viasna on patreon

"Мае турэмныя муры". У Вільні прэзентавалі кнігу Алега Груздзіловіча

2023 2023-07-28T13:52:22+0300 2023-07-28T23:14:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mae-turemnyja_mury.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Мае турэмныя муры" — кнігу былога палітзняволенага журналіста Радыё Свабоды Алега Груздзіловіча прэзентавалі ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні. "Вясна" распавядае, як гэта было.

Прэзентацыя кнігі пачалася з перформанса, які ўяўляў сабой момант з жыцця за кратамі Алега Груздзіловіча:

— Стоять! Морду в пол! Пошел! Шире шаг! К стенке! Руки поставь как положено! И ноги, шире ноги! Представься! – зароў “канваір”.

— Асуджаны Груздзіловіч Алег Анатольевіч, па артыкуле 342 частка 1…

— На нормальном языке говори!

— Осужденный Груздилович Олег Анатольевич, по статье 342 часть 1 Уголовного кодекса Республики Беларусь к полутора годам лишения свободы. Начало срока 10.05.2022, а конец срока 30.03.2023. Поставлен на профилактический учет как склонный к экстремистской и иной деструктивной деятельности.

— С каким заданием прибыл?

— Собирать материал для книги.

gruzdzilovich_liabedzka.jpg
Алег Груздзіловіч (злева) падчас перформанса

“Такі эпізод ёсць у кніге, ён тычыцца ў ШІЗА, — патлумачыў Алег Груздзіловіч. — Гэта мая натуральная куртка з калоніі, там яна называецца “кліф”. Слова гэтае забаронена. Мяне за выкарыстанне гэтага слова склалі рапарт і адправілі з ШІЗА. Як і кніга, такія сцэны — гэта заўсёды вяртанне ў тое мінулае, вельмі дрэннае, якое мы ўсе хочам пазбегнуць, але не ўдаецца”.

Ролю канваіра ў перфомансу выканаў палітык і былы палітвязень (вызвалены ў 2011 годзе) Анатоль Лябедзька:

“Чаму мы пачалі з гэтай мініяцюрнай сцэнкі — гэта не нешта прыдуманае… Вельмі важна пісаць такія кнігі. Таму што многае забываецца, а гэта частка нашай гісторыі. Хацелася, каб гэтая Бібліятэка спынілася. Хацелася, каб мы сталі экскурсаводамі на Валадарцы, Амерыканцы, Акрэсціна, як  у Нямеччыне, там дзе была турма штазі, а зараз музей. Каб мы з вымушаных пісьменнікаў пераўтварыліся ў экскурсаводаў, каб мы гаварылі пра тое, што быо ў нашай гісторыі, і рабіць усё, каб гэтага больш не паўтаралася”.

anatol_liabiedzka.jpg
Анатоль Лябедзька

Кніга “Мае турэмныя муры” выйшла ў Бібліятэцы Свабоды — серыі выданняў Радыё Свабоды.

“Калі мяне яшчэ везлі на Валадарку, я ўжо тады  падумаў — прыйдзецца збіраць матэрыял для новай кнігі, — успамінае Алег Груздзіловіч. — Не хацелася б, але давядзецца. І потым усе працягвалася: я пабываў у двух СІЗА, калоніі… і матэрыял назапашваўся. Неадмыслова, а само сабой, вакол людзі, падзеі, пакуты, слёзы, іншае, тое, што чуеш. Напрыклад, на Валадарцы ў калідоры я пачуў грукат, а потым сказалі, што гэта Алеся Пушкіна валаклі ў карцар… То бок кніга склалася з гукаў, карцінак, пахаў, уражанняў… А калі я вызваліўся, то Аляксандр Лукашук, дырэктар “Бібліятэкі свабоды”, прапанаваў пісаць гэтую кнігу”.

aleh_gruzdzilovich.jpg
Алег Груздзіловіч

Аляксандр Лукашук даслаў вітальнае відэа з Вашынгтона, дзе зараз працуе ў бібліятэцы Кангрэса ЗША:

“Я вельмі не хацеў бы, каб такая кніга з гэтым аўтара з’явілася ў нашай Бібліятэцы. Таксама вельмі не хацеў, каб яе аўтар быў найстарэйшы журналіст Свабоды за кратамі і бясстрашны рэпартэр, які ўсё жыцце пісаў не пра сябе, а пра іншых. […] Але ў Беларусі прафесія журналіст — больш, чым прафесія, і гэтая кніга — не аповед пра зняволенне, а нашмат больш. Дасведчаны адзін з найлепшых у сусветнай турэмнай літаратуры пачатак, і канец, які немагчыма чытаць без слёз радасці. Рэпартажныя падрабязнасці і кінематаграфічная хуткасць. Глыбіня памяці, якую чалавек нясе ў сабе. І гуманізм, які не прыніжаецца і сам не прыніжае іншых. Аўтар пабудаваў палац свабоды. І гэтая кніга будзе тут, у бібліятэцы Кангрэса ЗША, бо свабода патрэбная ўсім і ўсюды, асабліва па-беларуску”.

У турме Алег Груздзіловіч пачаў маляваць. Сем малюнкаў дайшлі на волю — яны і знаходзяцца перад кожнай часткай кнігі “Мае турэмныя муры”. Ужо пасля выхаду на волю Алег Груздізловіч намаляваў яшчэ некалькі малюнкаў пра сваё зняволенне — па іх падчас прэзентацыі сваёй кнігі аўтар правёў своеасаблівую экскурсію.

maliunak_gruzdzilovicha.jpg
Адзін з малюнкаў Алега Грузділовіча

“Ежа невыносная, — прыводзіць прыклад Груздзіловіч, — за ўсё лета не выдалі ні яблыка, ні памідора, ні агурка. Адзіны прадмет, які ты можаш з сабой насіць па калоніі, гэта лыжка. Таму там робяць такі футляр, і захоўваюць там з сабой лыжку. А там жа такія жуткія абмежаванні на тое, што ты можаш мець у тумбачцы: ня дай бог у цябе будзе на адну асадку больш — будзе рапарт і ШІЗА.  Таму я прыдумаў свае каляровыя асадкі захоўваць у футлярчыку. Пранясло, і не знайшлі”.

Кніга “Мае турэмныя муры” прысвечаная Марыянне Груздзіловіч — “жонцы, аднадумцы і сяброўцы” Алега.

maryjana_gruzdzilovich.jpg
Марыянна Груздзіловіч

“Я назірала, як ён працаваў некалькі месяцаў, як кніга пісалася і выпраўлялася. Гэта вялікая была праца. Алег мне зачытваў яе кавалкі. І я была ўражаная, калі пачула, што сабой уяўляе жыццё за кратамі, і параўнала з лістамі, якія Алег пісаў мне амаль штодня фактычна дзевяць месяцаў… І канешне, у лістах было ўсё больш-менш “мажорна”. Я паміж радкоў, канешне, старалася зразумець, але не ўяўляла.

Хачу сказаць, што ён піша: “Мае турэмныя муры” — гэтыя муры вырастаюць перад усімі палітвязнямі за іх спіной, бо яны там, за кратамі. Але ў гэты ж час муры вырастаюць перад сваякамі”, — сказала Марыяна Груздзіловіч падчас прэзентацыі.

Кнігу Алега Груздзіловіча цалкам можна спампаваць тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства