viasna on patreon

У Наваполацку мужчыну арыштавалі за фота на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны з адпачынку ў 2021 годзе

2023 2023-08-30T08:38:28+0300 2023-08-30T08:52:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ukraine-georgia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Наваполацка 17 жніўня адбыўся суд над мясцовым жыхаром, якога затрымалі напярэдадні раніцай. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Падставай для затрымання стаў апаблікаваны ў Instagram фотаздымак жыхара Наваполацка з адпачынку ў Грузіі, на якім ён стаіць на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны. Пры гэтым фота было апублікавана яшчэ 8 жніўня 2021 года, але міліцыянты заўважылі яго толькі праз два гады.

Фота ілюстрацыйнае
Фота ілюстрацыйнае

Так, паводле пратакола, мужчына "ў перыяд часу з 8 жніўня 2021 года па 12:00 11 ліпеня 2023 года правёў несанкцыянаванае пікетаванне, выказваючы грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы, шляхам апублікавання ў агульным доступе на сваёй старонцы ў Instagram для азнаямлення іншымі карыстальнікамі фотаздымку сябе і выявы палатніны сіне-жоўтага колеру".

Навапалачанін у судзе віну прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што ў памяць пра турыстычнае падарожжа ў Грузію ў 2021 годзе размясціў на сваёй старонцы фота, на якім таксама была выява сцягоў Грузіі і Украіны, аднак не меў мэты правесці пікетаванне. Акрамя гэтага, ён адзначыў, што "факт публікацыі фота з выявай сцяга Украіны і падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне — супадзенне".

У выніку суддзя Зінаіда Балаболава прызнала мужчыну вынаватым у пікетаванні ўкраінскім сцягам і асудзіла яго да 15 сутак арышту.


Праваабаронцы звяртаюць увагу, калі вы выязджалі з Беларусі на адпачынак, калі ласка, не публікуйце фота ў сацыяльных сетках з ўкраінскімі або бел-чырвона-белымі сцягі. Цяпер улады гэта расцэньваюць як "несанкцыянаванае пікетаванне", нягледзячы на тое, што гэта адбываецца за межамі нашай краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства