viasna on patreon

"І цяпер я бел-чырвона-белы тэрарыст". Адказваем на пытанні пра "спіс тэрарыстаў"

2023 2023-02-07T16:37:54+0300 2023-02-07T16:59:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kdb_mediazona.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, цяпер вядомы як "спіс тэрарыстаў", з'явіўся яшчэ ў 2011 годзе. Першапачаткова ён выкарыстоўваўся дзеля выканання міжнародных абавязальніцтваў па барацьбе з тэрарызмам, і ў яго заносілі імёны тэрарыстаў, якіх шукалі на міжнародным узроўні. Да прававога дэфолту ў Беларусі там знаходзіліся толькі замежныя грамадзяне, але ўвосень 2020 года "спіс тэрарыстаў" улады пачалі выкарыстоўваць як рэпрэсіўны інструмент супраць іншадумцаў. Цяпер у ім лік беларусаў і беларусак, якія пераследваюцца паводле палітычных матываў, ідзе на трэцюю сотню. "Вясна" тлумачыць, каго ўключаюць у "спіс тэрарыстаў", якія абмежаванні цягне статус "тэрарыста", і адказвае на іншыя актуальныя пытанні на гэтую тэму.

Ілюстрацыя: Марыя Талстова / Медыязона
Ілюстрацыя: Марыя Талстова / Медыязона

Дзе знайсці "спіс тэрарыстаў"?

Рашэнне аб уключэнні ў "спіс тэрарыстаў" прымае Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі. Ведамства і вядзе яго. Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, публікуецца на на сайце Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Майце на ўвазе, што з-за мяжы гэты сайт не адкрываецца.

Праваабаронцы "Вясны" сочаць за абнаўленнямі Спісу і інфармуюць пра змены ў ім праз свае сацсеткі і сайт.

Каго ўжо ўключылі ў "спіс тэрарыстаў"?

Першымі, каго ўключылі ў "спіс тэрарыстаў" паводле палітычных матываў, з'яўляюцца заснавальнік NEXTA Сцяпан Пуціла і галоўны рэдактар Раман Пратасевіч. Гэта адбылося ў лістападзе 2020 года, калі сілавікі амаль здушылі масавыя вулічныя пратэсты.

Увесну 2021 года КДБ уключыў паводле абвінавачвання ў "акце тэрарызму" 16 асобаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Сярод іх, напрыклад, дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, палітык Павел Латушка, блогер Антон Матолька, прадстаўнікі BYPOL Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў.

Яшчэ да суда КДБ уключыў у Спіс фігурантаў такіх гучных спраў: "анарха-партызан", "справы Аўтуховіча","АГСБ", "Буслы ляцяць", "рэйкавых партызан", ЧКБ, "спробу падпалу дома дэпутата Гайдукевіча".

У "спіс тэрарыстаў" уключылі такіх вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву, адваката Максіма Знака, галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і былую гендырэктарку Людмілу Чэкіну, студэнтку Дануту Перадню, актывіста Паўла Вінаградава, блогераў Сяргея Ціханоўскага і Ігора Лосіка, доктара Андрэя Любецкага, экс-пракурора Яўгена Бабака, журналістаў Анджэя Пачобута, Алену Талкачову і Вольгу Лойку (пасля таго як ім змянілі меры стрымання на нязлучаныя з пазбаўленнем волі), юрыста з ЗША Юрыя Зянковіча.

Былі выпадкі, калі КДБ уключаў у спіс палітвязняў, якія ўжо адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю. Напрыклад, гэта настаўніца музыкі з Ліды Аксана Каспяровіч і жыхар Навагрудка Дзяніс Кірэшчанка

На якіх падставах уключаюць у "спіс тэрарыстаў"?

Падставы для ўключэння ў Пералік прадугледжвае Пастанова Савета Міністраў ад 30 снежня 2014 № 1256 "Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку вызначэння пераліку арганізацый і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, абскарджанні рашэння аб уключэнні арганізацыі, фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, у такі пералік і разгляду іншых зваротаў гэтых арганізацыі, фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, давядзення гэтага пераліку да ведама асобаў, якія здзяйсняюць фінансавыя аперацыі, і органа фінансавага маніторынгу".

Паводле п. 5 Пастановы, у "спіс тэрарыстаў" уключаюць абвінавачаных і асуджаных грамадзян Беларусі, асоб без грамадзянства і грамадзян замежных дзяржаў паводле 25 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Вось артыкулы з гэтага спісу, якія ўлады Беларусі выкарыстоўваюць у барацьбе з іншадумцамі:

Артыкул 130. Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы
Артыкул 289. Акт тэрарызму
Артыкул 290. Пагроза здзяйсненнем акту тэрарызму
Артыкул 290-1. Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці
Артыкул 290-2. Садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці
Артыкул 290-4. Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй
Артыкул 290-5. Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі
Артыкул 292. Захоп будынкаў і збудаванняў
Артыкул 293. Масавыя беспарадкі
Артыкул 309. Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку ці шляхоў зносін (частка 4)
Артыкул 359. Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча
Артыкул 361. Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў

А ці не парушае прэзумпцыю невінаватасці ўключэнне ў "спіс тэрарыстаў" да суда?

Так, гэта парушэнне аднаго з асноўных прынцыпаў крымінальнага працэсу. У адпаведнасці з артыкулам 26 Канстытуцыі, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказаная і вызначаная прысудам суда, які набыў законную моц.

Датычнасць чалавека да тэрарыстычнай дзейнасці, а гэта значыць да здзяйснення ім шэрагу злачынстваў паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, можа быць вызначаная толькі прысудам суда. КДБ у "спіс тэрарыстаў" часта ўключае абвінавачаных, у дачыненні да якіх нават яшчэ не пачаўся судовы разгляд. Таму ўключэнне ў "спіс тэрарыстаў" да суда парушае прэзумпцыю невінаватасці гэтых асобаў, бо іх віна паводле гэтых артыкулаў Крымінальнага кодэкса не вызначаная прысудам суда.

Ці наогул неяк рэгламентавана, каго ўключаюць да суда, а каго — паводле прысуду?

Не. Як паказвае практыка, Пастанова ўжываецца выбарча, і далёка не ўсе з тых, хто можа быць занесены ў "спіс тэрарыстаў", туды трапляюць. Гэта адбываецца хаатычна на розных этапах.

Якія ёсць абмежаванні для тых, каго ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў"?

Гэта фінансавыя абмежаванні. Забарона на распараджэнне і карыстанне грашовымі сродкамі, а таксама на правядзенне фінансавых аперацый, напрыклад, адмова ў правядзенні дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, рэгістрацыі здзелкі з каштоўнымі паперамі, засведчанні здзелкі, ажыццяўленне натарыяльнага дзеяння, якое адносіцца да фінансавай аперацыі.

*Пад фінансавай аперацыяй маецца на ўвазе здзелка са сродкамі незалежна ад формы і спосабу яе ажыццяўлення.

А якія менавіта абмежаванні цягне ўключэнне ў "спіс тэрарыстаў" для тых, хто на волі, і тых, хто ў зняволенні?

Зняволенаму, якога уключылі ў "спіс тэрарыстаў", забаронены грашовы перавод у следчы ізалятар і калонію. На пошце яго проста не прымуць — у базе ёсць адпаведная пазнака.

Адзначым, што неяк дадаткова на прафілактычныя ўлікі зняволеных у ізалятарах і калоніях не ўплывае ўключэнне іх у "спіс тэрарыстаў". На прафілактычны ўлік як "схільных да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці" ставяць практычна ўсіх фігурантаў палітычна матываваных спраў незалежна ад "спісу экстрэмістаў" і "спісу тэрарыстаў".

Асобы, якія знаходзяцца на волі і ўключаныя ў гэты "спіс тэрарыстаў", маюць фінансавыя абмежаванні: напрыклад, ім нельга прадаць кватэру.

Ці ёсць наступствы для тых, хто адпраўляе пасылкі і лісты палітвязням, якія ўключаныя ў "спіс тэрарыстаў"?

Наступстваў няма. На гэты момант праваабаронцы "Вясны" не зафіксавалі ніводнага факту пераследу такіх асобаў.

Год таму праваабаронца Наста Лойка хацела перавесці 50 рублёў знаёмаму, які знаходзіцца пад вартай у СІЗА і ўключаны ў "спіс тэрарыстаў". На пошце яе перавод не прынялі, а пашпарт дзяўчыны трапіў пад адмысловы кантроль праз "спробу фінансавання тэрарызму(арт. 290-1 КК). Аднак ніякіх прававых наступстваў гэта не пацягнула.

Маці гэтага ж хлопца спрабавала перавесці яму грошы з моманту яго затрымання ў канцы 2020 года, але ў яе ні разу не атрымалася гэтага зрабіць. Ужо пасля гісторыі праваабаронцы жанчына ўзгадала, што ёй таксама штосьці казалі пра фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці.

Ці могуць асобу выключыць са "спісу тэрарыстаў"?

Так, можа КДБ. Пералік падстаў даволі шырокі. Паводле п. 6 Пастановы падставамі для выключэння фізічнай асобы з пераліку з'яўляюцца:

  • адмена прысуду суда Рэспублікі Беларусь, які набыў законную моц, і спыненне вытворчасці па крымінальнай справе;
  • спыненне крымінальнага пераследу фізічнай асобы;
  • унясенне зменаў ў змест (адмена) прызнаваных у Рэспубліцы Беларусь прысудаў ці рашэнняў судоў;
  • наяўнасць дакументальна пацверджаных звестак пра смерць фізічнай асобы;
  • наяўнасць дакументальна пацверджаных звестак пра пагашэнне ці здыманне судзімасці з фізічнай асобы;
  • выяўленне Камітэтам дзяржаўнай бяспекі пасля звароту фізічнай асобы адсутнасці падстаў для ўключэння іх у пералік.

А ці было такое на практыцы?

Так, такія выпадкі былі. У лютым 2021 года КДБ унёс у "спіс тэрарыстаў" 12 чалавек з "групы Аўтуховіча", у тым ліку актывіста з Баранавічаў Уладзіміра Гундара, які мае інваліднасць другой групы, і Антона Мельхера.

Іх затрымалі ў снежні 2020 года паводле "справы Аўтуховіча" — нібы за падрыхтоўку тэракту. Спачатку іх абвінавачвалі, як і іншых фігурантаў справы, згодна з артыкулам 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму), але пазней гэты артыкул быў зняты. З прычыны таго, што крымінальны пераслед паводле артыкула, які з'яўляўся падставай для ўключэння Уладзіміра і Антона ў Спіс, быў спынены, КДБ выключыў іх з Пераліку. Ім ізноў былі дазволены грашовыя пераводы. Гундара абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Антона — паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса па "справе карагодаў". Пераслед паводле гэтых артыкулаў не з'яўляецца падставай для ўключэння актывіста ў Спіс тэрарыстаў.

17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд агучыў прысуд фігурантам справы. Суддзя Максім Філатаў прызначыў Гундару 18 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў). Антона Мельхера асудзілі да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго вызвалілі ў зале суда, бо залічылі тэрмін утрымання пад вартай.

А што думаюць праваабаронцы пра "спіс тэрарыстаў"?

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначае, што такім чынам улады маніпулююць міжнароднымі стандартамі ў галіне барацьбы з тэрарызмам у сваіх рэпрэсіўных мэтах:

"Гэта адвольны пераслед нашых грамадзян за цалкам ці галоўным чынам мірную і легітымную рэалізацыю правоў чалавека і асноўных свабод і іх абарону. Беларускія ўлады цынічна эксплуатуюць высілкі сусветнай супольнасці па барацьбе з тэрарызмам, падганяючы пад гэтае вызначэнне тыя выпадкі, якія такімі не з'яўляюцца. У выніку ў нацыянальны спіс, сфармаваны першапачаткова на аснове міжнародных дакументаў, які змяшчае імёны міжнародных тэрарыстаў узроўню ІГІЛ, "Аль-Каіды" і іншых злучаных з імі суб'ектаў, трапілі асобы, якія не маюць нічога агульнага з тэрарызмам".

Ці можна абскардзіць уключэнне ў "спіс тэрарыстаў"?

Так, можна. У выпадку нязгоды з прынятым Камітэтам дзяржаўнай бяспекі рашэннем аб уключэнні ў Пералік, фізічныя асобы могуць абскардзіць такое рашэнне ў суд. У гэтым могуць дапамагчы юрысты "Вясны" — напішыце на пошту zvarot@spring96.org або ў Telegram @zvarot96.

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" – viasna@spring96.org або ў Telegram @Spring96info

"Мама, я экстрэміст". Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"

"Вясна" тлумачыць, якія абмежаванні надае статус "экстрэміста" і адказвае на іншыя актуальныя пытанні па гэтай тэме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства