viasna on patreon

Гімн Украіны ў караоке, БЧБ-чахол, пікетаванне ў тралейбусе: за што беларусаў судзілі ў красавіку

2023 2023-05-10T20:10:20+0300 2023-05-11T11:47:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/okrestina_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі ні на дзень не спыняюцца рэпрэсіі і адвольныя затрыманні. Штодзённа па ўсёй краіне затрымліваюцца дзясяткі чалавек, большасць з якіх адпраўляюць на "суткі". У красавіку праваабаронцам "Вясны" стала вядома мінімум пра 342 выпадкі затрымання. Суддзямі было прызначана не менш за 70 адміністрацыйных арыштаў і 44 штрафы. "Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў красавіку.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org

"Суткі" за гімн Украіны ў караоке-бары

У пачатку красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста разглядзелі справу супраць мужчыны, якога абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" паводле арт. 24.23 КаАП. Паводле пратакола, мужчына ноччу з 30 на 31 сакавіка, знаходзячыся ў мясцовым караоке-бары, праспяваў гімн Украіны, "чым публічна выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы". Віны сваёй ён не прызнаў і патлумачыў, што рабіў гэта насуперак мужчыну, які прасіў не спяваць украінскія песні.

Вядома, што незадаволены мужчына — грамадзянін РФ. Паводле яго сведчанняў, берасцеец прасіў яго з'ехаць з Беларусі і спяваў без мікрафона гімн Украіны, нягледзячы на шматлікія просьбы гэтага не рабіць.

Затрымалі мужчыну толькі 7 красавіка. Яго прызналі вінаватым у "пікетаванні" і прызначылі 7 сутак арышту.

Токара з аг. Нарутовічы адправілі за краты за БЧБ-чахол

У Бярозе ў пачатку красавіка разглядзелі справу жыхара аграгарадка Нарутовічы. Токара сельскагаспадарчага прадпрыемства "Нарутовічы" абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" на працоўным месцы чахлом для тэлефона бел-чырвона-белага колеру з выявай "Пагоні".

Мужчына патлумачыў, што карыстаўся чахлом з 2020 года і да моманту затрымання, бо "ён адпавядаў ягоным поглядам". Перад затрыманнем ён схаваў чахол у кішэнь, каб яго не ўбачылі супрацоўнікі міліцыі. Таксама на судзе было адзначана, што ў тэлефоне знайшлі падпіскі ў YouTube на "экстрэмісцкія" каналы.

У выніку мужчыну арыштавалі на сем сутак, а чахол пакінулі пры матэрыялах справы.

Гродзенца аштрафавалі за "пікетаванне" ў тралейбусе

Напрыканцы красавіка ў Ленінскім судзе Гродна асудзілі мясцовага жыхара, абвінаваціўшы ў "пікетаванні" ў тралейбусе паводле арт. 24.23 КаАП. Паводле пратакола, мужчына, знаходзячыся ў тралейбусе, выкрыкваў лозунгі "Жыве Беларусь". Гэта міліцыянты расцанілі як "пікет". Вынікам стаў штраф памерам 2 960 рублёў (80 базавых велічыняў).

Дальнабойніка адправілі на суткі за пікетаванне на латвійска-беларускай мяжы

У Верхнедзвінску 12 красавіка асудзілі дальнабойніка, які нібыта пікетаваў падчас перасячэння беларускай мяжы. Згодна з пратаколам, мужчына прыбыў з Латвіі на мяжу з Беларуссю, "размясціўшы ў кабіне аўтамабіля вымпел з выявай БЧБ-сцяга з надпісам "BELARUS" і гербам "Пагоня", а таксама БЧБ-сцяг на сядзенні". За гэты ўчынак на яго склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Скарга ў міліцыю на мужчыну паступіла ад супрацоўніка мытні. Вынік — 10 сутак арышту.

Адваката Арцёма Сям'янава другі раз арыштавалі на 15 сутак

Сям'янаў быў затрыманы напрыканцы сакавіка падчас "аблавы" на адвакатаў. Арцём абараняў Валянціна Стэфановіча, Аляксандра Францкевіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса і шмат каго з іншых палітвязняў. Адваката, як і мінулы раз, абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянту). 5 красавіка над адвакатам адбыўся чарговы суд, які прызначыў чарговыя 15 сутак.

Дырэктарку "Слаўцэнтру" аштрафавалі на 20 базавых велічыняў за "дробнае хуліганства"

У судзе Маскоўскага раёну Мінска 13 красавіка суддзя Таццяна Мотыль прызначыла Ірыне Зімневай штраф — 20 базавых велічыняў (740 рублёў) паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Пасяджэнне праходзіла анлайн, Ірыне ставілі ў віну, нібыта яна "лаялася на міліцыянтаў". Справу разглядалі два дні: пасля таго, як Мотыль заслухала Ірыну і яе абаронцу, суддзя абвесціла перапынак да наступнай раніцы 13 красавіка.

У Мёрах за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў работніка мясакамбіната арыштавалі на 7 сутак

Суддзя суда Мёрскага раёна Ірына Яскевіч 4 красавіка пастанавіла арыштаваць на 7 сутак жыхара Мёраў Яўгена Бурака, які працуе абвальшчыкам мяса на мясцовым мясакамбінаце. Судзілі мужчыну за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый у інстаграме.

Згодна з пратаколам, Яўген у асабістым профілі размясціў і захоўваў з мэтай распаўсюджвання інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым пасяджэнні Бурак растлумачыў, што не аспрэчвае факта знаходжання ўказанай у пратаколе інфармацыйнай прадукцыі, аднак названую інфармацыю з мэтай распаўсюджвання не захоўваў і не размяшчаў, падпіску ажыццявіў у 2020 годзе, калі дадзеная інтэрнет-старонка не была прызнана экстрэмісцкай.

У навукоўца Ігара Бортніка падчас арышту забралі 300 рублёў у якасці кампенсацыі за данат

Супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка затрымалі 29 сакавіка. Пазней наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава тройчы асудзіла Ігара паводле адміністрацыйных пратаколаў. Першы раз яго прызналі вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП) і асудзілі да 10 сутак арышту. Але пасля заканчэння тэрміну яго перазатрымалі за "несанкцыянаванае пікетаванне" і прызначылі яшчэ 13 сутак.

Але па заканчэнні "сутак" ён зноў не выйшаў, а пазней быў арыштаваны на 15 сутак. Паведамляецца, што падчас адбыцця арышту ў яго забралі 300 рублёў у якасці кампенсацыі за данат у Фэйсбуку. Акрамя гэтага, цяпер ён праходзіць цяжкую рэабілітацыю пасля не вельмі ўдалай аперацыі па выдаленні міжпазванковай грыжы. Праз моцныя болі ў спіне ён не спаў 40 гадзінаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства