viasna on patreon

Блакіроўка ўкраінскіх сайтаў, папаўненне "спіса тэрарыстаў", затрыманні: пераслед 28-29 чэрвеня Дапоўнена

2023 2023-06-29T10:32:09+0300 2023-06-29T10:47:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mazhejka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-29 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Арганізацыя беларускіх нацыяналістаў "РУХ" прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 22 чэрвеня.


У "тэрарыстычны спіс" дадалі журналіста Генадзя Мажэйку і яшчэ чатырох чалавек

Генадзь Мажэйка. Фота: Еўрарадыё.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек.

Сярод іх былая бухгалтарка Ганна Карняенка, Павел Салагуб, супрацоўнік Міністэрства адукацыі Сяргей Навумчык, мінчанін Максім Селязнёў, журналіст «Камсамольскай Праўды» Генадзь Мажэйка.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1073 чалавекі, з іх 322 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1080 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


У Гродне быў затрыманы спартыўны дырэктар ФК «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак

На «пакаяльным відэа» ён кажа, што быў затрыманы за падпіскі ў сацсетках на «экстрэмісцкія матэрыялы» і ўдзел у маршах. Сілавікі сцвярджаюць, што на яго паскардзіліся самі футбалісты — маўляў, ён навязваў ім «недарэчныя экстрэмісцкія ідэі», піша @nebovkletku.


У Беларусі заблакавалі доступ да ўкраінскіх навінавых сайтаў

Гаворка ідзе пра рэсурсы «glavred.infо», «spektr.prеss», «hromadske.uа», «news.оnline.uа», «tribunа.com.uа».

Паведамляецца, што на гэтых сайтах «размяшчалася інфармацыя экстрэмісцкага характару, якая прымушае грамадзян да супрацьдзеяння дзяржаўнай уладзе Рэспублікі Беларусь у сувязі з сітуацыяй адносна ПВК «Вагнер». Таксама паведамляліся недакладныя звесткі, якія дыскрэдытуюць Лукашэнку».


Палітвязень Цімур Рызапур у калоніі правёў у ШІЗА больш за 100 сутак

Цімура затрымалі 30 верасня 2020 года ў Брэсце. Увечары 10 жніўня, калі ён вяртаўся з працы дадому, яго падстрэлілі гумавымі кулямі пяць разоў: адзін раз — у жывот і чатыры разы — у ягадзіцу. Пазней яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле ч. 2 арт. 293 КК.

10 сакавіка 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Цімуру і яшчэ 8 іншым фігурантам гэтай справы вынеслі прысуды. Рызапуру прызначылі 4,5 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У Цімура трое непаўнагадовых дзяцей, ён адзіны ў сям'і зарабляў грошы.

Тэрмін палітвязень адбывае ў наваполацкай калоніі. Адміністрацыя рэгулярна змяшчае Цімура ў штрафны ізалятар. Агулам ён адбыў там больш за 100 сутак. Нядаўна яго змясцілі ў ПКТ.

Падтрымаце Цімура лістамі і тэлеграмамі: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Цімур Набіевіч Рызапур


Ад палітвязня Ігара Аліневіча ўжо месяц няма вестак 

Ігар Аліневіч

Пра гэта распавяла ягоная маці ў фэйсбуку.

Нагадаем, актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, этапавалі з мазырскай калоніі ў жодзінскую турму 11 жніўня 2022 года. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў жодзінскую турму, дзе на палітвязня працягвае аказвацца ціск. Вядома, што ўжо некалькі разоў яго закідвалі ў штрафны ізалятар.

Падтрымайце Ігара лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства