Валерыя Чарнаморцава: “Заехала на Валадарку ў "Ноч расстраляных паэтаў”
Арганізатарку вандровак і даследчыцу беларускіх вязняў ГУЛАГу Валерыю Чарнаморцаву затрымалі 18 кастрычніка 2022 года ў Мінску пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку быў арышт на 10 сутак, пасля – Валадарка і крымінальная справа па “народным” 342 артыкуле. Праз тры месяцы суд Савецкага раёна Мінска прызначыў Валерыі два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Зараз былая палітзняволеная Валерыя ў бяспецы і пагадзілася распавесці “Вясне” аб уражаннях, якія засталіся ў яе пасля затрымання і побыту ў Валадарскай камеры 8-3.
Пра Васю-канавала і навагодні шмон
– Мяне затрымалі напачатку, як я зразумела, па “справе экскурсаводаў”. Тады было некалі затрыманняў беларускамоўных экскурсаводаў, сярод якіх – Галіна Патаева, Ігар Хмара ды іншыя. У той час мяне ў Беларусі не было, але калі вярнулася – патрапіла пад раздачу і я.
Затрыманне і ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ, яны паводзілі сябе больш-менш прыстойна: не было электрашокераў і кайданкоў.
Пра Акрэсціна ўжо гаворана шмат, таму падзялюся сваімі ўражаннямі ад следчага ізалятара.
На Валадарцы, куды я патрапіла якраз у "Ноч расстраляных паэтаў" мяне адразу ўразіла, што пры паступленні супрацоўнікі СІЗА самі казалі, што вось гэты і гэты праходзіць па “народным артыкуле”.
Камера, у якой я правяла тры месяцы да суда, была разлічаная на восем чалавек, знаходзіцца яна ў будынку старой стайні. Яна амаль увесь час была поўная. Большасць “сядзела” па палітычных артыкулах. Тыя жанчыны, якіх пераводзілі сюды з Жодзіна ці Гомеля казалі, што тут трохі лягчэй, чым у іншых месцах. Адзінае бяда – спрадвечная нястача свежага паветра з-за слабага праветрывання, высокая вільготнасць, ды яшчэ тытунёвы дым.
Ну і вядома, тут многія хварэлі. І я ў тым ліку, бо маю свой букет хваробаў: і тахікардыя, і дыябет… Але ў добрай кампаніі хвароба пераносіцца лягчэй. Трохі далі ўзяць з сабой пігулак.. Ды яшчэ добрая лекарка, таксама па “народным”, у камеры з намі нейкі час была, то дапамагала. Дарэчы, ейны муж таксама сядзеў у іншым блоку. У камеры ў нас быў танометр і гэта многім дапамагала, бо сярод нас былі жанчыны, якім за шэсцьдзесят і меліся праблемы з ціскам.
А вось на тутэйшага лекара – тэрапеўта “Васю-канавала”, спадзяванняў было мала, падавалася, што ён ненавідзіць людзей. Але не ўсе тут такія. Запомніўся фельчар, які мог пажартаваць і уважліва выслухаць.
Валерыя Чарнаморцава адзначае, што на Валадарцы шмат хто сядзіць пад следствам цэлымі сем’ямі, пераважна муж і жонка. Звычайна гэта 342 артыкул. Хаця, былі жанчыны і па “эканамічных” артыкулах, але калі разабраліся – то і там быў бачны палітычны падтэкст.
Валерыя ўзгадвае, што больш за ўсё сядзельцаў нервавалі перыядычныя праверкі.
– Памятаю найбольш брутальны – навагодні шмон, у ноч на 30 снежня. Мы ведалі пра яго, рыхтаваліся, але не чакалі такога маштабу. З камеры вынеслі ўсё, раскаталі на калідоры матрасы, перакапалі ўсе кешары, ну і асабісты дагляд. Пасля такой праверкі яшчэ доўгі час не змаглі разабрацца: дзе што знаходзіцца. Увогуле гэтыя праверкі ладзіліся перад усімі святамі. Аднойчы пазрывалі калядныя зорачкі, выцінанкі, што дасылалі з волі, парвалі іх.
Яшчэ адна непрыемнасць – ехаць на суд. Мала таго, што падымацца трэба рана, то і ў адстойніку трымаюць па некалькі гадзін у кайданках. Ад гэтага пачалі з’яўляцца панічныя атакі.
Марфа “адпускала” ад сябе рэчы, на якія паўплываць не магла
Валерыя Чарнаморцава распавяла таксама пра свае сустрэчы з іншымі зняволенымі і ў першую чаргу пра Марфу Рабкову, з якой ёй давялося правесці ў камеры тры месяцы.
– Марыя – гэта проста крэмень. Увесь час вельмі сабраная, усё рабіла па сваім унутраным раскладзе. Кожную раніцу прачыналася крыху раней асноўнага пад’ёму, за 5-10 хвілін і прыводзіла сябе ў парадак, рабіла для нас кіпень. Калі нешта не залежала ад яе і паўплываць на сітуацыю было немагчыма – яна “адпускала” гэтае ўсё. Яшчэ яна, калі трэба, прасіла сукамерніц, каб не выказваліся нецэнзурна.
А яшчэ хачу адзначыць, што Марыя вельмі любіла свежае паветра і неба, вельмі перажывала, калі ішоў дождж і прагулка адмянялася. Бо калі хто з камеры адмаўляўся ад прагулкі, то на яе нікога не выводзілі.
Валерыя ўзгадвае, што толькі двойчы Марфа выходзіла з унутранай раўнавагі – калі даведалася пра затрыманне мужа Вадзіма Жаромскага і калі атрымала вестку, што затрымалі праваабаронцу Насту Лойку. Дарэчы, як затрымалі Вадзіма – Машы перадалі адразу некалькі лістоў ад розных людзей, а звычайна толькі ад сястры перадавалі.
– Марыя старалася тым, хто патрапляў у камеру ўпершыню, неяк дапамагчы, праявіць клопат, нешта параіць, падзяліцца сваім. Памятаю першае, што яна зрабіла ўбачыўшы мяне – прапанавала беларускія часопісы. Можа вось гэтае нераўнадушнае стаўленне да чужых клопатаў і дапамагае ёй там?
Валерыя распавяла аб тым, што яны з Марыяй розныя заявы ды рапарты аб дзяжурстве рабілі па-беларуску, і адміністрацыі даводзілася з гэтым мірыцца, бо такой колькасці беларускамоўных зняволеных раней Валадарка не ведала.
– Трывогу ва ўсіх нас выклікаў стан здароўя Рабковай. Адзін час сітуацыя палепшылася і ёй зрабілі УЗІ, аднак на старым недасканалым апараце. А ёй тэрмінова патрэбна сур’ёзнае даследванне. Мы ўсе бачылі, у якім яна стане.
Яшчэ Чарнаморцава марыла сустрэцца з праваабаронцам і нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім. І аднойчы ёй гэта ўдалося.
– Камера Алеся знаходзілася каля самага душа, блізка каля жаночага крыла следчага ізалятара. Аднойчы на калідоры пабачыла, як калонай па адным вялі некуды сямёра зняволеных жанчын. А першым вялі Бяляцкага.
Зараз Валерыя Чарнаморцава адаптуецца на новым месцы. Кажа, што часу на раскачку ў яе няма, трэба хутчэй брацца за справу.
Валерыю Чарнаморцаву асудзілі на два з паловай гады "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэстах 2020 года