свой уклад у падрыхтоўку Індэкса:
- Асацыяцыя Promo-LEX, Малдова
- Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў, Украіна
- Голас Свабоды, Кыргызстан
- Каманда супраць катаванняў, Расія
- Міжнароднае бюро па правах чалавека і захаванню законнасці, Казахстан
- Праваабарончы рух Бір Дуйно, Кыргызстан
- Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларусь
- Кадыр Касіет, Казахстан
- Фонд "Грамадскі вердыкт", Расія