Спроба суіцыду ў калоніі і новыя затрыманні: хроніка пераследу 18-20 сакавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-20 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» не выйшаў на волю пасля 72 гадзін з моманту затрымання
Аляксандр Манцэвіч 4-ыя суткі знаходзіцца ў маладзечанскім ізалятары часовага ўтрымання.
«Што канкрэтна яму прад’яўляюць, нам пакуль невядома. Перадачу ўзялі», — напісала ў Facebook ягоная дачка.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Бабруйску 18-гадовага Арцёма Бярозкіна
Маладога чалавека прымусілі прызнацца, што ён стварыў тры каналы ў тэлеграме, дзе нібыта размяшчаў «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама фотаздымкі ўкраінскіх вайскоўцаў з батальёна Азоў.
Таксама яму ставяць у віну створаны ў TikTok акаўнт, прысвечаны барацьбе Украіны супраць расейскай агрэсіі. Сярод іншага, сілавікі падазраюць, што малады чалавек хацеў уступіць у шэрагі ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны, піша @MAYDAYMog.
Палітзняволены Ігар Лосік здзейсніў спробу суіцыду ў калоніі
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю з некалькіх крыніц пра тое, што Ігар Лосік у ШІЗА наваполацкай калоніі доўгі час трымаў галадоўку, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Ігара выратавалі і адправілі ў медсанчастку.
Нагадаем, Ігару прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму па «справе Ціханоўскага». Пазней два гады пазбаўлення волі прызначылі яго жонцы — Дар‘і Лосік. Чатырохгадовая дачка Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.
Падтрымаць Ігара: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Ігару Аляксандравічу Лосіку
Падтрымаць Дар'ю: СІЗА-6. 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В, Дар'і Аляксандраўне Лосік
Затрыманага ў Маскве беларускага чыноўніка зрабілі падазраваным у "тэрарызме"
Пра гэта паведамляе @euroradio.
Дзмітрый Шадко, які працаваў у Еўразійскай эканамічнай камісіі і быў памочнікам яе старшыні Міхаіла Мясніковіча, затрымалі 10 сакавіка.
Яго вывезлі ў Менск і змясцілі ў СІЗА КДБ. Шадко закідаюць тое, што ён быў знаёмы з магчымымі арганізатарамі дыверсіі ў Мачулішчах.
Беларускага добраахвотніка з палка Каліноўскага плануюць судзіць завочна
МУС паведамляе, што распачаты працэс «спецвытворчасці» ў дачыненні да 46-гадовага Паўла Шурмея — добраахвотніка з палка Каліноўскага.
Яму інкрымінаваны арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).
У Баранавічах палітычных «хатніх хімікаў» сёння выклікалі на размову
Паведамляецца, што людзей фатаграфавалі з розных ракурсаў, а таксама прымусілі падпісаць паперу з афіцыйным папярэджаннем таго, што цяпер з-за «каментары будзе пагражаць да 5 гадоў пазбаўлення волі».
Гомельскі актывіст Ілля Міронаў зноў арыштаваны на 15 сутак
Яго абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таксама ў Іллі канфіскавалі смартфон, які быў набыты ўсяго некалькі дзён таму пасля адабрання папярэдняга мабільнага тэлефона.
Нагадаем, на мінулым тыдні Ілля толькі выйшаў на волю пасля чарговага арышту.
Рэдакцыі @shtodzien вядома, што дадатковымі 15 суткамі пакараны і гомельскі юрыст Алег Шамкін.
Mspring.online залічылі ў "экстрэмісцкія матэрыялы"
Суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" сайты магілёўскіх праваабаронцаў. Рашэнне прымаў суддзя Андрэй Канючка.
Сёння ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў чарговае абнаўленне. З нядаўніх рашэнняў судоў Брэсцкай вобласці туды дадалі:
Інтэрнэт-рэсурсы, якія маюць ідэнтыфікатары mspring.online і mspring.media
Telegram-чат з назвай "Публічныя заклікі", які мае ідэнтыфікатар [спасылка]
Інфармацыя дапаўняецца.