"Крым — гэта ўзор таго, у што можа пераўтварыцца Беларусь". У Вільні адкрылася выстава пра гісторыі крымскіх татар
18 мая ў Вільні на Лукішскай плошчы адкрылася выстава "Гісторыі з акупаванага Крыма". Яна прысвечана асабістым гісторыям крымскіх татар, якія зазналі рэпрэсіі пасля 2014 года — калі паўвостраў акупавала Расія.
Дата адкрыцця выставы абрана невыпадкова. 18 траўня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду крымска-татарскага народа — тады ў 1944 годзе савецкая ўлада пачала гвалтоўную дэпартацыю крымскіх татар з паўвострава ў аддаленыя рэгіёны СССР. Усяго было дэпартавана каля 200 тысяч крымскіх татар. Многія з іх памерлі па дарозе і ў ссылцы.
Пасля 2014 года многія крымскія татары зазналі новы пераслед.
"Гэта выстава адлюстроўвае жыццё ў акупаваным Крыме, тыя рэаліі, з якімі жывуць крымска-татарскія сем’і сёння: гэта палітычна матываваныя судовыя працэсы, гэта бацькі, якія знаходзяцца за кратамі, дзеці, якія растуць без бацькаў, — распавяла Таццяна Пячончык, кіраўніца ўкраінскага Цэнтра правоў чалавека #ZMINA . — Мы ўдзячны Беларускаму Дому правоў чалавека за тое, што яны дапамагаюць распавядаць гэтыя гісторыі. І мы разумеем, што сёння для беларускага народу гэта таксама вельмі блізкая гісторыя — праз агромністую колькасць палітычных зняволеных і праз становішча, у якім знаходзіцца краіна. І вінаватай у гэтым становішчы з’яўляецца Расійская Федэрацыя, так сама як і ў выпадку з Крымам".
Арганізацыя выставы ў Вільне стала магчыма дзякуючы падтрымцы Фондаў Дамоў правоў чалавека.
"У школе, калі я чытала пра рэпрэсіі ў СССР, я ніколі да канца не верыла, што людзі могуць быць настолькі жахлівымі ў адносінах да іншых людзей, што яны могуць рабіць такія бесчалавечныя учынкі, — распавяла падчас адкрыцця выставы прадстаўніца Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Марыя Сляпцова. — І разам з тым было адчуванне, што гэта ўсё [засталося] ў гісторыі, што мы ўжо дастаткова развіліся як чалавецтва, і ніколі больш не паўторым тых памылак, якія былі зробленыя ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Але прайшло роўна 70 гадоў, і гісторыя паўтарыла сябе. У Крым ізноў прыйшла бяда, ізноў людзей катавалі, збівалі, забівалі толькі за тое, што яны хацелі быць свабоднымі і хацелі абараняць свае правы".
"У 2018 годзе беларускія і ўкраінскія праваабаронцы зладзілі маніторынгавую місію ў Крым (у тым ліку там прысутнічалі праваабаронцы і прадстаўнікі Беларускага Дома правоў чалавека). І была выпушчана справаздача з такой красамоўный назвай “Крым. Разбіваючы сцяну маўчання”. Бо ўжо тады гісторыі з паўвострава пачалі быць трохі ў цені. І я б хацела працытаваць, што сказаў адзін з прадстаўнікоў беларускіх праваабаронцаў, які быў часткай гэтай місіі: для яго быў важны ўдзел у місіі не толькі як праваабаронцы, але і як беларуса, “бо Крым — гэта ўзор таго, у што можа пераўтварыцца Беларусь у падобных падзеях: у месцы дыслакацыі вайсковых баз, у зону, дзе людзі пазбаўлены магчымасці абараняць свае правы, у зону, дзе людзям фактычна забаронена індыфікаваць сябе украінцамі”. На жаль, гэтыя словы сталі прароцтвам, бо пасля 2020 года беларусаў, якія выступілі за свабодныя выбары, за свабоду слова, за незалежнасць, зараз катуюць, іх збіваюць. У іх забралі свабоду слова. У тым ліку яны не могуць выказваць падтрымку Украіне", — дадала Марыя Сляпцова.
Поўнамаштабная вайна адбілася на сітуацыі з крымскімі палітзняволенымі, распавяла Таццяна Пячончык:
"Паводле апошніх дадзеных, 180 крымчанаў з’яўляюцца сёння палітычнымі вязнямі, з іх 116 — крымскія татары. А перад 24 лютым 2022 года палітзняволенымі былі 120 чалавека. То бок за год з лішкам поўнамаштабнай расійскай агрэсіі колькасць палітвязняў вырасла на траціну. Узмацніўся ціск на адвакатаў, некалькіх пазбавілі ліцэнзіі. Калі раней адвакаты маглі казаць і каментаваць журналістам, то цяпер асцерагаюцца. Плюс вельмі шмат адміністрацыйных штрафаў і арыштаў за антываенныя выступы, за крытыку расійскага войска, нават за выкананне ўкраінскіх песень".
Аўтарамі фотаздымкаў "Гісторый з акупаванага Крыма" з’яўляюцца трое фотарэпарцёры: Аліна Смутко, Тарас Ібрагімаў і Алена Саўчук, якія ў 2014–2019 гадах дакументавалі жыццё сем’яў палітычных вязняў у акупаваным Крыме і расказвалі пра парушэнні правоў чалавека. У выніку рэпарцёрам забаранілі ўезд у Крым на тэрміны ад 10 да 35 гадоў.
"Цяпер, як самі крымскія татары кажуць, адбываецца гібрыдная дэпартацыя, — распавяда Алена Саўчук на адкрыцці выставы. — Многіх мужчынаў, арыштаваных па надуманых тэрарыстычных ці экстрэмісцкіх справах, наўпрост вывозяць з Крыма на суды, а потым у калоніі — раскідваюць па ўсёй Расіі. Вялікая колькасць сем’яў намагалася сысці ад прымусовай мабілізацыі ў Крыме ўжо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну, і таксама з’ехалі з тэрыторыі Крыма. Тое, што цяпер адбываецца, гэта новы вітое генацыду крымскага народу".
Выстава зарганізавана Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава разам з Домам правоў чалавека "Крым" і Цэнтрам правоў чалавека #ZMINA. Адначасова Выстава адкрылася ў трох месцах: апроч Вільні, гэта чыгуначны вакзал Кіева, а таксама Еўрапейскі парламент у Бруселі. У Вільні выстава будзе трываць да 25 траўня 2023 года.