viasna on patreon

#WeStandBYyou: Сябры нямецкага парламента сталі "хроснымі" палітвязняў Мацвея Грынкевіча, Аксаны Зарэцкай і Іллі Шапаткоўскага

2023 2023-06-26T18:48:47+0300 2023-06-26T18:48:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bild_westandbyyou_beate-walter-rosenheimer-632x927.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou Катарына Барлі (Еўрапейскі парламент, Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў, Германія), Беатэ Вальтэр-Розенхаймер (Бундэстаг Германіі, Альянс 90/Зялёныя) і Каця Кеуль (Бундэстаг Германіі, Альянс 90/Зялёныя) сталі сімвалічнымі "хроснымі" для палітычных зняволеных у Беларусі.

Мацвей Гранкевіч — студэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яго затрымалі прама ў дэканаце 10 лістапада 2021 года за фатаграфіі з акцый пратэсту. Грынкевіча асудзілі на 2 гады і 2 месяцы пазбаўлення волі па артыкуле 342 ("арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") і артыкуле 130 ("распальванне іншай сацыяльнай варожасці") Крымінальнага кодэкса. 15 верасня 2022 года КДБ унёс яго ў "спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Мацвей — адзін з самых маладых людзей у гэтым спісе.

Катарына Барлі, сябра і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента, узяла на сябе папячыцельства над Мацвеем Гранкевічам:

"Хутка споўніцца тры гады з пачатку масавых пратэстаў у Беларусі, і з тых часоў у Еўропе і за яе межамі шмат што змянілася. У сувязі з жудаснымі падзеямі ў іншых краінах дэмакратычны рух у Беларусі знаходзяцца пад пагрозай вынішчэння. Гэта была б фатальная памылка. Бо калі аўтакраты гэтага свету пераканаюцца, што за іх злачынствамі не рушыць услед рэакцыі ў адказ, яны будуць адчуваць сябе ў бяспецы. Вось чаму мы павінны працягваць сачыць за становішчам смелых беларусаў і праяўляць салідарнасць з палітычнымі вязнямі!

Цяпер яны маюць патрэбу ў нашай поўнай падтрымцы. Я застаюся на баку дэмакратычнага руху ў Беларусі: Лукашэнку не павінна сысці з рук жорсткае падаўленне іншадумства. Яго злачынныя метады не павінны застацца беспакаранымі. Мы павінны падтрымаць крытыкаў рэжыму. Адзін з іх — студэнт Мацвей Гранкевіч, якога затрымалі 10 лістапада 2021 года. Яго "злачынства" складаецца ва ўдзеле ў дэмакратычных пратэстах супраць урада і крытычных каментарах у інтэрнэце. Яму ўсяго 22 гады, і ён адзін з самых маладых у спісах ворагаў рэжыму. Я патрабую яго неадкладнага вызвалення разам з усімі іншымі палітычнымі зняволенымі. Еўропа вас не забывае!"

Аксана Зарэцкая — экспертка ў галіне культуры, трэнерка па этыкеце і дзелавых зносінах, магістрка адукацыі. Зарэцкая з'яўляецца сябрай Каардынацыйнай рады з 2020 года. Яе затрымалі ў канцы снежня 2022 года. 14 сакавіка 2023 года Зарэцкая была прызнаная вінаватай паводле артыкула 342 КК ("арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") і прысуджаная да 18 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 16 сакавіка 2023 года Зарэцкая па невядомых прычынах была дастаўлена са следчага ізалятара ў бальніцу.

Беатэ Вальтэр-Розэнхаймер, сябра нямецкага бундэстага і Камітэта правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі, стала "хроснай" Аксаны Зарэцкай і заявіла:

"У турмах па-ранейшаму знаходзіцца незлічоная колькасць беларускіх апазіцыянераў. Іх прысуджаюць да доўгіх тэрмінаў зняволення ў ходзе паказальных судовых працэсаў, у якіх парушаюцца прынцыпы вяршэнства закона. Праз больш за два гады пасля пачатку пратэстаў беларускі рэжым працягвае пераследаваць апазіцыянераў, якія выйшлі на вуліцы за свабодныя дэмакратычныя выбары. Лёсы тых, хто змагаецца за ўніверсальныя каштоўнасці правоў чалавека, не павінны быць забытыя. Менавіта таму мы павінны працягваць падтрымліваць народ Беларусі! Менавіта таму я ў чарговы раз вырашыла ўзяць на сябе ролю сімвалічнай "хроснай" палітзняволенай. Яе завуць Аксана Зарэцкая. Месяц таму яе прысудзілі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачванне тычылася парушэння грамадскага парадку — такая падстава цяпер шырока ўжываецца ў Беларусі для запалохвання і арыштаў апазіцыйных дзеячаў.

Неўзабаве пасля вынясення прысуду яе перавялі ў бальніцу па невядомых прычынах. У цяперашні час яе месцазнаходжанне невядома. Я патрабую яе неадкладнага вызвалення! Беларускія ўлады павінны неадкладна паведаміць пра яе месцазнаходжанне!"

Ілля Шапаткоўскі браў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі. Ён таксама ўзначальваў ініцыятыву "Cумленныя людзі", якая выступала за празрыстыя выбары. Шапаткоўскі быў арыштаваны 4 жніўня 2020 года і цяпер над ім ідзе суд па абвінавачванні ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (арт. 357 КК).

Каця Кеуль, дэпутатка нямецкага бундэстага і дзяржаўны міністр Федэральнага міністэрства замежных спраў, стала "хроснай" Іллі Шапаткоўскага і заявіла:

"Мы працягваем цвёрда стаяць на баку дэмакратычнага руху ў Беларусі! Тысячы мужных людзей з 2020 года выступаюць за дэмакратыю і свабоду ў сваёй краіне і за гэта сістэматычна пераследуюцца і аказваюцца ў турмах. Яны не забытыя! Адным з іх быў Ілля Шапаткоўскі, які падтрымліваў выбарчую кампанію апазіцыйнага кандыдата Бабарыкі. Нават пасля таго, як кандыдату забаранілі балатавацца, Ілля не здаўся і ўключыўся ў ініцыятыву "Сумленныя людзі", якая выступала за празрыстыя выбары і сумленны падлік галасоў. Беручы на сябе ролю "хроснай", я хачу прыцягнуць увагу да шматлікіх спраў палітычных зняволеных, такіх як справа Іллі, каб галасы беларускага дэмакратычнага руху былі пачутыя тут, у Нямеччыне. Таксама я патрабую безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі! #WeStandBYyou".


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

#WeStandBYyou. Распавядаем, хто такія "хросныя" палітвязняў і чым яны займаюцца

Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя “Libereco - Партнёрства за правы чалавека” арганізавала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou. У межах кампаніі палітвязням знаходзяць сімвалічных “хросных”, якія апекуюцца зняволенымі і пашыраюць інфармацыю аб іх становішчы ў няволі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства