"Як часціцу беларускай душы вырвалі кіпцюрамі": міжнародная супольнасць і беларусы ў свеце рэагуюць на смерць Алеся Пушкіна Дапоўнена
Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. На яго смерць адрэагавала міжнародная супольнасць, а таксама беларусы і беларускі па ўсім свеце. Яны працягваюць выходзіць на акцыі салідарнасці, прыносіць кветкі, партрэты і знічы да месцаў ушанавання памяці мастака па ўсім свеце.
Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін
На смерць у зняволенні мастака Алеся Пушкіна адрэагавала міжнародная супольнасць.
Алесь Пушкін стаў яшчэ адным палітвязнем рэжыму, які страціў жыццё ў жахлівых умовах, "які кожны дзень пазбаўляе Беларусь такога вялікага патэнцыялу і жыццёвай сілы", — заявіла амбасада ЗША ў Мінску.
Генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч напісала, што "ўзрушана смерцю ў турме Алеся Пушкіна, палітвязня і беларускага мастака". "Мае думкі з яго сям'ёй і сябрамі", — дадала яна.
Дэпутат бундэстага Германіі Робін Вагенер выказаў "глыбокія спачуванні" блізкім Пушкіна. "Мы не можам ігнараваць зверствы беларускага рэжыму. Мы не здадзімся, пакуль не выйдзе апошні з усіх палітзняволеных", — падкрэсліў ён.
"У Беларусі памёр яшчэ адзін палітвязень: Алесь Пушкін — мастак, абвінавачаны ў "злачынстве", малюнку змагара антысавецкага супраціву. Нашыя думкі - з яго сям'ёй", - падкрэсліў прадстаўнік МЗС Германіі Матыяс Люттэнберг.
Сімвалічная «хросная» Алеся Пушкіна выказалася з нагоды смерці палітвязня. «Рэжымы кшталту лукашэнкаўскай Беларусі баяцца вольнага мастацтва, вольнага слова, вольнага меркавання. Яны баяцца ўсяго, што азначае дэмакратыя. Цяпер я думаю пра самых блізкіх Алеся, пра яго родных і сваякоў. Таксама пра тых, хто нястомна змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь», — напісала Каміла Хансэн.
Увечары 11 ліпеня беларусы і беларускі па ўсім свеце ўшанавалі памяць палітзняволенага мастака.
Беларусы і беларускі Беластока прынеслі знічы, кветкі, БЧБ-сцягі да Генеральнага Консульства Беларусі.
«Мы хочам паказаць, што ў нас вялікая злосць, што ў Беларусі забіваюць таленавітых людзей. Тысячы палітвязняў сядзяць за кратамі. Нядаўна ў нас тут была акцыя ў памяць па Вітольду Ашурку, а цяпер па Алесю Пушкіне. Рэжым робіць усё, каб беларускай нацыі не існавала. Нас катуюць у турмах, нашу мову знішчаюць, але беларусы жывуць і не здаюцца», — сказаў адзін з арганізатараў акцыі Ян Абадоўскі.
Беларусы Берліна ўшанавалі памяць Алеся Пушкіна.
Ушанаваць памяць Алеся Пушкіна выйшлі і беларусы польскай Познані.
У Вільні каля амбасады Беларусі ў Літве з'явілася фота загінулага палітвязня, кветкі і лампадкі.
Беларусы Кракава выйшлі ў цэнтр горада.
Беларусы Варшавы выйшлі на акцыю памяці Алеся Пушкіна да амбасады Беларусі.“Смерць Алеся — гэта як часціцу беларускай душы вырвалі кіпцюрамі. Але яны задушацца гэтай часціцай”, — заявіў сёння на акцыі каля амбасады Беларусі прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.
У Варшаве таксама з'явіўся мурал, прысвечаны Алесю Пушкіну, які знаходзіцца каля бара Karma. Беларусы і беларускі прыйшлі да яго ўвечары. Некаторыя выходзілі і распавядалі пра свае пачуцці ці ўспаміналі той час, як яны сябравалі ці калісьці размаўлялі з Алесем.
Ушанаваць памяць мастака сабраліся беларусы Тбілісі.
Таксама акцыя памяці прайшла ў Лондане.
Ушаноўваюць памяць загінулага Алеся Пушкіна і ў Расіі. Каля амбасады Беларусі ў Маскве з'явіліся кветкі — іх прынесла расіянка, каб падтрымаць беларускі народ і ўшанаваць памяць Алеся. Паведамляецца, што за дзеяннямі жанчыны ўважліва сачылі паліцэйскія, што стаялі каля амбасады.
Вядома таксама, што акцыі памяці прайшлі ў Рызе, Батумі, Шчэціне, Бостане, Кракаве.