Рэпрэсіі супраць святароў, чарговыя затрыманні: хроніка пераследу 21-23 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-23 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіК затрымаў жыхара Фаніпаля Мікіту Скарабагатага
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 23-гадовы хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020-ым годзе.
Вядома, што раней Мікіту затрымлівалі ў сакавіку 2021-га году.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 20 прозвішчаў — цяпер у ім 3068 чалавек
21 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, даследчыцу беларускіх вязняў ГУЛАГу Валерыю Чарнаморцаву, аўтара блога «Беларусь у акне» Аляксандра Гурніка.
У Лідзе затрыманы кс. Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці
Затрыманне адбылося 19-га ліпеня. Прычыны і месца знаходжання святара невядомыя, піша "Хрысціянская візія".
Святар з’яўляецца кансультантам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па юрыдычных пытаннях і экспертам у кананічным праве.
Сілавікі апублікавалі «пакаяльныя відэа» з рэчыцкімі завадчанамі
На іх Яраслаў Кузевіч і Валеры Мундзяла распавядаюць, што былі абураныя вынікамі выбараў у 2020-ым годзе, удзельнічалі ў акцыях пратэсту і перадвыбарчых пікетах Ціханоўскай, а таксама былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Белсат: ксяндзоў білі падчас вобшуку ў плебаніі архікатэдральнага касцёла ў Мінску
Падчас ператрусу 13–14 ліпеня ў плябаніі мінскага архікатэдральнага касцёлу сілавікі збівалі ксяндзоў. Паводле крыніц @belsat, сілавікі збівалі святароў, якія там апынуліся ў момант іх прыходу. У аднаго з ксяндзоў ад гэтага нават застаўся сіняк на твары.
Па інфармацыі @christianvision, факты збіцця святароў мелі месца і раней. Аднак служыцелі не былі гатовыя апублічваць гэту інфармацыю ці распавядаць дэталі здарэнняў.
За распаўсюд «экстрэмізму» ўлады аштрафавалі педагога-арганізатара
Суддзя суда Сенненскага раёна Людміла Талай, 29 чэрвеня, за актыўнасць у сацыяльных сетках па распаўсюджванні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў аштрафавала педагога-арганізатара віцебскай сярэдняй школы №28 Караліну Звярынскую, паведамляе "Віцебская вясна".
У Гродна затрымалі мужчыну і вінавацяць у абразе Лукашэнкі
У Гродна 17 ліпеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі 40-гадовага Іллю Карташова. Пасля допыту яго адвезлі ў Мінск.
Папярэдне вядома, што яго вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Сям’я Карташова прыжывае ў Чэрвені Мінскай вобласці.
Дваіх работнікаў Талачынскага лясгасу будуць судзіць за «экстрэмісцкія матэрыялы»
Шматдзетную маці Вікторыю Казун будзе судзіць паводле артыкула 19.11 (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай) суддзя Талачынскага райсуду Наталля Барысавец.
Калегу Вікторыі па працы ў Талачынскім лясгасе Дзмітрыя Васіленку – суддзя таго ж суду Ірына Котава, паведамляе "Віцебская вясна".
У Мінску за татуіроўку з нацыянальнай сімволікай затрымалі мужчыну
Затрыманы — Віктар Нарэйка. Мяркуючы па сацсетках, мужчыну 26 гадоў. Родам ён з-пад Смалявічаў. Раней працаваў у Нацыянальным аэрапорце Мінск. Цяпер дакладнае месца ягонай працы невядомае.
Затрымалі Віктара Нарэйку быццам бы за татуіроўку з «Пагоняй»: па словах сілавікоў, яе заўважылі, калі ён з голым торсам касіў траву. На затрыманне прыехаў САХР. У відэа мужчыну змушаюць сказаць, што ён будзе выводзіць тату, паведамляе "Наша Ніва".
Мужчына ў відэа кажа, што на яго раней быццам была заведзеная крымінальная справа за перадачу інфармацыі ў чат-бот «Нехта». У відэа дэманструюцца старыя скрыншоты.
Інфармацыя дапаўняецца.