viasna on patreon

Затрыманні за татуіроўкі, палітвязняў змяшчаюць у ШІЗА: хроніка пераследу 30 чэрвеня Дапоўнена

2023 2023-06-30T12:31:00+0300 2023-06-30T18:56:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gundar.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Уладзіміра Гундара ў калоніі змясцілі ў ШІЗА

Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню Уладзіміру Гундару без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

Уладзімір Гундар на судзе 18 траўня

Дачка Гундара ў фэйсбуку напісала, што Уладзіміра 9 чэрвеня змясцілі ў ШІЗА на 7 сутак. Ён мяркуе, што ў бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў закінуць у штрафны ізалятар, пасля чаго адбудзецца суд па замене рэжыму на турэмны. На ягоную думку, гэта зойме прыкладна 3 месяцы, але просіць за яго не хвалявацца.

Акрамя гэтага, палітвязень у лісце напісаў, што ягоныя біблейскія складнікі "зніклі" ўжо ў калоніі.

Падтрымайце Уладзіміра: ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, 16 атрад, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар.


ГУБАЗіК затрымаў вядучага спецыяліста "Белгазпрамбанка"

На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што неаднаразова наведваў мітынгі, а таксама быў падпісаны на дэструктыўныя тэлеграм-каналы, у якіх пакідаў паведамленні абразлівага характару супраць дзейнай улады і супрацоўнікаў АМАП.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 25 прозвішчаў — цяпер у ім 2992 чалавекі

30 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі Таццяну Курыліну, якая вярнулася ў Беларусь па праграме сілавікоў «Дарога дамоў» і была асуджаная да 4,5 гадоў калоніі, грамадзяніна Украіны Паўла Купрыенку, журналіста «Камсамольскай Праўды» Генадзя Мажэйку, 18-гадовую студэнтку Аліну Коваль.


Анархісту Аляксандру Францкевічу ў чарговы раз працягнулі тэрмін у ШІЗА

Аляксандр Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. Раней паведамлялася, што адразу з "каранціна" 28 сакавіка яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Аляксандр не выйшаў з ШІЗА і 15 чэрвеня пасля чарговага спагнання, бо яму зноў далі 10 сутак.

Аляксандр Францкевіч у цэнтры на судзе 6 верасня

Цяпер, па інфармацыі праваабаронцаў, яму працягнулі тэрмін да 6 ліпеня. Такім чынам Аляксандра бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА больш за тры месяцы.

Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: ПК № 5, 225293, Івацэвічы, Дзяржынскага, 1, Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч.


Сілавікі затрымалі супрацоўніка кампаніі Nova System і яго начальніка

Сілавікі праз “пратэстную" татуіроўку затрымалі супрацоўніка кампаніі Nova System і ягонага начальніка, які спрабаваў “перашкаджаць затрыманню”, паведамляе праўладны тэлеграм-канал “Кніга ГУ "База".

Як сцвярджаюць аўтары канала, супрацоўніка Nova System затрымалі праз татуіроўку з гербам «Пагоня» на назе. Канал адзначае, што пра татуіроўку паведамілі “пільныя грамадзяне". У відэа, знятым сілавікамі, затрыманы кажа, што звядзе тату пасля адбыцця пакарання.

Начальнік на камеру кажа, што міліцыянты прыйшлі на працу, каб затрымаць супрацоўніка. Ен спрабаваў перашкаджаць затрыманню.


У Віцебску апытваюць жыхароў, якія маглі даваць інтэрв'ю "Белсату" ў 2022-23 гадах

Паведамляецца, што ўчора быў затрыманы мясцовы актывіст Міхаіл Жамчужны, сёння ён ужо выйшаў на сувязь. Мяркуецца, што яго затрыманне магло быць звязана са справай відэааператара Вячаслава Лазарава.

Нагадаем, Вячаслава затрымалі сёлета 9 лютага. У пачатку чэрвеня была затрыманая і яго жонка Таццяна Пыцько, іх гадавалую дачку адправілі ў прытулак.


За скандынаўскія татуіроўкі жорстка затрыманы гамяльчанін

Сілавікі абазвалі яго "нацыстам" і абвінавацілі ў дэманстрацыі забароненай сімволікі. Раней юнака ўжо затрымлівалі за татуіроўкі і ён абяцаў іх звесці.


Сайт і сацсеткі праекту "Будзьма беларусамi" прызнаныя "экстрэмісцкімі"

Сёння адбылося чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

Telegram-каналы і чаты «Ушачи», «budzma.оrg»;
Старонка ва «Укантакце» «Volnaye Hlybokaye»;
Інтэрнет-рэсурс «Будзьма беларусамi»;
Instagram-старонка «Вольное Глубокое»;
Відэазапіс «Ябатек начали задерживать / Фельетоны Лупача».


У Смаргоні зноў затрымалі Рамуальда Улана

У чарговы раз у Смаргоні сёння затрыманы былы палітвязень Рамуальд Улан, якога ў траўні вызвалілі па амністыі.

Рамуальд Улан у судзе. Фота spring96.org

Папярэдня вядома, што яго будуць трымаць у ІЧУ да панядзелка. У чым абвінавачваюць Рамуальда – пакуль невядома.
Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан у студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў. У траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.

Апошні раз Улана затрымлівалі 17 чэрвеня і таксама на трое сутак.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства