viasna on patreon

"Я працаваў у МУС, магу адрозніць правакацыю ад сапраўднай сітуацыі": у гродненскім судзе дапыталі Уладзіміра Кнігу Фота

2021 2021-04-20T22:52:40+0300 2021-06-02T15:00:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kniga_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёну Гродна 20 красавіка па "справе Ціханоўскага" дапыталі абвінавачанага Уладзіміра Кнігу. 39-гадовага валанцёра каманды Ціханоўскай, былога сілавіка, судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, (ч. 1 арт. 342 КК) і гвалце над міліцыянтамі (арт. 364 КК). На судзе ён расказаў, як кантактаваў з Ціханоўскім, якую ролю граў у камандзе, а таксама як ацэньвае паводзіны байцоў падчас затрымання блогера і як прымянілі ўдушальны прыём да яго самога, піша "Радыё Свабода".

Уладзімір Кніга. Фота: spring96.org
Уладзімір Кніга. Фота: spring96.org

Працаваў у міліцыі, быў судзімы за перавышэнне ўлады, выхоўвае дваіх дзяцей

Кнігу дапыталі пад канец суду, пасля допыту абвінавачанага Фурманава, усіх пацярпелых і сведак, а таксама пасля разгляду пісьмовых матэрыялаў справы. На ўсе паседжанні па «справе Ціханоўскага» прыходзяць па некалькі дзясяткаў чалавек, каб падтрымаць фігурантаў. У невялікай залі звычайна змяшчаюцца не ўсе.

Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Уладзіміра затрымалі пасля пікету Святланы Ціханоўскай у Гродне 4 чэрвеня. Раней Кніга служыў у міліцыі, у патрульна-паставой службе спецыяльнага прызначэння, але не ў АМАПе. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне ўлады. Праз два гады ён вызваліўся. На сёння тая судзімасць пагашаная. Апошнім часам працаваў кіроўцам смеццявоза. Пасля вызвалення кантактаваў з некаторымі супрацоўнікамі міліцыі. Кажа, што непрыязі да міліцыянтаў не адчуваў.

Як у Гродне судзяць чатырох фігурантаў "справы Ціханоўскага". Фотарэпартаж

"Вясна" працягвае назіраць за гэтым працэсам. Распавядаем і паказваем, як у Гродне судзяць чатырох фігурантаў "справы Ціханоўскага".

Паводле дзяржаўнага абвінавачання, Кніга разам з іншымі праз інтэрнэт заклікаў парушаць парадак. Нібыта ён прымаў удзел у арганізацыі масавага мерапрыемства пад відам пікету 29 траўня ў Горадні, каб выказаць свае палітычныя інтарэсы, абвастрыць напружанае становішча ў краіне, «з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасьці». З афіцыйнай вэрсіі вынікае, што гэтае мерапрыемства груба парушала парадак, перашкаджала працы транспарту.

Кнігу таксама вінавацяць у тым, што ён ударыў камандзіра групы АМАПу Дзмітрыя Рахунка па тулаве, потым стрымліваў яго за форменнае адзенне, адцягваў Рахунка ад Сяргея Ціханоўскага. Некалькі ўдараў нібыта нанёс камандзіру групы АМАП Віктару Будніку, у тым ліку па галаве. Таксама ён жа, згодна з абвінавачаннем, перашкаджаў пасадзіць Ціханоўскага ў службовы транспарт.

«Не знаёмы з Ціханоўскім, але знаю яго»

Падчас допыту Кніга называе ўсіх па імені і імені па бацьку, хаця ў пытаннях гучаць толькі прозвішчы. Міліцыянтаў і іншых удзельнікаў мітусні на Савецкай плошчы ў Гродне летась 29 траўня ён называе «персанажамі».

— Ці знаёмыя вы з Сяргеем Ціханоўскім? — пытаецца пракурор Мікіта Мыслівец.

— Не знаёмыя, але знаю яго, — адказаў Кніга.

Ён глядзеў ролікі Ціханоўскага на YouTube-канале. Прыходзіў на сустрэчу з блогерам у горадзенскім парку Жылібэра летась 26 красавіка, выказваўся на ёй.

Суд цікавіла, як Кніга пазнаёміўся з іншымі фігурантамі справы, з Ціханоўскім; хто да каго першы падышоў, з якімі словамі; якую ён ролю граў у камандзе; як кантактаваў; ад каго атрымліваў інфармацыю.

Яшчэ з адным фігурантам, Яўгенам Разнічэнкам, Кніга пазнаёміўся, калі пачалі ставіць пікеты для збору подпісаў за Ціханоўскую. Абодва былі валанцёрамі. Кніга сам прапанаваў дапамогу. Ставіў намёт, раскладаў інвэнтар. Грошай яму ніхто за гэта не плаціў.

З Дзмітрыем Фурманавым Кніга пазнаёміўся, толькі калі іх разам везлі на «Валадарку». Аляксандра Арановіча, якога асобна судзяць таксама па «справе Ціханоўскага», Кніга ведае толькі з матэрыялаў справы. Пра пікеты Кніга дазнаваўся з адкрытых крыніц у інтэрнэце.

29 траўня мінулага году ён прыйшоў на Савецкую плошчу прыкладна ў 19:40, незадоўга да таго, як «пачалася ўся гэтая незразумелая каніцель, калі персанажы прыляцелі».

Кніга хацеў пазнаёміцца з Ціханоўскім, пагутарыць, папіць кавы, але не паспеў. Ён чакаў, калі блогер вызваліцца ад размоваў з мноствам людзей.

— Вы бачыце розніцу паміж пікетам і мітынгам? — удакладніў пракурор.

— Плакатаў не было. Ніхто не выгукваў палітычныя лозунгі, — упэўнена адказаў Кніга.

«Калі ў вас з формы прыбраць пагоны, то хто вы будзеце?»

Фігурант не бачыў пачатку камунікацыі Ціханоўскага з «жанчынай у кепцы». Але бачыў пацярпелых міліцыянтаў Казлоўскага (які падаў) і Хваленю (які хадзіў з рупарам).

«Былі персанажы ў міліцэйскай форме, якія мітусіліся туды-сюды. Было адчуванне, што яны ня ведалі, што шукаць. Перасоўваліся дробнымі перабежкамі», — апісаў іх Кніга.

Фігурант расказаў, што, на ягоную думку, натоўп стварылі штучна. Нейкія людзі пачалі крычаць і штурхацца.

«Я працаваў у МУС, магу адрозніць правакацыю ад сапраўднай сітуацыі... Я быў у шоку ад гэтых падзей. Я пазнаў многіх людзей, якія дагэтуль працуюць у структуры МУС. Яны стаялі ў чарзе, каб паставіць подпіс за Ціханоўскую. Гэта або стварэнне масавасці, або грамадзянская пазіцыя», — пракаментаваў Кніга. 

Ён патлумачыў, што пайшоў за натоўпам праз «інстынкт натоўпу», як «разявака», бо было цікава, што адбываецца.

«Прыехаў „вясельны картэж“. Павыскоквалі персанажы. Паўсядзённая летняя форма [павінна быць] колеру хакі, а тут чорная незразумелая форма. Калі ў вас, дзяржаўны абвінаваўца, з формы прыбраць пагоны, то хто вы будзеце?», — разважаў Кніга пра міліцыю, якая прыехала на плошчу на транспарце без азнакаў і ў незразумелай для яго форме.

Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org
Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org

«Ня варта аддаваць людзей проста так»

Фігурант бачыў, як Ціханоўскага вядуць у бок кавярні: «Відаць, кавай хацелі пачаставаць».

— Кніга, вы здзекуецеся? — пасьля чарговага такога жарту ўдакладніла ў абвінавачанага суддзя Бекушава.

— Не, высокі суд, — сур’ёзна адказаў той.

Кніга пабег у той жа бок, куды вялі Ціханоўскага, каб «запытацца, што за бязмежжа робіцца». Па дарозе ён зачыніў адчыненыя дзверы мікрааўтобуса без азнакаў.

«Падумаў, можа ён каву прывёз у кавярню ці гамбургеры. [Зачыніў], каб натоўп нічога ня скраў. Я ўбачыў скучанасць. Беглі коні і людзі», — патлумачыў абвінавачаны.

Урэшце ён аказаўся ў цэнтры «скучанасці». Амаль нікога са сваіх былых калегаў Кніга не пазнаў, бо тыя былі ў масках. Аднак падчас гэтай мітусні нехта прымяніў да Кнігі ўдушальны прыём амаль у ляжачым становішчы, а потым адпусціў. У байца зляцела маска, і Кніга пазнаў у ім АМАПаўца Паўла Трафімава. Па «чырвоных каптурках» ён зразумеў, што на плошчы былі і іншыя АМАПаўцы.

Кніга аспрэчыў, што стасаваў да некага гвалт у той мітусьні. Адмаўляўся, што заклікаў раней некага парушаць парадак або чыніць гвалт у дачыненні да міліцыянтаў, або што заклікаў абараняць Ціханоўскага, калі раптам яго будуць затрымліваць. Таксама ён аспрэчыў, што перашкаджаў руху транспарту. Кніга прызнаў, што мог выпадкова дакрануцца да АМАПаўца Рахунка, але толькі таму, што зачапіўся за бардзюр і падаў.

«Чаму мяне не затрымалі ў той жа дзень, калі я такі злосны хуліган?», — задаў рытарычнае пытанне Кніга.

Тое, што супраць яго давалі паказаньні, ён назваў агаворам.

«Людзі хочуць перамен. Не варта аддаваць людзей проста так. Пра гэта, магчыма, думае кожны, але сказаць могуць адзінкі... Столькі тэхнікі панаехала, столькі сілаў, каб затрымаць аднаго чалавека. Гэта што, акт застрашвання? Мая думка: яго (Ціханоўскага. — РС) затрымалі беспадстаўна, з парушэннем усіх законаў», — выказаўся Кніга.

У судзе перапынак да 27 красавіка. Тады скончаць дапытваць Кнігу і, магчыма, пяройдуць да допыту Разнічэнкі. Пасля плянуюцца спрэчкі, апошняе слова і прысуд. 

Што варта ведаць па справе

Фігурантаў у справе трое: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга. Іх затрымалі ў сувязі з пікетам 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342), Кнігу і Разнічэнку — таксама ў гвалце ў дачыненні да міліцыянтаў (артыкул 364). Па апошнім артыкуле можа пагражаць да шасці гадоў зняволення.

Усе трое прысутнічалі на пікеце 29 траўня мінулага году ў Гродне. Дзмітрый Фурманаў збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Яго забралі з пікету невядомыя разам з крэслам. Яўген Разнічэнка падтрымаў міліцыянта Казлоўскага, які падаў на яго, каб той ня ляснуўся аб зямлю. Былога амапаўца Уладзімера Кнігу забралі праз некалькі дзён, калі ён дапамагаў камандзе Ціханоўскай ставіць палатку для збору подпісаў.

Пацярпелых чацьвёра: участковыя Ленінскага РАУС Уладзімер Казлоўскі і Аляксандар Хваленя, АМАПаўцы Дзмітры Рахунок і Віктар Буднік. Казлоўскі ўпаў пасьля тузаніны на Савецкай плошчы, Хваленя хадзіў з рупарам і ў інфармацыйнай камізэльцы. Два апошнія затрымлівалі Ціханоўскага.

Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава. Пракурор — Мікіта Мыслівец. Суд пачаўся 18 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства