Прымусовае пазбаўленне ад пратэсных тату, новыя "суткі": хроніка пераследу 19-20 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Дзяржынску затрымалі мастака
Сёння ў Дзяржынску супрацоўнікі АМАПу затрымалі мастака Сяргея Кулешу. Прычыны затрымання і месцазнаходжанне жыхара Дзяржынска пакуль невядомыя.
У Гродне затрыманы Кірыл Курыла
На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе, заклікаў да гвалту над супрацоўнікамі АМАП і міліцыі, прапаноўваў будаваць барыкады з «Табакерак», адбіраць спецсродкі ў супрацоўнікаў і прымяняць супраць іх, абліваць міліцыянтаў фарбай і зялёнкай.
Актывіста Яўгена Афнагеля адправілі ў карцар
Стала вядома, што 20 ліпеня 87-гадовая маці палітвязня спрабавала патрапіць да сына на спатканне, дазволенае яму раз на год. Але ў турме ёй паведамілі, што Яўген змешчаны ў карцар да 23 ліпеня. Пры гэтым у ДВП запэўнілі, што яна можа ехаць на сустрэчу. Праз гэта і праз доўгую дарогу з Мінску да Магілёву ў жанчыны пагоршыўся стан здароўя і моцна падняўся ціск.
Палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі амаль 2 гады і 10 месяцаў. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, а потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму № 4.За час у зняволенні ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе.
Палітзняволены Уладзімір Гундар ужо тройчы ў калоніі адседзеў у ШІЗА
Уладзімір Гундар у бабруйскай калоніі №2 ужо тры разы быў змешчаны ў ШІЗА. Першы раз на 4 сутак, потым на 3 сутак. Апошнім разам ён правёў у штрафным ізалятары 6 сутак. У лісце сваякам ён папрасіў не высылаць яму рэчавую пасылку ў калоніі, а адразу ў турму — ён рыхтуецца да ўзмацнення пакарання.
Нагадаем, што палітвязень пачаў адбываць пакаранне ў калоніі зусім нядаўна, так што тры разы трапіць у ШІЗА — гэта надзвычайна. Гундар у лісце сваякам папрасіў не высылаць яму на калонію рэчавую перадачу: калі будуць пераводзіць у турму, то падчас этапу з гэтымі рэчамі будзе цяжка.
Супрацоўніку МНС з Глыбоччыны далі 15 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і звольнілі з працы
Як стала вядома «Віцебскай Вясне», Дзмітрыя Рудака з гарадскога пасёлка Падсвілле, што ў Глыбоцкім раёне, судзілі 13 чэрвеня па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Суддзя суда Глыбоцкага раёна Алена Кот прызначыла мужчыне 15 сутак за тое, што ён на асабістай старонцы ў «Аднакласніках» захоўваў публікацыю з «экстрэмісцкага» інтэрнэт-рэсурсу з лагатыпам «N».
Пасля гэтага інцыдэнту супрацоўнік МНС і бацька непаўнагадовых дзяцей быў звольнены з працы, а ў калектывах МНС гарадскога пасёлка Падсвілле і Глыбокага кіраўніцтва пачало праводзіць чысткі і прафілактычныя гутаркі.
Вядома таксама і пра звальненне ў Глыбокім інспектара нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксея Паляка (на фота справа), пра якога не так даўно раённая газета «Веснік Глыбоччыны» пісала станоўчыя водгукі.
Сілавікі прымушаюць беларусаў пазбаўляцца ад пратэсных татуіровак
Сілавікі прымусілі жыхара Камянца пазбавіцца ад татуіроўкі «Пагоня» на шыі. Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў «пакаяльнае відэа» жыхара Камянца Сяргея. На ім хлопец «прызнаецца» ў тым, што ў яго ёсць некалькі татуіровак з тэкстам «ACAB», а таксама на шыі ёсць татуіроўка герба «Пагоня». У тым жа відэа хлопец сказаў пра гэтыя татуіроўкі: «абавязуюся звесці ці перакрыць».
Пасля з'явілася новая публікацыя пра Сяргея. На фота бачна, што ўсе тату (у тым ліку «Пагоня») перабіты новымі татуіроўкамі паверх. У сваім каментарыі сілавікі адзначылі, што хлопец зрабіў гэта адразу ж пасля ІЧУ.
Таксама ГУБАЗіК прымусіў дзяўчыну «выправіць татуіроўку апазіцыйнага характару». Гаворка ідзе пра сімвал дэмакратычнага руху ў 2020 годзе — сэрца, кулак і знак «Віктары».
На «пакаяльным відэа» дзяўчыну прымусілі сказаць, што яна больш «не прытрымліваецца ніякіх палітычных поглядаў, чаго і іншым зычыць».
У Гомелі затрымалі рабочага Віталя Свадкоўскага — мужчына тры гады таму паставіў некалькі падабаек у «Аднакласніках»
Ён працуе на Гомельскім заводзе ліцця і нармаляў, які выпускае дэталі для сельскагаспадарчай тэхнікі.
Мужчыну затрымалі за некалькі «класаў» у сацсетцы «Аднакласнікі», якія ён паставіў яшчэ ў жніўні 2020-га. Рэакцыі, як вынікае з відэа, ён паставіў на відэа з пратэстаў і на відэа, дзе распавядаецца пра фальсіфікацыю выбараў.
ГУБАЗіК сцвярджае, што на мужчыну данеслі іншыя завадчане — быццам ён «займаўся экстрэмісцкай агітацыяй», так звычайна называюць крытыку ўлад або начальства. Зараз Віталю пагражае адміністрацыйны арышт, піша «Наша Ніва».
Бацьку чатырох дзяцей Максіма Дуброўскага арыштавалі на 14 сутак
Прыхажданіна царквы «Святло ісціны» Максіма Дуброўскага затрымалі ўчора, 18 ліпеня. Ноч ён прабыў у ІЧУ на Акрэсціна. Сёння ягоную справу разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Яна прызнала яго вінаватым паводле арт. 24.3 КаАП за "непадпарадкаванне міліцыянту".
Бацьку чатырох маленькіх дзяцей суд прызначыў 14 сутак арышту.