"Над лукашэнкаўскай Беларуссю навісла трагічная цемра апоўдні". Тры беларускіх палітвязні атрымалі "хросных"
У межах кампаніі #WeStandBYyou яшчэ тры еўрапейскіх парламентарыя сталі сімвалічнымі хроснымі для трох беларускіх палітвязняў: Арцёма Зубракова, Андрэя Раптуновіча і Рыты Зотавай.
Бенедэта дэла Ведава — дэпутат італьянскага парламента, адзін з заснавальнікаў партыі + Europa (Più Europa). Будучы першым італьянскім парламентарыем, які далучыўся да кампаніі #WeStandBYyou, ён стаў хросным Арцёма Зубракова і адзначыў:
“У студзені 2023 года Арцём Зубракоў, 32-гадовы супрацоўнік холдынгу “Белагра”, у закрытым судовым паседжанні быў прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. У чым яго абвінавацілі? Падчас ператрусу былі канфіскаваныя бел-чырвона-белую атрыбутыку. Гэтых смяхотных “абвінавачванняў” аказалася дастаткова, каб распачаць справу па сумна вядомым артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса аб распальванні варожасці. Над лукашэнкаўскай Беларуссю навісла трагічная цемра апоўдні. Я заклікаю беларускія судовыя органы неадкладна вызваліць Арцёма і гарантаваць яму і ўсім іншым палітычным зняволеным права на справядлівы суд. Я заклікаю іншых італьянскіх заканадаўцаў і членаў парламента ва ўсім свеце падтрымаць кампанію Libereco і сімвалічна ўзяць пад апеку адвольна арыштаванага палітычнага зняволенага. Я спадзяюся на змену рэжыму ў Беларусі, але цяпер мы павінны калектыўна зрабіць усё магчымае для стварэння і ўмацавання абставін, якія спрыялі б прыцягненню да адказнасці за парушэнне правоў чалавека”.
Вольга Рыхтэрава з'яўляецца віцэ-прэзідэнткай Палаты дэпутатаў Чэшскай Рэспублікі. Яна стала хроснай Рыты Зотавай і заявіла наступнае:
“Рыта Зотава, беларуская студэнтка, была арыштаваная 28 снежня 2021 года за распаўсюд улётак, змест якіх, на думку следчых, быў “зневажальным” для амапаўцаў. Яна адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Яшчэ адна прадстаўніца моладзі ў таталітарнай краіне. Беларускі рэжым жорстка карае кожны голас, які прагне свабоды, адымаючы ў маладых людзей будучыню. Паколькі Аліна Горава, гісторыю якой я ўжо публічна асвятляла, была адпушчаная пад хатні арышт, я вырашыла засяродзіцца на справе Рыты Зотавай і стаць яе палітычнай хроснай маці. Кожны голас у падтрымку палітвязняў мае значэнне”.
Марсель Эмерых — дэпутат нямецкага Бундэстага, які прадстаўляе Альянс 90/"Зялёныя". Ён стаў хросным Андрэя Раптуновіча і заяўвіў:
“Я цалкам салідарны з палітычнымі вязнямі ў Беларусі. Супрацьстаяць нелегітымнаму рэжыму на чале з дыктатарам і яго рэпрэсіям – не злачынства. Андрэй Раптуновіч быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі за праяву салідарнасці з Украінай пасля таго, як Расія пры падтрымцы беларускага рэжыму напала на Украіну летась. Аказваючы мужны супраціў, ён і яго равеснікі рызыкуюць многім. Яны выступаюць не толькі за свабоду і самавызначэнне свайго народа, але і за народ Украіны. Я буду працягваць кампанію за вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і цвёрда стаяць на баку смелага народа Беларусі. Беларускі дэмакратычны рух можа разлічваць на нашу поўную салідарнасць і падтрымку”.