Фігуранта "справы Ціханоўскага" Уладзіміра Кнігу асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі
У судзе г. Жодзіна 25 ліпеня палітзняволенага Уладзіміра Кнігу асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы). Суддзя Іван Грынкевіч прызнаў Уладзіміра вінаватым і прызначыў яму яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі. Раней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі з барысаўскай калоніі на турэмны рэжым у Жодзіна, дзе мінімум чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА.
Уладзімір Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Уладзіміра затрымалі 4 чэрвеня 2020 года пасля пікету Святланы Ціханоўскай у Гродне. Раней Кніга служыў у міліцыі, у патрульна-паставой службе спецыяльнага прызначэння, але не ў АМАПе. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне ўлады. Праз два гады ён вызваліўся. Апошнім часам працаваў кіроўцам смеццявоза.
Яго абвінавіцілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК), а таксама ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК).
У Гродне 2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу Уладзіміру прысудзілі 4 гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Тэрмін яго накіравалі адбываць у барысаўскую калонію № 14, дзе неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар. Праз шматлікія "парушэнні" правілаў унутранага распарадку (ПУР) палітвязню ўзмацнілі рэжым і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Вядома, што там яго таксама больш за чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА.
"Я працаваў у МУС, магу адрозніць правакацыю ад сапраўднай сітуацыі": у гродненскім судзе дапыталі Уладзіміра Кнігу
Пазней па ініцыятыве адміністрацыі жодзінскай турмы супраць Кнігі ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі).
У Жодзіне 29 чэрвеня над ім распачаўся суд. Справу разглядаў суддзя Іван Грынкевіч — ён жа нядаўна асудзіў паводле гэтага артыкула і Сяргея Ціханоўскага.
25 ліпеня Уладзіміру агучылі прысуд — прызначыць яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі.
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі, лістамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А
Уладзімір Іванавіч Кніга